Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Я ўсміхнуўся ад раптоўнага замілавання да гэтага хлапчука з добрым і ясным тварам, а ён, відаць, палічыў усмешку за кпін.– Ну вось, вы ўсміхаецеся таксама, як нябожчык бацька, як дзядзька Дубатоўк. Сорамна вам...– Я і не думаю смяяцца, пан Андрэй. Мне проста добра чуць ад вас такія словы. Вы чысты і харошы чалавек. Толькі не трэба вам камусьці яшчэ казаць пра гэта. Вось вы тут вымавілі імя Дубатоўка.– Дзякуй вам за добрае слова. Але няўжо вы думалі, што я камусьці казаў пра гэта, што я такі нягоднік? Вы ж здагадаліся. І дзядзька Дубатоўк таксама чамусьці здагадаўся.– Добра, што здагадаўся Дубатоўк, а не Алесь Варона, – сказаў я. – Іначай справа скончылася б дрэнна для кагосьці з вас. Дубатоўк – гэта нічога. Ён апякун, яму цікава, каб Надзея Раманаўна знайшла добрага мужа. І ён, мне здаецца, добры чалавек, нікому не скажа, як і я. Але вам трэба наогул маўчаць пра гэта.– Гэта праўда, – вінавата сказаў ён. – Я і не падумаў, што нават маленькі намёк шкодны для гаспадыні. І праўда ваша, які добры, шчыры чалавек Дубатоўк! Сапраўдны стары пан-рубака, просты і патрыярхальны! І такі шчыры, такі вясёлы! І так ён любіць людзей і нікому пе перашкаджае жыць! А мова ягоная?! Я як пачуў, дык мяне быццам па сэрцы цёплай рукой нехта гладзіць. Ах, які добры, добры чалавек!Нават вочы яго ўвільготніліся, так ён любіў Дубатоўка. І я таксама быў шмат у чым з ім згодзен.– Вы ведаеце зараз, пан Беларэцкі, а больш не будзе ведаць ніхто. Я разумею, я не буду кампраметаваць яе. І наогул я буду маўчаць. Вось вы танцуеце з ёй, а мне радасна. Размаўляе яна з іншым – мне радасна. Хай толькі ёй будзе шчасце. Але я вам шчыра кажу. – Голас яго ўзмацнеў, а твар стаў як у юнака Давіда, які выходзіць на бой з Галіяфам. – Калі я буду за трыдзевяць краін і сэрцам пачую, што яе нехта збіраецца крыўдзіць, я прылячу адтуль і, хоць бы гэта быў сам Бог, разаб’ю яму галаву, кусаць буду, біцца да апошняга, каб пасля толькі прыпаўзці да яе ног і здохнуць там. Паверце мне. Здалёк – і заўжды з ёю.Гледзячы на яго твар, я разумеў, чаму баяцца ўладу маючыя такіх вось стройных, чыстых і сумленных юнакоў. У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе. У жыцці яны нявопытныя, даверлівыя дзеці да сівых валос, у служэнні праўдзе – горкія, іранічныя, адданыя да канца, мудрыя і нязломныя. А дрэнь баіцца такіх нават тады, калі яны яшчэ не пачыналі дзейнічаць, і, кіруючыся інстынктам, уласцівым погані, цкуе іх заўсёды. Дрэнь ведае, што яны – самая найвялікшая небяспека для яе існавання.Я зразумеў, што дай такому ў рукі пісталет, і ён, усё з той самай шчырай белазубай усмешкаю, падыдзе да тырана, усадзіць у яго кулю і пасля спакойна скажа смерці: “Хадзі сюды”. І ён вытрымае найбольшыя пакуты спакойна і, калі не памрэ ў турме ад прагі волі, спакойна пойдзе на эшафот.І такі невыказны давер выклікаў у мяне гэты чалавек, што рукі нашы сустрэліся, і я ўсміхнуўся яму, як другу.– За што вас выключылі, пан Свеціловіч?– Ат, глупства! Пачалося з ушанавання памяці Шаўчэнкі. Студэнты, вядома, былі аднымі з першых. Нам прыгразілі, што ва ўніверсітэт увядуць паліцыю. – Ён аж пачырванеў. – Ну, мы пачалі крычаць. А я крыкнуў, што калі яны толькі пасмеюць зрабіць гэта са святымі нашымі мурамі, дык мы крывёю змыем з іх ганьбу. І першая куля будзе таму, хто дасць такі загад. Пасля мы высыпалі з будынка, пачаўся шум, і мяне схапілі. А калі ў паліцыі спыталі пра нацыянальнасць, дык я адказаў: “Пішы: украінец”.