Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Многім холадна жыць на зямлі, пані. Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку. Але мне здаецца, што не паўсюль так сіратліва, як тут. Там, за лясамі, ёсць цёплыя лугі, кветкі, буслы на дрэвах. Там таксама галеча і забітасць, але там людзі неяк шукаюць паратунку ад гэтага. Людзі прыкрашаюць хаты, жанчыны смяюцца, дзеці бегаюць. А тут усяго гэтага мала.– Я здагадвалася, – сказала яна. – Гэты свет вабіць, але я не патрэбная нідзе, акрамя Балотных Ялін. Ды і што я там буду рабіць, калі там патрэбны грошы? Скажыце, а такія рэчы, як каханне, як сяброўства, там бываюць хоць часам? Ці гэта толькі ў кнігах, якія ёсць у бібліятэцы бацькі?Я зноў ні на хвіліну не падумаў, што гэта двухсэнсоўны жарт, хоць маё становішча было досыць няёмкім: сядзець у начным пакоі і размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне, ды яшчэ па яе ініцыятыве.– Там яно часам бывае.– Вось і я кажу. Не можа быць, каб людзі хлусілі. Але тут нічога гэтага няма. Тут багна і змрок. Тут ваўкі... ваўкі з палаючымі вачыма. У такія ночы мне здаецца, што нідзе, нідзе на зямлі няма сонца.Мне стала страшна, калі я пабачыў сухі чорны бляск яе вачэй, і, каб перавесці тэму размовы на штосьці іншае, сказаў:– Няўжо вашы бацька і маці не кахалі адзін аднаго?Яна загадкава ўсміхнулася:– У нас не кахаюць. Гэты дом цягне з людзей жыццё. І потым, хто вам сказаў, што ў мяне была маці. Я яе не памятаю, яе не памятае ніхто ў доме. Часам мне здаецца, што я з’явілася на свет сама.Нягледзячы на глыбокую наіўнасць гэтых слоў, я зразумеў, што гэта не вядомая сцэна з “Дэкамерона” і тут нельга смяяцца, бо гэта жудасна. Перада мною сядзела васемнаццацігадовавя дзяўчына і размаўляла са мною пра тое, што даўно павінна была хаваць у сэрцы і што, аднак, мела для яе не большую рэальнасць, ніж для мяне анёлы на небясі.– Вы памыляецеся, пані, – буркнуў я, – каханне ўсё ж даецца нам, хоць зрэдку, на зямлі.– Ваўкі не могуць кахаць. І як можна кахаць, калі наперадзе смерць. Вось яна, за акном.Худзенькая празрыстая ручка паказала на чорныя плямы акон. І зноў забулькацеў галасок:– Вашы хлуслівыя кнігі пішуць, што гэта найвялікшая таямніца, шчасце і святло, што чалавек, калі яно прыходзіць, а другі не кахае, забівае сябе.– Так, – адказаў я. – Іначай не было б ні жанчын, ні мужчын.– Хлусіце. Людзі забіваюць не сябе, а іншых, яны выпусцілі на зямлю тысячы прывідаў, зданяў. Я не веру, я ніколі не адчувала гэтага, значыць, яго няма. Я ні да каго не хачу дакранацца – я хачу схавацца ад кожнага. Я нікога не хачу, як дзіўна пішуць вашы кнігі, “цалаваць” – людзі кусаюцца.Нават зараз такая размова пужае некаторых мужчын – што ж казаць пра тыя часы. Я не належаў да нахабных мужчын, але мне не было сорамна: яна размаўляла пра каханне так, як іншыя жанчыны пра надвор’е. Яна не ведала, нічога не ведала пра гэта, яна была неразбуджаная, зусім халодная, халодная як лёд. Яна нават не магла разумець, сорамна гэта ці не. І вочы яе адкрыта глядзелі ў мае, не прыгашаныя павекамі. Гэта не магло быць какецтвам. Гэта быў дзіцёнак, нават не дзіцёнак, а жывы труп.І яна глыбей захуталася ў шаль і сказала:– На зямлі пануе смерць. Гэта я ведаю. Я не люблю, калі хлусяць пра тое, чаго ніколі не было на зямлі.Мы пасядзелі яшчэ. Вецер лямантаваў знадворку. Яна знізала плячыма і ціха сказала: