Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Раней не думала, цяпер не ведаю, – раптам сказала пані Яноўская.– Ну-ну, – пасур’ёзнеў Дубатоўк. – Але... абы чалавек добры. Не спяшайся вельмі. А зараз трымай яшчэ. Вось тут стары наш убор, сапраўдны, не якая-небудзь падробка. Пасля пойдзеш пераапранешся перад танцамі. Няма чаго гэту сучасную свірапяціцу насіць.– Ён наўрад ці падыдзе, сапсуе выгляд, – лісліва пад’ехала нейкая дробная шляхцянка.– А ты маўчы, каханая. Я ведаю, што раблю, – буркнуў Дубатоўк. – Ну, Надзейка, і нарэшце вось яшчэ апошняе. Доўга я думаў, ці падараваць гэта, але карыстацца чужым дабром не прывык. Гэта тваё, а сярод гэтых тваіх партрэтаў няма аднаго. Не павінен шэраг продкаў перарывацца. Ты сама ведаеш, бо ты старажытнейшага амаль ва ўсёй губерні роду.На падлозе, вызвалены ад лёгкай белай ткані, стаяў вельмі стары партрэт такой незвычайнай, відаць, італьянскай работы, якой амаль не знойдзеш у беларускай іканаграфіі пачатку ХVІІ стагоддзя. Не было пляскатай сцяны за спіною, не вісеў на ёй герб. Было акно, адчыненае на вячэрнія балоты, быў змрочны дзень над імі, і быў мужчына, які сядзеў спіною да ўсяго гэтага. Няпэўнае блакітна-шэрае святло лілося на яго хударлявы твар, на моцна сплеценыя пальцы рук, на чорную з золатам вопратку.І твар гэтага мужчыны быў жывейшы, ніж у жывога, і такі дзіўны, жорсткі і змрочны, што можна было спалохацца. Цені ляглі ў вачаніцах, і здавалася, нават жылка калацілася на павеках. І ў ім было радавое падабенства з тварам гаспадыні, але ўсё тое, што было ў Яноўскай прыемна і люба, тут было агідна. Вераломства, розум, хваравітая вар’яцінка чыталіся ў гэтым ганарлівым роце, уладнасць да закасцянеласці, непамяркоўнасць да фанатызму, жорсткасць да садызму. Я зрабіў два крокі ўбок – вялізныя, усё да дна разумеючыя ў тваёй душы вочы пасунуліся за мною і зноў глядзелі мне ў твар. Нехта ўздыхнуў.– Раман Стары, – прыглушана адказаў Дубатоўк, але я сам зразумеў ужо, хто гэта такі, так правільна я яго ўявіў па словах легенды. Я здагадваўся, што гэта віноўнік радавога праклёну яшчэ і таму, што твар гаспадыні няўлоўна збялеў і яна ледзь прыкметна хіснулася.Невядома, чым скончылася б гэтая нямая сцэна, але тут нехта моўчкі і непачціва штурхнуў мяне ў грудзі. Я пахіснуўся. Гэта Варона прабіўся праз натоўп і, імкнучыся прайсці да гаспадыні, адштурхнуў мяне. Ён спакойна ішоў далей, не папрасіўшы прабачэння, нават не павярнуўшыся ў мой бок, быццам на маім месцы стаяў нежывы прадмет.Я паходзіў са звычайных інтэлігентаў, якія выслужвалі з пакалення ў пакаленне асабістае шляхецтва, былі вучонымі, інжынерамі – плебеямі з пункту гледжання гэтага пыхатага шляхцюка, у якога продак быў даездчыкам у багатага магната-забойцы. Мне часта даводзілася абараняць сваю годнасць перад такімі, і зараз увесь мой “плебейскі” гонар устаў на дыбкі.– Пане, – голасна сказаў я. – Вы лічыце, што гэта годна сапраўднага двараніна – штурхнуць чалавека і не папрасіць у яго прабачэння?Ён павярнуўся:– Вы мне гэта?– Вам, – спакойна адказаў я. – Сапраўдны шляхціц – гэта джэнтльмен.Ён падышоў да мяне і з цікаўнасцю пачаў разглядаць.– Гм, – спакойна сказаў ён. – Хто ж гэта будзе вучыць шляхціца правілам далікатнасці?– Не ведаю, – спакойна і з’едліва адазваўся я. – Ва ўсякім разе, не вы. Неадукаваны ксёндз не павінен вучыць іншых лаціне.Я праз яго плячо бачыў твар Надзеі Яноўскай і з радасцю заўважыў, што наша сварка адцягнула яе ўвагу ад партрэта. Фарба з’явілася на яе абліччы, а ў вачах штосьці падобнае на трывогу і жах.