Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Я тады шукаў свой народ і пачынаў разумець, як многія ў той час, што ён тут, побач, толькі за два стагоддзі з нашай інтэлігенцыі добра выбілі гэта разуменне. Таму і працу сабе я выбраў незвычайную – зведанне гэтага народа.Я кончыў пасля гімназіі універсітэт і стаў вучоным-фалькларыстам. Справа гэтая ў той час толькі пачыналася і лічылася сярод уладу маючых небяспечнай для існуючага парадку.Але паўсюль – і толькі гэта рабіла лягчэйшай справу маю – я сустракаў увагу і дапамогу. І ў асобе малаадукаванага валаснога пісара, які пасля дасылаў запісы казак мне і Раманаву, і ў асобе дрыжачага за хлеб вясковага настаўніка, і (мой народ жыў!) нават у асобе аднаго губернатара, надзвычай добрага чалавека, сапраўднай белай вароны; ён даў мне рэкамендацыйны ліст, у якім загадваў пад пагрозай суровых захадаў чыніць мне ўсялякую дапамогу.Дзякуй вам, простыя беларускія людзі!Нават зараз яшчэ я малюся на вас. Што ж казаць пра тыя гады...Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта?Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі?А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?Або нават і не яны, а проста хвойная ігліца ў чайніку, дымныя чорныя хаты, дзе жанчыны ў андараках прадуць і пяюць бясконцую песню, падобную на стогн.Гэта было маё. За два гады я абышоў і праехаў Менскую, Магілеўскую, Віцебскую, частку Віленскай губерні. І паўсюду я бачыў гора народнае, бачыў брудных дзяцей, бачыў сляпых жабракоў, бачыў гора народа майго, даражэй за які – я зараз ведаю гэта – у мяне не было нічога на свеце.Тады тут быў этнаграфічны рай, хоць казка, а асабліва легенда, як найбольш нетрывалыя прадукты народнай фантазіі, пачалі забірацца ўсё далей і далей, у мядзведжую глуш.Я пабываў і там, у мяне былі маладыя ногі і маладая прага. І чаго мне толькі не даводзілася бачыць!Бачыў я цырымонію з заломам, крапіўныя святкі, гульню ў забытага нават тады “яшчура”. Але найбольш бачыў я апошнюю бульбу ў місе, чорны, як зямля, хлеб, соннае “а-а-а” над калыскай, вялікія выплаканыя вочы жанчын.Гэта была візантыйская Беларусь!Гэта быў край паляўнічых і намадаў, чорных смалакураў, ціхага, такога прыемнага здалёк, звону забытых цэрквачак над дрыгвой, край лірнікаў і цемры.У той час якраз падыходзіў да канца доўгі і балючы працэс вымірання нашай шляхты. Гэта смерць, гэта гнаенне зажыва цягнулася доўга, амаль два стагоддзі.І калі ў васемнаццатым шляхта памірала бурліва, з дуэлямі, памірала на саломе, прамантачыўшы мільёны, калі ў пачатку дзевятнаццатага паміранне яе яшчэ было авеяна ціхім сумам забытых палацаў у бярозавых гаях, то ў мае часы гэта было ўжо не паэтычна і зусім не сумна, а брыдка, часам нават жахліва ў аголенасці сваёй.Гэта было паміранне байбакоў, якія занурыліся ў свае норы, паміранне жабракоў, продкі якіх былі адмечаны ў Гарадзельскім прывілеі, а самі яны, хоць і жылі ў багатых напаўразбураных палацах, насілі ледзь не кажухі, хоць гонар іх быў нязмерны.Гэта было адзічанне без прасвятлення: брыдкія, часам крывавыя ўчынкі, прычыну якіх можна было шукаць толькі на дне іх, блізка або занадта далёка адзін ад аднаго пасаджаных вачэй, вачэй вылюдкаў, дэгенератаў.