Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

І раптам... усё гэта знікла. Перада мною зноў сядзеў той самы заморак. Толькі я ўжо ведаў, якая яна на самай справе.– І ўсё ж мне вельмі, вельмі не хочацца паміраць. Я так хачу сонца, іншых, не бачаных мною лугоў, дзіцячага смеху. Я вельмі жадаю жыць, хоць і не маю на гэта права. Толькі гэта і дало мне магчымасць вытрымаць гэтыя два гады, хоць выйсця няма. Тут начныя крокі. Малы Чалавек, Блакітная Жанчына. Я ведаю, я памру. І ўсё гэта дзікае паляванне караля Стаха. Каб не яно – мы, магчыма, яшчэ жылі б. Яно заб’е нас.І яна змоўкла, змоўкла на цэлую гадзіну, пакуль не прыйшоў час ісці па пакоях.І калі да гэтага вечара я быў абыякавы да гэтай заморанай шляхцяначкі, дык пасля яе палкіх слоў зразумеў, што нейкім дзівам з яе атрымаўся сапраўдны чалавек. Гэтаму чалавеку трэба было абавязкова дапамагчы.І, лежачы ў цемры з адкрытымі вачыма, я амаль да ранку думаў, што калі ўчора я вырашыў ехаць праз два дні з брыдкага месца і далей ад радавітай гаспадыні, дык зараз я застануся тут на тыдзень, два, тры, на месяц, каб разгадаць усе гэтыя таямніцы і вярнуць сапраўднаму чалавеку заслужаны ім спакой.

Раздзел трэціПершае, што я зрабіў наступнага дня, гэта ададраў дошкі ад дзвярэй таго адзінага закалочанага пакоя, у якім толькі і мог знікнуць Малы Чалавек, калі ён быў істотай з плоці і крыві. Цвікі заржавелі, філёнгі на дзвярах былі цэлымі, у пакоі ляжаў пласт пылу на тры пальцы. Там ніхто не мог схавацца, і я зноў закалаціў дзверы. Пасля я абследаваў усе пакоі ў другім крыле і пераканаўся, што схавацца там няма дзе. Над калідорам, дзе я чуў крокі, была гара, на якой таксама не было слядоў. Справа былі дзверы ў мой пакой і пакой гаспадыні, глухі мур і за ім парк.Ад усяго гэтага ў мяне пачало круціцца ў галаве. Няўжо сапраўды існуе на свеце нешта зверхразумовае? З гэтым я, загартаваны “афеіст”, ніяк не мог згадзіцца.Мне прыйшла ў галаву думка, што трэба пайсці ў бібліятэку і даведацца нарэшце, што гэта за дзікае паляванне, пра якое мне было нязручна распытваць гаспадыню. Дарэчы, я спадзяваўся адшукаць там які-небудзь стары план дома, каб пасля распачаць метадычныя пошукі. Я ведаў, што ў нашых старых палацах бывалі часам так званыя “слухаўкі”, гэта значыць таемныя прабоі ў мурах. У іх звычайна былі замураваны “галаснікі”, – асобай формы гарлачы, што ўзмацнялі гукі, – і гаспадар мог, знаходзячыся ў другім канцы палаца, добра чуць, што гавораць госці або слугі ў гэтым канцы.Магчыма, і тут было нешта падобнае. Якая-небудзь ахмістрыня хадзіла ўначы на першым паверсе, а крокі яе былі чутны тут. Гэта была слабая надзея, але чаго не здараецца...І я накіраваўся ў бібліятэку, якая размяшчалася ў бельэтажы, між першым і другім паверхамі, у асобным крыле.Рэдка мне здаралася бачыць такія запушчаныя пакоі. Паркет выбіты, вялізныя вокны ў пыле, люстры на столі ў пыльных чахлах. Відаць, гэта была самая старажытная частка дома, “замчышча”, вакол якога пасля ўзнік сам палац. Гэта прыйшло ў маю галаву, калі я пабачыў перад самай бібліятэкаю дзіўны пакой. І тут быў камін, але такі вялізны, што зубра можна было засмажыць, і нават гнёзды ад пожагаў яшчэ засталіся на яго сценах. Вокны маленькія, з каляровых шкельцаў, сцены груба атынкаваныя; на столі перакрыжоўваюцца цяжкія квадратныя бэлькі, укрытыя закуранай разьбою. А на сценах старая грубая зброя.Словам, гэта быў пакой тых “добрых старых часоў”, калі паны разам з хлопамі збіраліся ў адну залу і сядзелі зімовымі вечарамі пры вогнішчы. Пані і чалядніцы пралі, пан гуляў з хлопцамі ў “дваццаць пальцаў” або ў косці. Ах, ідылічныя старыя часы! І куды, нашто вы толькі зніклі? Праўда, пасля між адным і другім магло здарыцца такое, што – толькі паслухаеш – кроў ледзянее і жыць не хочацца, але ж гэта глупства, на гэта зважаюць толькі сентыментальныя хлюпікі.