Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Таму я навёў размову на дзікае паляванне. У Бермана вусны склаліся, як курыная дупка.– Чаму пан цікавіцца гэтым?– Я этнограф.– О, тады вядома, вядома. Але мая сціплая асоба не можа расказаць гэтага так, як трэба для высокага госця. Мы лепей дамо слова пажоўклым старонкам кніг. Пан разбіраецца ў літаратурнай мове ХVІІ стагоддзя?Ён адчыніў адну з шафаў артыстычным рухам (пальцы ў яго былі тонкія і ў два разы даўжэй за нармальныя), узняўшы воблачка пылу.І вось на маіх каленях ляжаў вялізны том, спісаны каліграфічна дробнымі, рудымі ад старасці літарамі.“Року цісеча шэсць сот першага не было спакою на гэтай зямлі. Толькі што копны суддзя Балвановіч справу разгледзеў пра забіццё і атрутны морд праз хлопаў пана літасцівага іхняга Янука Бабаеда. І ў іншых мясцінах такаждзе спакою не было. Дубіна да места Віцебскага падыходзіў, пад Крычавам і Мсціславам і ў нас хлопы морд, і забойства, і шкоду чынілі. Чатырнаццаць паноў забілі. Іж без бытнасці нашае, казалі, яшчэ траіх білі так, што ад таго біцця не ведалі, яко жывы будуць”.Але вам, напэўна, цяжка чытаць такое. Таму я проста пераскажу вам змест гэтай старой легенды.Справа была ў тым, што ў тыя часы бунтавалі не толькі хлопы. Бунтавала і старажытная беларуская шляхта, пакрыўджаная новымі парадкамі. У ваколіцах Балотных Ялін было асабліва неспакойна. Тут, у Хаданоўскай пушчы, сядзеў кульгавы бацька Яраш Штамет, які падтрымліваў вельмі радавітага беларускага пана Стаха Горскага, што быў у сваяцтве праз продкаў колішняму князю віленскаму Аляксандру. Гэты малады і славалюбівы чалавек паставіў перад сабою мэту: дабіцца самастойцасці. Для гэтага былі ўсе прадумовы: каралеўская кроў, якая цякла ў яго жылах (тады на гэта вельмі зважалі), падтрымка навакольнага панства, вялізныя вайсковыя сілы, падтрымка праваслаўных і “лясных братоў”, талент воіна, а галоўнае – жахлівая галеча, цалкам безнадзейнае існаванне сялян. Маладога кіраўніка па ўсім наваколлі называлі ўжо, не саромячыся, каралём.Але ён пакуль што збіраў сілы і дыпламатычна туманіў вочы прадстаўнікам дзяржаўнай улады. Сілы яго, як казаў рукапіс, дасягалі ўжо васьмі тысяч коннікаў, якія часткова хаваліся ў пушчы, часткова знаходзіліся пры яго палацы.Нарэшце глыбокай восенню 1602 года ўсё было гатова. Па навакольных цэрквах сяляне ўзялі прысягу каралю Стаху, і ён нечаканым ударам авалодаў моцным замкам у сучасным павятовым гарадку. Чакалі толькі Яраша Штамета з хлопцамі, а паколькі войска было моцным, а кароль рашучым – цалкам магло здарыцца, што ў гісторыю Беларусі была б запісана новая яскравая старонка.Не выказваў асаблівага захаплення каралём Стахам толькі Раман Яноўскі, моцны магнат, уладар Балотных Ялін. Кароль падазраваў, што Раман уступіў у заганныя зносіны з гетманам літоўскім і нават рымскай царквою. Ён папярэдзіў Яноўскага, што гэта небяспечна для яго скончыцца. Яноўскі запэўніў яго ў сваёй павазе і адданасці, і кароль Стах паверыў, нават аблабызаўся з Раманам, нават змяшаў у кубку сваю і яго кроў, якую пасля выпілі абодва дагаворныя бакі. Стах нават даслаў Раману срэбную пасуду.Невядома, што прымусіла Рамана рашыцца на наступнае. Ці славалюбства, ці вераломства, ці, можа, яшчэ што. Ён жа быў сябрам законнаму каралю. Ён запрасіў караля Стаха на паляванне, і той выехаў да яго са сваім невялікім паляўнічым атрадам чалавек у дваццаць. Штамет павінен быў з’явіцца ў замак назаўтра, часу было досыць. Кароль вырашыў пабавіцца, тым больш што прадмет палявання быў вельмі спакуслівы: балотная рысь, істота, якая нагадвала памерамі і афарбоўкай тыгра і ўжо тады была рэдкай у нашых пушчах, а пасля, год праз сотню, зусім знікла, і пра яе нават забылі.