Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Я ламаў галаву над усёй гэтай чартаўшчынай, але нічога не мог прыдумаць.Дык вось, упершыню, можа, за апошнія дзесяць год палац сустракаў гасцей. Запалілі плошкі над уваходам, знялі чахлы з люстраў, вартаўнік на гэты раз ператварыўся ў швейцара, узялі з навакольных хутароў яшчэ тры служанкі. Палац нагадваў нарумяненую бабулю, якая ў апошні раз вырашыла пайсці на баль, успамянуць маладосць і пасля легчы ў магілу.Не ведаю, ці трэба апісваць гэты шляхецкі з’езд? Добрае і цалкам правільнае апісанне чагосьці падобнага вы знойдзеце ў Хвелькі з Рукшэніц, незаконна забытага нашага паэта. Божа, якія гэта былі вазкі! Старыя, з пакарабачанай скурай, зусім без рысор, з коламі ў сажань вышынёю, але абавязкова з лёкаем на запятках (у “лёкаяў” былі чорныя ад зямлі рукі). Якія гэта былі коні! Расінант здаўся б побач з імі Буцэфалам. Хударлявыя, з ніжняй губой, адвіслай, як чапяля, са з’едзенымі зубамі. Вупраж амаль з вяровак, затое там-сям на ёй блішчаць залатыя бляшкі, якія перакачавалі са збруі “залатога веку”.“Што гэта робіцца на свеце, людзі добрыя? Калісьці адзін пан ехаў на шасці конях, а зараз шэсць паноў на адным кані”.Увесь працэс панскага разарэння ў адной гэтай іранічнай народнай прымаўцы.Берман-Гацэвіч стаяў за маёй спіною і адпускаў іранічна-далікатныя заўвагі наконт тых, хто прыбываў.– Гляньце, якая свірэпа (свірэпаю ў беларускай мове ХVІ стагоддзя называлі клячу). На ёй, напэўна, хтосьці з Сасаў ездзіў: заслужаны баявы конь... А гэта паненка, бачыце, як апранулася: проста як фэст на святога Антонія. А вось, бачыце, цыганы.“Цыганамі” ён назваў сапраўды дзіўную кампанію. На звычайным возе пад’ехаў да пад’езда самы дзіўны хаўрус, які мне даводзілася бачыць. Тут былі і паны, і паненкі, чалавек дзевяць, апранутыя страката і бедна. І сядзелі яны на возе густа, як цыганы. І полаг быў на чатырох палках, як у цыган. Не хапала толькі сабакі, які б бег пад коламі. Гэта быў заняпалы род Грыцкевічавых, якія качавалі з аднаго балю на другі і так, галоўным чынам, харчаваліся. Яны былі дальнімі сваякамі Яноўскіх. І гэта былі нашчадкі “барвянага ўладара”! Божа, за што караеш!!!Пасля прыехала нейкая пажылая дама ў вельмі багатым колішнім аксамітным уборы, зараз даволі паношаным, у суправаджэнні худога, як бізун, маладога чалавека з яўна халуйскім тварам. Бізун пяшчотна прыціскаў яе локцік.Яна надушылася такой дрэннай парфумай, што Берман пачаў чхаць, калі яна ўвайшла ў залу. А мне здалося, што замест яе нехта ўнёс у пакой вялікую торбу з удодамі і пакінуў яе тут на радасць акружаючым. Размаўляла дама з самым сапраўдным французскім пранонсам, які, як вядома, захаваўся на зямлі толькі ў двух мясцінах: у салонах Парыжа і ў засценку Кабыляны пад Воршай.І другія асобы былі дзіўныя. Патрапаныя ці занадта гладкія твары, прагныя вочы, вочы замучаныя, вочы благальныя, вочы з вар’яцінкай. У аднаго франта вочы былі вялізныя і пукатыя, як у саламандры падземных азёр. Я глядзеў на цырымонію знаёмства (некаторыя з гэтых блізкіх суседзяў ніколі не бачыліся і, напэўна, не пабачацца больш – стары палац, можа, упершыню за 18 год бачыў такі наплыў гасцей). З-за дзвярэй гукі дрэнна даляталі да мяне, бо ў зале ўжо дудзела аркестра з васьмі заслужаных інвалідаў Палтаўскай бітвы. Я бачыў замасленыя твары, якія галантна ўсміхаліся, бачыў вусны, якія цягнуліся да рукі гаспадыні. Калі яны нахіляліся, святло падала зверху, і насы здаваліся надзіва доўгімі, а раты праваленымі. Яны бязгучна дрыгалі нагамі, схіляліся, бязгучна гаварылі, і ў іх вырасталі насы, пасля ўсміхаліся і адплывалі далей, а на іх месца плылі ўсё новыя, новыя.