Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Я павольна ішоў пусткаю, толькі часам трапляючы на штосьці падобнае да сцежкі. І хоць асенняе поле было змрочным і непрытульным, хоць двойчы над маёй галавою пралятаў вялізны крук – мне было тут лёгка пасля Балотных Ялін. Тут было ўсё звычайным: імхі на купінах балотцаў, сухі верас паміж імі, мышка-малютка, якая цягнула з высокага бадзяку белы пух, відаць, у сваё гняздо, гатуючыся на зіму.Я падышоў да дома Дубатоўка толькі ў прысмерку, калі вокны яго былі ярка асветлены. Гэта быў самы звычайны шляхецкі дом. Старажытнай пабудовы, прысадзісты, з вельмі маленькімі акенцамі, ён быў крыты гонтай, чыста пабелены, меў ганак з чатырма калонамі. Правінцыяльны архітэктар не ведаў, відаць, вядомага сакрэту, і таму калоны здаваліся трохі пукатымі ўсярэдзіне, як бачонкі. Акружала дом старая абсада з жоўтых, амаль ужо абляпаных агромністых ліп. За домам вялікі пераважна фруктовы сад, за ім – хустка ўзаранай зямлі.Я, відаць, спазніўся, бо за вокнамі ўжо грымелі галасы. Сустрэлі мяне горача і страсна.– Бацюхны, свентыя пакутнічкі! – крычаў Дубатоўк. – З’явіўся-такі, з’явіўся, блудны сын. За стол яго, за стол. Антось, дзе ты там, лабідуда? Разгонную госцю. Прахлопалі, чэрці, нават не салютавалі яму, страмянной не паднеслі. У, ёлупы...За сталом сядзела чалавек дзесяць, усё мужчыны. Знаёмыя мне былі толькі Свеціловіч, Алесь Варона і Стахоўскі. Амаль усе ўжо былі даволі п’яныя і разглядалі мяне чамусьці з павышанай цікаўнасцю. Стол ламаўся ад страў: відаць, Дубатоўк быў з мясцовых заможных шляхцюкоў. Заможнасць была, аднак, адносная. Есці і піць было што, але пакоі, праз якія я ішоў, не вызначаліся багатым абсталяваннем. Сцены пабеленыя, аканіцы разьблёныя і ярка афарбаваныя, мэбля старая і не вельмі прыгожая, затое вельмі цяжкая. Старасвеччына глядзела з кожнага кута. У сталовай, акрамя шырокага дубовага стала, табурэтаў, абцягнутых зялёнай шаўкавістай палаценкай, двух данцыгскіх крэслаў, абабітых пазалочаным саф’янам, ды трайнога люстэрка ў карычневай раме, якая перадавала горад з царкоўнымі главамі, нічога не было. Страката апранутыя госці глядзелі на мяне.– Што вы вочы ўтаропілі! – гаркнуў Дубатоўк. – Сталічнага чалавека не бачылі, мядзведзі, ці што? Ану, дапамажыце госцю, пакладзіце на яго блюда, што вам па густу.Валасатыя зяпы заўсміхаліся, лапы началі рухацца. Хутка на маім блюдзе ляжаў вялізны гусь з бруснічным варэннем, індыковая ножка з яблыкамі, салёныя грыбы, дзесятак калдуноў, а з усіх бакоў толькі і чутна было:– А вось пампушкі з часнаком... А вось, пане, кавалак шыначкі дзікага япрука, наперчаны, агнём гарыць. Памяццю маці заклінаючы – вазьміце... А вось цудоўная... А вось незвычайны...– Вось як у нас па-беларуску частуюць, – рагатаў гаспадар, пабачыўшы, што я зусім разгубіўся.Перада мною вырасла гара. Я паспрабаваў пратэставаць, але выклікаў такі выбух абурэння (у аднаго з гасцей нават слёзы пацяклі; праўда, ён быў трохі нападпітку), што я здаўся.Лабідуда Антось прынёс мне на падносе “разгонную” чарку. Я вельмі моцны на хмель чалавек, але тут я разгубіўся. У чарцы было не менш як на бутэльку нейкай жоўтай празрыстай вадкасці.– Не магу.– Як гэта не магу? Не можа толькі цнатлівая дзеўка, ды і тая хутка згаджаецца.– Многа, пан Дубатоўк.– Многа, калі тры жонкі ў хаце, ды і то не для кожнага... Э-э, хлопцы, нас не паважаюць. Прасіце шаноўнага госця.