Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Надзея Яноўская чакала мяне ў тым самым пакоі, і зноў былі той самы дзіўны выраз на яе перакрыўленым твары і тая самая няўважлівасць да вопраткі. Толькі на стале, дзе стаяў позні абед, былі змены.Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда. Але здзівіла мяне не гэта, тым больш што ўсе гэтыя рэчы былі разрозненыя, цёмныя ад старасці, там-сям трошкі змятыя. Здзівіла мяне тое, што гэтыя рэчы былі даўняй мясцовай работы.Вы, вядома, ведаеце, што стагоддзі два-тры таму срэбная і залатая пасуда на Беларусі была пераважна нямецкай работы, вывезеная з прусаў. Гэтыя прадметы, багата аздобленыя рознымі выкрутасамі, рэльефнымі фігуркамі святых і анёлаў, былі саладжавыя і прыгожанькія, да таго, што хацелася ванітаваць, але што зробіш, гэта была мода.А гэта было сваё: нязграбныя, трошкі прысадзістыя фігуркі на вазе, характэрны арнамент. І нават у жанчыны на салонцы было простае шыракаватае тутэйшае аблічча.І сярод гэтага стаялі два келіхі з вясёлкавага старажытнага шкла, якога зараз на вагу золата не знойдзеш (адзін келіх, перад ёю, быў трошкі надбіты зверху).Як на грэх, адзіны за ўвесь дзень апошні прамень сонца прабіўся ў акно і зайграў у шкле, запаліў у ім дзесяткі рознакаляровых агеньчыкаў.Гаспадыня, напэўна, заўважыла мой позірк і сказала:– Гэта ўсё апошняе з тых трох прыбораў, якія засталіся ад продка, Рамана Жысь-Яноўскага. Але ходзіць недарэчнае паданне, быццам гэта падарунак яму... ад караля Стаха.Праўда, сёння яна неяк пажвавела, здавалася нават не такой непрыгожай, відаць, ёй падабалася новая роля.Мы выпілі віна і паелі, амаль увесь час размаўляючы. Віно было чырвонае, як гранат, і надзвычай добрае. Я зусім развесяліўся, смяшыў гаспадыню, і нават у яе з’явіліся на шчоках дзве не вельмі здаровыя ружовыя плямы.– А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак “жысь”?– Даўняя гісторыя, – зноў змрочна сказала яна. – Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: “Жысь!” – гэта па-нашаму, мясцоваму, значыць “сцеражыся!”, і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў. Тады Раман, з рызыкай забіць караля, стрэлам трапіў зубру ў вока, і той паваліўся амаль побач з каралём. Пасля гэтага ў наш герб далі пішчаль, а да прозвішча прыдомак “жысь”.– Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, – сцвердзіў я. – Прабачце, я прафан у геральдыцы. Яноўскія, мне здаецца, вядуцца на нашай зямлі з дванаццатага стагоддзя?– З трынаццатага, – сказала яна. – І лепей бы яны не вяліся. Гэтыя законы роду чыстае глупства, але супраць іх не пойдзеш. Гэтыя каміны, гэта правіла абавязкова жыць у гэтым доме камусьці з нашчадкаў, забарона прадаваць яго. А, між іншым, мы жабракі. І дом гэты – жахлівы дом. І на нас як праклён які ляжыць. Двойчы пазбаўлялі герба, труцілі. Амаль ніхто з продкаў не памёр сваёй смерцю. Вось гэтага ў чырвоным плашчы жыўцом адпелі ў царкве, вось гэтая жанчына з непрыемным тварам, наша дальняя сваячка, Дастаеўская (між іншым, адзін з продкаў славутага пісьменніка), забіла мужа і ледзь не знішчыла пасерба, яе засудзілі да страты. Што зробіш, нашчадкам за ўсё гэта трэба плаціць, і на мне род Яноўскіх згіне. А як мне хочацца часам на цёплае сонца, пад шаты сапраўдных дрэў, якія тут не растуць. Мне часам сняцца яны – маладыя, вялізныя, пышныя, як зялёнае воблака. І воды, такія светлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасця сэрца. А тут гэтыя агідныя яліны, дрыгва, змрок...