Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Гэта было – як у жахлівым сне.Яны выскаляліся, як выхадцы з магілы, цалавалі руку (і мне здавалася, што яны смокчуць з яе кроў), бязгучна адплывалі далей. А яна, такая чыстая ў сваім белым адкрытым плацці, толькі чырванела часам спіною, калі занадта палка прыпадаў да яе рукі які-небудзь наваяўлены донжуан у абцягненых панталонах. Гэтыя пацалункі, як мне здавалася, пэцкалі яе руку чымсьці ліпучым і нячыстым.І толькі тут я зразумеў, якая яна, уласна кажучы, самотная не толькі ў сваім доме, але і сярод гэтай хеўры.“Што гэта мне нагадвае? – падумаў я. – Ага, пушкінская Тацяна сярод пачвар у шалашы. Абклалі небараку, як лань пад час палявання”.Тут амаль што не было чыстых позіркаў, але затое якія былі прозвішчы! Мне ўсё здавалася, што я сяджу ў архівах і чытаю старажытныя акты якога-небудзь Пінскага копнага суда.– Пан Сава Матфеевіч Стахоўскі з сынамі, – агалошваў лёкай.– Пані Агата Юр’еўна Фалендыш-Хобалева з мужам і сябрам дома.– Пан Якуб Барбарэ-Гарабурда.– Пан Мацей Мустафавіч Асановіч.– Пані Ганна Аўрамовіч-Басяцкая з дачкою.А Берман стаяў за маёй спіною і адпускаў заўвагі. Ён упершыню за гэтыя дні спадабаўся мне, столькі злосці было ў яго выказваннях, такімі палючымі вачыма сустракаў ён кожнага новага госця, і асабліва маладых.Але вось у вачах яго прамільгнула нешта такое незразумелае, што я мімаволі глянуў у той бок, і... вочы мае палезлі на лоб, такое дзіўнае відовішча я пабачыў. У залу на сходах каціўся чалавек, менавіта каціўся, іначай гэта нельга было назваць. Быў гэты чалавек пад сажань ростам, прыблізна як я, але ў ягоную вопратку ўлезла б трое Андрэяў Беларэцкіх. Агромністы жывот, ногі ў сцёгнах, як кумпякі, нязмерна шырокія грудзі, далоні, як цэбры. Рэдка здаралася мне бачыць такога волата. Але самае дзіўнае было не гэта. На чалавеку была вопратка, якую зараз можна пабачыць толькі ў музеі: чырвоныя боты на высокіх абцасах з падкоўкамі (такія празываліся ў нашых продкаў кабцямі), абцягнутыя порткі з каразеі – тонкага сукна. Жупан на грудзях і жываце – жупан з вішнёвага з золатам сукна – вось-вось пагражаў луснуць. Паверх яго чалавек нацягнуў чугу, старажытную беларускую верхнюю вопратку. Чуга вісела вольна, прыгожымі складкамі, уся пералівалася зялёнымі, залатымі і чорнымі візерункамі і была перавязана амаль пад пахамі турэцкім пасам вясёлкавых колераў.І над усім гэтым сядзела дзіўна маленькая для гэтай тушы галава са шчокамі такімі надутымі, быццам гэты чалавек вось-вось збіраўся пырснуць са смеху. Доўгія шэрыя валасы ззаду рабілі галаву правільна круглай, маленькія шэрыя вочкі смяяліся, сівыя вусы віселі да сярэдзіны грудзей. Вонкавы выгляд у чалавека быў самы мірны, і толькі на левай руцэ вісеў карбач – плецены кароткі бізун са срэбным дротам ля канца. Словам, сабакар, правінцыяльны мядзведзь, весялун і п’яніца – гэта адразу было бачна.Яшчэ ля дзвярэй ён зарагатаў такім густым і вясёлым басам, што я мімаволі ўсміхнуўся. Ён ішоў, і людзі расступаліся перад ім, адказвалі такімі вясёлымі ўсмешкамі, якія толькі маглі з’явіцца на гэтых кіслых тварах, тварах людзей з касты, якая выраджаецца. Чалавека, відаць, любілі.“Нарэшце хоць адзін прадстаўнік старога добрага веку, – падумаў я. – Не вырадак, не вар’ят, які можа пайсці на гераізм, і на злачынства. Добры просты волат. І як ён сакавіта, прыгожа гаворыць па-беларуску!”