Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Выбірайце выразы, – працадзіў Варона.– Чаму? І, галоўнае, з кім? Далікатны чалавек ведае, што ў кампаніі ветлівых трэба быць ветлівым, а ў кампаніі грубіянаў вышэйшая далікатнасць – плаціць ім той самай манетай.Відаць, Варона не звык атрымліваць адпор ва ўсёй ваколіцы. Я ведаў такіх ганарыстых індыкоў. Ён здзівіўся, але пасля павярнуўся, кінуў позірк на гаспадыню, зноў павярнуўся да мяне, і ў вачах яго плесканулася каламутная ярасць.– А вы ведаеце, з кім размаўляеце?– З кім? З Панам Богам?Я пабачыў, як поруч з гаспадыняй з’явіўся зацікаўлены твар Дубатоўка. Варона пачынаў кіпець.– Вы размаўляеце са мною, з чалавекам, які звык драць за вушы розных парвеню.– А вы не спыталі, можа, нейкія там парвеню часам могуць самі надраць вушы? І не падыходзьце, іначай, папярэджваю вас, ніводзін шляхціц не атрымае такой абразы дзеяннем, як вы ад мяне.– Хамская бойка на кулакі! – выбухнуў ён.– Што зробіш? – халодна заўважыў я. – Мне здаралася сустракаць дваран, на якіх іншае не дзейнічала. Яны не былі хамамі, іхнія продкі былі заслужанымі псарамі, даездчыкамі, альфонсамі ва ўдовых магнатак.Я перахапіў яго руку і трымаў ля яго бока як абцугамі.– Ну... – Ах ты! – працадзіў ён.– Панове, панове, супакойцеся! – з невымоўнай трывогай выкрыкнула Яноўская. – Пан Беларэцкі, не трэба, не трэба! Пан Варона, саромцеся!Твар яе быў такі благальны.Відаць, і Дубатоўк зразумеў, што час умяшацца. Ён падышоў, стаў між нас і паклаў на плячо Вароны цяжкую руку. Твар яго наліўся крывёй.– Шчанюк! – выкрыкнуў ён. – І гэта беларус, гэта жыхар яноўскага наваколля, гэта шляхціц?! Так абразіць госця! Сорам маёй сівізне. Ты што, не бачыш, з кім завёўся? Гэта табе не нашы блазны з курынымі душонкамі, гэта не кураня, гэта – мужчына. І ён табе хутка абарве вусы. Вы дваранін, судар?– Дваранін.– Ну, вось бачыш, пан шляхціц. Калі табе трэба будзе з ім паразмаўляць – вы знойдзеце агульную мову. Гэта шляхціц, і добры шляхціц, хоць бы і продкам у сябры – не раўня сучасным смаркачам. Прасі прабачэння ў гаспадыні. Чуеш?Варону як падмянілі. Ён прамармытаў нейкія словы і адышоў з Дубатоўкам убок. Я застаўся з гаспадыняй.– Божа мой, пане Андрэй, я так спалохалася за вас. Не варта вам, такому добраму чалавеку, заводзіцца з ім.Я ўзвёў вочы. Дубатоўк стаяў убаку і з цікавасцю пераводзіў позірк з мяне на пані Яноўскую.– Надзея Раманаўна, – з нечаканай цеплынёю сказаў я. – Я вельмі вам удзячны, вы вельмі добры і шчыры чалавек, і вашу турботу за мяне, вашу прыязь я запамятаю надоўга. Што зробіш, мая гордасць – маё адзінае, я не даю нікому наступіць сабе на нагу.– Вось бачыце, – апусціла яна вочы. – Вы зусім не такі. Многія з гэтых радавітых людзей паступіліся б. Відаць, сапраўдны шляхціц тут – вы, а яны толькі прыкідваюцца... Але запамятайце, я вельмі баюся за вас. Гэта небяспечны чалавек, чалавек з жахлівай рэпутацыяй.– Ведаю, – жартаўліва адказаў я. – Гэта тутэйшы “зубр”, помесь Наздрова...– Не жартуйце. Гэта вядомы ў нас скандаліст і брэцёр. На яго сумленні сем забітых на дуэлі... І, магчыма, гэта горш для вас, што я стаю поруч з вамі. Разумееце?Мне зусім не падабаўся гэты маленькі гномік жаночага полу з вялікімі сумнымі вачыма, я не цікавіўся, якія адносіны існавалі паміж ім і Варонай, быў Варона ўздыхальнікам або адрынутым паклоннікам, але за дабро плацяць уважлівасцю. Яна была такая мілая ў сваёй турбоце за мяне, што я (баюся, што вочы ў мяне былі сапраўды больш мяккімі, ніж трэба) узяў яе ручку і паднёс да вуснаў.