Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Мне было шкада яе, гэтага дзіцёнка, на плечы якога ўпаў такі непасільны цяжар.– Вы вельмі небагаты чалавек, – сумна сказаў Дубатоўк. – На руках у вас, уласна кажучы, застаюцца пасля ўсіх выдаткаў капейкі.І ён кінуў позірк у мой бок, вельмі выразны і шматзначны позірк, але мой твар не выразіў нічога. Ды і сапраўды, якое гэта мела дачыненне да мяне?Дакументы перадалі новай гаспадыні. Дубатоўк абяцаў даць загады Берману, пасля пацалаваў Яноўскую ў лоб і выйшаў. Мы ўсе таксама выйшлі ў залу, дзе публіка паспела ўжо замарыцца ад танцаў.Дубатоўк адразу зноў выклікаў выбух запалу, уздыму і весялосці. Я не ўмеў скакаць нейкага мясцовага танца, і таму Яноўскую адразу памчаў Варона. Пасля яна кудысьці знікла. Я глядзеў на танцы, калі раптам адчуў нечы позірк. Непадалёк ад мяне стаяў танклявы, але, відаць, моцны малады чалавек, белавалосы, з вельмі прыемным і шчырым тварам, апрануты сціпла, але з падкрэсленай акуратнасцю.Я не бачыў, адкуль ён з’явіўся, але ён адразу спадабаўся мне, спадабалася нават мяккая аскетычнасць у прыгожым вялікім роце і разумных карых вачах. Я ўсміхнуўся яму, і ён, як быццам толькі і чакаў гэтага, падышоў да мяне вялікімі і плаўнымі крокамі, працягнуў мне руку:– Прабачце, я без цырымоній, Андрэй Свеціловіч. Даўно жадаў пазнаёміцца з вамі. Я студэнт... былы студэнт Кіеўскага ўніверсітэта. Зараз мяне выключылі... за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.Я таксама адрэкамендаваўся. Ён усміхнуўся шырокай белазубай усмешкаю, такой яснай і добрай, што твар адразу зрабіўся гожым:– Я ведаю, я чытаў вашы зборнікі. Не палічыце за камплімент, я, наогул, не аматар гэтага, але вы мне сталі пасля іх вельмі сімпатычным. Вы займаецеся такой карыснай і патрэбнай справай і добра разумееце свае задачы. Я мяркую па вашых прадмовах.Мы разгаварыліся і разам адышлі да акна ў дальнім кутку залы. Я спытаў, як ён трапіў да Балотных Ялін. Ён засмяяўся:– Я далёкі сваяк Надзеі Раманаўны. Вельмі далёкі. Уласна кажучы, ад усяго кораня Яноўскіх зараз засталіся на зямлі толькі яна ды я, па жаночай лініі. Здаецца, такая-сякая кропля крыві гэтых былых дэйноўскіх князькоў цячэ яшчэ і ў жылах Гарабурды, але яго сваяцтва, як і сваяцтва Грыцкевічавых, не даказаў бы ніводны знаўца геральдыкі... Гэта проста радавое паданне. А сапраўдная Яноўская толькі адна яна.Твар яго памякчэў, стаў задумлівым.– І наогул, усё гэта глупства. Усе гэтыя геральдычныя казусы, князькі, магнацкія маяраты. Каб была мая воля, я б выпусціў з жылаў магнацкую сваю кроў. Гэта толькі прычына для вялікіх пакут сумлення. Мне здаецца, гэта і ў Надзеі Раманаўны так.– А мне сказалі, што Надзея Раманаўна адзіная з Яноўскіх.– Вядома, так. Я вельмі далёкі сваяк, і да таго ж мяне лічылі памёршым. Я не наведваўся ў Балотныя Яліны пяць год, а зараз мне дваццаць тры. Бацька адаслаў мяне адсюль, бо я ў васемнаццаць год паміраў ад кахання да трынаццацігадовай дзяўчыны. Уласна кажучы, гэта нічога, варта было пачакаць два гады, але бацька верыў у старажытную сілу праклёну.– Ну і як, дапамагла вам высылка? – спытаў я.– Ані на шэлег. Мала таго, дзвюх сустрэч было дастаткова, каб я адчуў, што старое абажанне перарасло ў каханне.– І як глядзіць на гэта Надзея Раманаўна?Ён пачырванеў так, што ў яго нават слёзы навярнуліся на вочы.– О!.. Вы здагадаліся! Я вельмі прашу вас маўчаць пра гэта! Справа ў тым, што я не ведаю яшчэ. Ды гэта не так важліва, паверце... паверце мне. Мне гэта не важліва. Мне проста добра з ёю, і нават калі яна будзе раўнадушнай да мяне, мне, паверце, будзе таксама шчасна і хораша жыць на зямлі: яна ж будзе існаваць на ёй таксама. Яна незвычайны чалавек. Вакол яе такое бруднае свінства, непрыхаванае рабства, а яна такая чыстая і добрая.