Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Вячэра цягнулася далей. Зноў частавалі, зноў пілі. Я заўважыў, што Дубатоўк падлівае сабе і мне роўна, п’е і дапытліва паглядае на мяне. Калі я выпіваў чарку, на яго твары з’яўляўся выраз задавальнення. Гэта было сваероднае падбухторванне на спаборніцтва. А ў пярэрвах ён прапаноўваў то “бліны з мачанкаю”, то “надзвычайныя штонікі з мясам, так і плаваюць у масле, святыя такіх не елі”. Відаць, ён апрабоўваў мяне з усіх бакоў. Я піў і амаль не п’янеў.Астатнія, акрамя Свеціловіча, былі ўжо ў тым стане, калі кожны не слухае, што кажа другі, калі твары чырвоныя, калі адзін спявае, другі расказвае сябру пра гісторыю з яго каханкай, трэці наддзіраецца, каб звярнуць увагу ўсіх на нейкі каларытны факт сваёй біяграфіі, а чацвёрты сам сабе распавядае, якая добрая ў яго была маці, і які ён п’янюга, і які ён ганебны: няварты такой маці сын.Спявалі, цалаваліся. Нехта выў:Мая жонка ў хаце,А я п’ю, гуляю.Карчмару вала, а душуД’яблу прапіваю.Другі цягнуў сваё:Раскажыце мне, добры людзейкі,Дзе мой любы начуе.Калі ў дальняй дарозе – Памажы яму, Божа,Як ва ўдовачкі на пасцелечцы – Пакарай яго, Божа.Як ва ўдовачкі на пасцелечцы...Хтосьці прыўзняў галаву ад стала і праспяваў свой варыянт апошняга радка:Пам-мажы яму... тож-жа.Усе зарагаталі.Між тым Дубатоўк пакруціў галавою, як быццам адганяючы ачмурэнне, устаў і агаласіў:– Я нарэшце знайшоў сярод маладых сапраўднага шляхціца. Ён піў сёння больш за мяне, я адурэў, а ён свежы, як хмыз пад дажджом. Вы ўсе тут не вытрымалі б і паловы гэтага. Дзевяць з вас ляжалі б без ног, а адзін мыкаў. Гэта мужчына! Гэта чалавек! Яго, і толькі яго, я з задавальненнем узяў бы ў сябры юнацтва.Усе пачалі крычаць “славу”. Толькі адзін Варона глядзеў на мяне змрочна і з’едліва. Пілі за маё здароўе, за шляхту – соль зямлі, за маю будучую жонку.Калі захапленне трошкі прыціхла, Дубатоўк паглядзеў мне ў вочы і давяральна спытаў:– Ажэнішся?Я няпэўна хітнуў галавою, хоць добра разумеў, пра што ён пытае. Ён, відаць, быў упэўнены ў гэтым, а мне не хацелася яго пераконваць у адваротным. Старому я спадабаўся, ён быў падпіты зараз і мог вельмі пакрыўдзіцца, калі б я шчыра сказаў яму, што я ніколі пра гэта не думаў і думаць не хачу.– Яна прыгожая, – замест адказу сцвердзіў Дубатоўк і ўздыхнуў, адводзячы ўбок вочы.– Хто? – спытаў я.– Мая падапечная.Справа зайшла занадта далёка, і больш круціць нельга было, атрымалася б, што я скампраметаваў дзяўчыну.– Я не думаў пра гэта, – сказаў я. – А каб нават і думаў, дык гэта справа не мая. Спыталі б перш за ўсё ў яе.– Унікаеш сур’ёзнага адказу, – раптам з’едліва працадзіў Варона (я не чакаў, што ён можа чуць нашу ціхую размову). – Не хочаш проста і шчыра сказаць сур’ёзным людзям, што гонішся за грашыма, за радавітай жонкаю.Я збялеў. Імкнучыся трымацца спакойна, адказаў:– Я не збіраюся жаніцца. І наогул лічу, што размова пра дзяўчыну ў халастой падпітай кампаніі – не пасуе сапраўднаму чалавеку. Заціхніце, пан Варона, не прыцягвайце ўвагі п’яных да бязвіннай дзяўчыны, не псуйце яе рэпутацыі, і я, хоць гэта жахлівая абраза, дарую вам яе.– Хо! – сказаў Варона. – Ён мне даруе. Гэты кот, гэтае хамуйла.– Замаўчыце! – крыкнуў я. – Як вы абражаеце яе адным з гэтых слоў, падумайце?!– Панове! Панове! – супакойваў нас Дубатоўк. – Варона, ты п’яны.– Думайце самі. Я спусціў вам аднойчы вашу правіну, я не буду гэтага рабіць больш, – прашыпеў Варона.