Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Наша нарада адбывалася нядоўга. Спачатку прачыталі вопіс маёмасці, рухомай і нерухомай, якая засталася па тэстаменту ад бацькі. Выявілася, што гэта галоўным чынам палац з абсталяваннем і парк, маярат, з якога ніводная рэч не павінна знікнуць і які павінен “у велькшай славе падтрымліваць гонар роду”.“Добры гонар, – падумаў я. – Гонар здохнуць з голаду ў багатым доме”.Дубатоўк давёў, што нерухомая маёмасць збераглася непарушна.Пасля выявілася, што па субстытуцыі старэйшай і адзінай наследніцай з’яўляецца пані Надзея Яноўская.Перайшлі да прыбыткаў. Дубатоўк паведаміў, што невялічкі капітал, змешчаны Раманам Яноўскім у дзвюх банкірскіх канторах пад восем працэнтаў без права чапаць асноўны капітал, дае зараз ад ста пяцідзесяці да ста сямідзесяці рублёў штомесячна. Гэты прыбытак нават павялічыўся дбаннем апекуна, мала гэтага, атрымалася прыбаўка да асноўнага капіталу ў дзвесце восемдзесят пяць рублёў, якія, пры жаданні, могуць пайсці на пасаг спадчынніцы.Усе пакруцілі галовамі. Прыбыткі былі мізэрнымі, асабліва пры неабходнасці падтрымліваць парадак.– А як плаціць слугам? – спытаў я.– Ім выдзелена ў тэстаменце частка спадчыны, бо яны – неад’емная частка маярату.– Я прасіў бы пана Дубатоўка растлумачыць мне, як справа з заарандаванай зямлёю пры маёнтку Балотныя Яліны? – спытаў Сава-Стахоўскі, маленькі хударлявы чалавечак з такімі вострымі каленямі, што яны, здавалася, вось-вось прарэжуць яго светлыя штонікі. Ён, відаць заўжды трохі пікіраваўся з Дубатоўкам і даў яму зараз нейкае з’едлівае пытанне. Але той не зніякавеў. Ён выцягнуў вялікія срэбныя акуляры, хустку, якую расклаў на каленях, пасля ключ і толькі пасля гэтага клапцік паперы. Акуляры ён, аднак, не надзеў і пачаў чытаць:– “У прадзеда пані Яноўскай было дзесяць тысяч дзесяцін добрай ворнай зямлі, не лічачы лесу”. У пані Яноўскай, як гэта вам, напэўна, вядома, шаноўны пан Стахоўскі, 50 дзесяцін ворнай зямлі, значна спустошанай. У яе таксама ёсць парк, які не дае ні шэлега, і пушча, якая практычна таксама маярат, бо гэта запаветны лес. Скажам прама, мы маглі б паступіцца гэтым правілам, але, па-першае, доступ у гэту пушчу для дрывасекаў немагчымы па прычыне навакольнай дрыгвы. А па-другое, ці разумна гэта? У Яноўскай могуць быць дзеці. Што рабіць ім на 50 дзесяцінах беднай зямлі? Тады род зусім занепадзе. Вядома, пані зараз дарослая, яна сама можа...– Я згодна з вамі, дзядзька, – саромеючыся да слёз, сказала Надзея Раманаўна. – Няхай пушча стаіць. Я рада, што да яе толькі сцежкі, і то ў сухмень. Шкода зводзіць такі лес. Пушчы – гэта божыя сады.– Дык вось, – казаў далей апякун, – акрамя гэтага, пані належыць амаль усё яноўскае наваколле, але гэта дрыгва, тарфяныя балоты і пустэчы, на якіх не расце нічога, акрамя верасу. На гэтай зямлі не жывуць колькі сягае ў гады памяць чалавечая. Значыцца, возьмем толькі 50 дзесяцін, якія здаюцца ў арэнду за другі сноп. Зямля няўгноеная, вырошчваюць на ёй толькі жыта, і гэта дае трыццаць, сама больш сорак пудоў з дзеснціны. Кошт жыта – 50 капеек пуд, значыцца – дзесяціна дае даход у дзесяць рублёў на год, і, значыцца, з усёй зямлі 500 рублёў у год. Вось і ўсё. Гэтыя грошы не затрымліваюцца, можаце мяне праверыць, пан Стахоўскі.Я пахітаў галавою. Гаспадыня вялікага маёнтка атрымлівала трохі больш двухсот рублёў прыбытку ў месяц. А сярэдні чыноўнік атрымліваў 125 рублёў. У Яноўскай было дзе жыць і было што есці, але гэта была непрыхаваная галеча, галеча без прасвятлення. Я, галяк, вучоны і журналіст, аўтар чатырох кніг, меў рублёў чатырыста ў месяц. І мне не трэба было рамантаваць гэтую прорву – палац, рабіць падарункі слугам, трымаць у адносным парадку парк. Я быў поруч з ёю Крэз.