Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Ён змоўк, уткнуўшы твар у далоні, пальцы на якіх, белыя, артыстычныя, былі даўжэй за пальцы звычайнага чалавека ў два разы. Я маўчаў, і раптам мяне прарвала:– Як вам усё ж не сорамна. Мужчыны, дарослыя, вялікія мужчыны! І не можаце абараніць. Ды няхай бы гэта быў нават сам д’ябал – біцеся, чорт вас падзяры! І чаму гэта паляванне з’яўляецца тут толькі часам? Чаму пры мне яшчэ не было?– Нават калі яны з’яўляюцца часта, яны не прыходзяць у ночы на святыя дні, а таксама ў сераду і пятніцу.– Гм, дзіўныя здані... А ў нядзелю? – У мяне ўсё больш варушылася на дне душы жаданне даць па гэтай фарфоравай, вялай, бязвольнай храпе, бо такія не здатныя ні на добры ўчынак, ні на крымінал – не людзі, а макрыца-трава на градзе. – А ў піліпаўку, на пятроўкі яны з’яўляюцца, калі яны такія ўжо святыя прывіды?– На нядзелю Бог даў ім дазвол, бо, як памятаеце, Стах быў забіты таксама ў нядзелю, – цалкам сур’ёзна адказаў ён.– Дык што ж ён тады такое, ваш Бог? – грымнуў я. – Ён што, стакнуўся з д’яблам? Ён што, мярзотнік, за кроў аднаго бярэ душу ў нявінных дзяўчат, у якіх крыві таго Рамана, можа, адна кропля!Ён маўчаў.– Пяцьсот дваццаць чатыры тысячы дзвесце восемдзесят восьмая частка крыві Рамана ў яе жылах, – падумаўшы, імгненна падлічыў я. – На што ён тады здатны, гэты ваш Бог?– Не кашчуннічайце, – спуджана войкнуў ён. – За каго вы заступаецеся?– Занадта многа чартаўшчыны нават для такога дома, – не супакойваўся я. – Малы Чалавек, Блакітная Жанчына, а тут яшчэ гэта дзікае паляванне караля Стаха. Аблога і знутры і звонку, каб ён згарэў, гэты дом!..– Мгм, шчыра кажу вам, шаноўны пане, што я не веру ў Чалавека і Жанчыну.– Іх бачылі ўсе. І вы таксама.– Я не бачыў, я чуў. А прырода гукаў невядома нам. Ды і да таго я знерваваны чалавек.– Бачыла гаспадыня.Вочы Бермана сціпла апусціліся. Ён павагаўся і сказаў:– Я не здатны ёй ва ўсім верыць. Яна... ну, словам, мне здаецца, яе бедная галоўка не вытрымала гэтых жахаў. Яна... м-м... своеасаблівы ў псіхічных адносінах чалавек, каб не сказаць больш.Я таксама думаў пра гэта, таму змаўчаў.– Але я таксама чуў гэта.– Дзікунства. Гэта проста акустычны падман. Галюцынацыя, шаноўны пане.Мы пасядзелі моўчкі, я адчуваў, што сам пачынаю вар’яцець ад мілых прыгод, якія тут адбываліся.У тую ноч мне прыснілася: бязгучна скача дзікае паляванне караля Стаха. Бязгучна ржуць коні, бязгучна апускаюцца капыты, хістаюцца выразныя павады. Халодны верас пад іх нагамі; імчаць шэрыя, нахіленыя наперад цені, і балотныя агні гараць на лбах коней. А над імі, у небе, гарыць самотная, вострая, як іголка, зорка.Калі я прачынаўся – я чуў у калідоры крокі Малога Чалавека і часам яго ціхі жаласны стогн. А пасля зноў чорная бездань цяжкага сну, і зноў скача па верасе і дрыгве імклівае, як страла, паляванне.

Раздзел чацвёртыЖыхары Волатавай прорвы, відаць, не вельмі любілі ездзіць на вялікія балы. Я мяркую так таму, што не часта бывае ў такім закутку паўналецце адзінай наследніцы маярату, і ўсё ж праз два дні ў Балотныя Яліны з’ехалася ніяк не больш чатырох дзесяткаў чалавек. Запрасілі і мяне, хоць я згадзіўся з вялікай неахвотай: я не любіў правінцыяльнай шляхты і, да таго ж, амаль нічога не зрабіў за гэтыя дні. Не зрабіў амаль ніякіх новых запісаў, а галоўнае, ані на крок не рушыў наперад, каб разгадаць таямніцу гэтага чортава логава. На старым плане ХVІІ стагоддзя ніякіх слухавак не было, а крокі і стогны гучалі кожную ноч на зайздрасць рэгулярна.