Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Не чыніце крыўды... Выпіце, – зараўлі госці мядзведжымі галасамі.Давялося выпіць. Вадкасць апаліла ўсе мае вантробы, вогненныя кругі захадзілі ў галаве, але я стрымаўся, не скрывіўся.– Мужчына! – пахваліў Дубатоўк.– Што гэта? – праглынуўшы добры кавалак шынкі, спытаў я.– Го! Старку польскую ведаеш, гарэлку ведаеш, хахлацкі спатыкач таксама, а нашага “трыс дзівінірыс” не ведаеш. Гэта, браце, па-літоўску “тройчы дзевяць”, гарэлка на дваццаці сямі травах. Мы яе сакрэт у літоўцаў выведалі стагоддзі таму. Зараз яе і самі літоўцы забылі, а мы яшчэ памятаем. Пі на здароўечка, пасля я цябе стаўным мёдам пачастую.– А гэта што? – спытаў я, торкаючы відэльцам у нешта цёмнае на талерцы.– Каханенькі ты мой, гэта ласіныя губы ў падсалоджаным воцаце. Еш, браце, сілкуйся. Гэта страва для волатаў. Продкі нашы, зямля ім пухам, не дурныя былі. Еш, абавязкова іх еш.А праз хвіліну, забыўшыся, што рэкамендаваў “губы”, крычаў:– Не, браце, ты ў мяне адсюль, не пакаштаваўшы халодных пірагоў з гусінай пячонкай, не пойдзеш. Антось, сюды!Падышоў Антось з пірагамі. Я быў адмовіўся.– Падай да госця ў ногі. Бі дурной галавою ў падлогу, прасі, бо госць нас крыўдзіць.Праз хвіліну я быў таксама нападпітку. Вакол крычалі, спявалі, але я не забываў есці. Дубатоўк вісеў у мяне на плячы і дудніў нешта, што я не вельмі і слухаў. Пакой пачынаў разгойдвацца.А-а вып’ем чарку,А за ёй дру-гу-ю, – роў нехта. І раптам я прыпомніў далёкі дом у яловым парку, бараду моху на дрэвах, камін, сумную постаць ля яго. Мне стала сумна. “Я п’яная свіння, – паўтараў я, – нельга раскашаваць, калі іншаму дрэнна”. І так мне стала шкада яе, што я паспрабаваў заплакаць і... адразу зрабіўся цвярозым. Госці ўставалі з-за стала.– Панове, – казаў Дубатоўк, – вы прагуляйцеся трошкі, трэба стол паднавіць.Божа, гэта быў яшчэ толькі пачатак! А яны ж былі ўжо добра напітыя. Было восем гадзін вечара. Нічога. Яшчэ рана. Я ведаў, што, так раптоўна працверазеўшы, я больш не буду сёння п’яным, але ўсё ж вырашыў піць асцярожна, бо яшчэ ў балоце загразнеш – будзе тады штука.Разважаліся. Дубатоўк паказваў добрую калекцыю зброі. Вельмі хваліў адну старую шаблю, якую выпрасіў у Рамана Яноўскага. Казаў, што расейскі булат бярэ медную пласціну, польская “зыгмунтоўка” даволі тоўсты цвік, а гэта – наша, сакрэт яшчэ татары пры Вітаўце завезлі. І ўнутры ртуць, удар такі, што не тонкую медную пласцінку возьме, але і тоўстую. Яму не верылі. Ён раскрычаўся, загадаў Антосю прынесці чурак. Антось унёс у пакой кароткае бервяно таўшчынёю ў тры чалавечыя шыі, паставіў на падлогу.Усе прыціхлі. Дубатоўк прымерыўся, выскаліўся, і раптам шабля апісала ў паветры амаль нябачнае паўкола.Хакнуўшы нутром, Дубатоўк пацягнуў шаблю на сябе і... перасек бервяно наўскос. Памахаў кісцю рукі ў паветры. Усе маўчалі, прыгаломшаныя.– Вось як трэба, – каротка сказаў ён.У гэтай пярэрве мне ўдалося адвесці Свеціловіча на ганак і, напамятаўшы яму ягоныя словы, расказаць пра ўсё, што адбывалася ў Балотных Ялінах. Ён надта ўсхваляваўся, сказаў, што чуў пра ўсё гэта і раней, але не вельмі верыў.– Цяпер верыце?– Вам веру, – проста сказаў ён. – І абяцаю вам, пакуль я жывы, ніводны волас не ўпадзе з яе галавы. Д’ябал гэта, здань або штосьці іншае – я стану на ягоным шляху.Мы дамовіліся, што ён і я будзем расследаваць гэту справу разам, што ён праз дзень прыйдзе да мяне і раскажа, пра што ён даведаўся ў наваколлі (розныя пагалоскі і плёткі маглі прынесці пэўную карысць). Дубатоўка вырашылі пакуль што ў справу не блытаць: стары мог разнервавацца і, па сваім звычаі, секчы з пляча.