Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Не здзіўляйцеся апошняй думцы. Хоць сярод дробнай шляхты тады размаўлялі па-беларуску, шляхта таго парадку, да якога, відаць, належаў гэты пан, мовы не ведала: сярод гасцей не больш як які дзесятак размаўляў на мове Марцінкевіча і Каратынскага, астатнія на дзіўнай сумесі польскіх, расейскіх і беларускіх слоў.А гэты размаўляў як якая-небудзь вясковая бабуля-свацця. Трапныя словы, жарты, прымаўкі так і сыпаліся з яго языка, пакуль ён праходзіў ад дзвярэй да верхняй залы. Прызнаюся, ён адразу вельмі падкупіў мяне гэтым. Ён быў такі каларытны, што я не адразу заўважыў яго спадарожніка, хоць ён таксама быў варты ўвагі. Уявіце сабе маладога чалавека, высокага, вельмі добра складзенага, апранутага па апошняй модзе, рэдкай у гэтай глушы. Ён быў бы зусім прыгожы, каб не надзвычайная бледнасць твару, хударлявага, з праваленымі шчокамі, і каб не выраз нейкай невытлумачальнай зласлівасці, якая не сыходзіла з яго вуснаў. Найбольш вартымі ўвагі на гэтым жоўчным прыгожым твары былі вялікія чорныя вочы з вадкім бляскам, але такія безжыццёвыя, што рабілася ніякава. Напэўна, менавіта такія былі ў Лазара, калі ён уваскрэснуў, але захаваў у вачах успаміны.Між тым волат дайшоў да лёкая, які, падслепаваты і глухі, не заўважыў гасцей, і раптоўна таргануў яго за плячо. Той драмаў на нагах, але тут раптам усхапіўся, і, разгледзеўшы гасцей, заўсміхаўся на поўны рот, і гаркнуў:– Вельмішаноўны пан-айцец Грынь Дубатоўк! Пан Алесь Варона!– Вечар добры, панове, – заракатаў Дубатоўк. – Што гэта вы сумныя, як мышы пад шапкай? Нічога, мы зараз вас узвесялім. Бачыш, Варона, паненкі якія! Зарана я, браце, нарадзіўся. У-ух, прыгажунечкі-красулечкі!Ён прайшоў праз натоўп (Варона спыніўся ля нейкай паненкі) і наблізіўся да Надзеі Яноўскай. Вочы яго сталі маленькімі і запраменіліся смехам.– Дзень-вечар добры, донечка! – І гучна цмокнуў яе ў лоб, як стрэліў. Пасля адступіў. – А якая ж ты ў мяне стала зграбная, прыгожая! Ляжаць усёй Беларусі ля тваіх ножак. І няхай на мне на тым свеце Люцыпар смалу возіць, калі я, стары грахаводнік, праз месяц не буду піць на тваім вяселлі гарэлку з твайго туфліка. Толькі нешта вочкі сумненькія. Нічога, зараз развесялю.І ён з чароўнай мядзведжай грацыяй крутануўся на абцасах.– Антон, душа цёмная! Грышка, Пятрусь! Халера вас там схапіла, ці што?З’явіліся Антон, Грышка і Пятрусь, згінаючыся пад цяжарам нейкіх вялізных пакункаў.– Ну, разявакі-салапякі, кладзіце ўсё да ног гаспадыні. Разгортвай! Э-э, пэцкаль, у цябе што, рукі са... спіны растуць. Трымай, донька.Перад Яноўскай ляжаў на падлозе вялізны пушысты кілім.– Трымай, доня. Дзедаўскі яшчэ, але зусім неўжываны. Пакладзеш у спальні. У цябе там дзьме, а ногі ва ўсіх Яноўскіх былі нямоцныя. Будзе табе цёпла. Дарэмна ты ўсе ж, Надзейка, да мяне не пераехала два гады таму. Умаляў яе – не згадзілася. Ну, добра, зараз позна ўжо, вялікая стала. І мне лягчэй будзе, хай яго да д’ябла, гэтае апякунства.– Прабачце, дзядзечка, – ціха сказала Яноўская, кранутая ўвагай апекуна. – Вы ведаеце, я хацела быць тут, дзе бацька... бацька.– Ну-ну-ну, – няўмела сказаў Дубатоўк. – Пакінь. Я і сам да цябе амаль не ездзіў, ведаў, што будзеш хвалявацца. Сябры мы былі з Раманам. Нічога, донька, мы, вядома, людзі зямныя, хварэем на абжорства, п’яныя, але ж Бог павінен разбірацца ў душах. А калі ён разбіраецца, дык Раман хоць мінаў часцей царкву, а не карчму, даўно ўжо на небе анёлаў слухае ды глядзіць у вочы сваёй небарацы жонцы, а маёй стрыечнай сястры. Бог – ён таксама не дурань. Галоўнае – сумленне, а дзірка ў роце, куды чарка просіцца, апошняя справа. І глядзяць яны з неба на цябе, і не шкадуе маці, што смерцю сваёй дала табе жыццё: бач, якая ты каралеўна стала. Хутка і замуж, з рук апекуна на ласкавыя ды моцныя рукі мужа. Думаеш?