Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Дзякую, пані гаспадыня.Яна не ўзяла рукі, і яе празрыстыя нежывыя пальчыкі ледзь устрапянуліся пад маімі вуснамі. Словам, усё гэта надта нагадвала сентыментальны і трохі бульварны раман з жыцця вялікага свету.Аркестра інвалідаў зайграла вальс “Міньён”, і адразу ілюзія “вялікага свету” знікла. Аркестры адпавядалі ўборы, уборам адпавядалі танцы. Цымбалы, дуда, нешта падобнае да тамбурына, стары гудок і чатыры скрыпкі. Сярод скрыпачоў быў адзін цыган і адзін яўрэй, скрыпка якога ўвесь час намагалася замест вядомых мелодый іграць надта сумнае, а калі збівалася на весялосць, то ўсё выйгравала нешта падобнае на “Сямёра на скрыпцы”. І танцы, якія даўно выйшлі з моды паўсюль: “Шаконь”, “Па-дэ-дэ”, нават “Лябедзік” – гэта манерная беларуская пародыя на менуэт. Добра яшчэ, што я ўсё гэта ўмеў танцаваць, бо любіў народныя і старадаўнія танцы.– Дазвольце запрасіць вас, пані Надзея, на вальс.Яна павагалася трохі, нясмела прыўзняла на мяне пушыстыя вейкі.– Калісьці мяне вучылі. Напэўна, я забылася. Але...І яна паклала руку, паклала неяк няўпэўнена, няёмка, ніжэй майго пляча. Я спачатку думаў, што мы будзем пасмешышчам для ўсяе залы, але хутка супакоіўся. Я ніколі не бачыў большай лёгкасці ў танцах, ніж у гэтай дзяўчыны. Яна не танцавала, яна лётала ў паветры, і я амаль нёс яе над падлогай. І лёгка было, бо ў ёй, як мне здавалася, не было больш за 125 фунтаў. Прыблізна на сярэдзіне танца я заўважыў, як твар яе, да таго засяроджаны і няпэўны, стаў раптам простым і вельмі мілым. Вочы заіскрыліся, ніжняя губка трошкі выдалася наперад.Пасля танцавалі яшчэ. Яна дзіўна пажвавела, паружавела і такое ззянне маладосці, ап’янення, радасці з’явілася на яе твары, што мне стала цёпла на сэрцы.“Вось я, – як быццам казала яе душа праз вочы, вялікія, чорныя і бліскучыя, – вось яна я. Вы думалі, што мяне няма, а я тут, а я тут. Хоць у адзін гэты кароткі вечар я паказалася вам, і вы здзівіліся. Вы лічылі мяне нежывой, бледнай, бяскроўнай, як парастак вяргіні ў падполлі, але вы вынеслі мяне на свет, я так вам усім удзячна, вы такія добрыя. Бачыце, і жывая зелень з’явілася ў маей сцябліне, і хутка, калі будзе прыпякаць сонейка, я пакажу ўсяму свету цудоўную ружовую кветку сваю. Толькі не трэба, не трэба мяне адносіць зноў у падпол”.Незвычайны быў выраз радасці і адчування паўнацэннасці ў яе вачах. Я таксама захапіўся ім, і вочы мае, напэўна, таксама заблішчалі. Толькі краем вока бачыў я навакольнае.І раптам вавёрка зноў схавалася ў дупло, радасць знікла з яе вачэй, і той самы жах пасяліўся за веямі: Варона даваў указанні двум лёкаям, якія вешалі над камінам партрэт Рамана Старога.Музыка змоўкла. Да нас набліжаўся Дубатоўк, чырвоны і вясёлы.– Надзеечка, прыгажунька ты мая. Дазвольце старому хрэну лапэтку.Ён цяжка ўпаў на калена і, смеючыся, пацалаваў яе руку.А яшчэ праз хвіліну казаў зусім іншым тонам:– Правіла яноўскага наваколля такое, што трэба агаласіць апякунскую справаздачу адразу, як толькі апякаемай споўніцца васемнаццаць год, гадзіна ў гадзіну.Ён выцягнуў з кішэні вялізную срэбную з сіняй эмаллю цыбуліну гадзінніка і, зрабіўшыся афіцыйным і падцягнутым, агаласіў:– Сем гадзін. Мы ідзём агалошваць справаздачу. Пайду я, а за другога апекуна, пана Калатэчу-Казлоўскага, які жыве ў губерні і па хваробе не мог прыехаць, пойдуць па даверу пан Сава-Стахоўскі і пан Алесь Варона. Патрэбен яшчэ нехта са старонніх. Ну... (вочы яго дапытліва затрымаліся на маёй асобе), ну, хоць вы. Вы яшчэ чалавек малады, жыць будзеце доўга і зможаце потым засведчыць, што ўсё тут рабілася шчыра, па старых звычаях і сумленню чалавечаму. Пані Яноўская – з намі.