Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Мярзотнік! – гаркнуў я, шалеючы.– Гэта я?– Так, вы! – крыкнуў я так страшна, што нават той, хто спаў, узняў галаву ад стала. – Я прымушу вас замазаць глотку.Сталовы нож прасвісцеў у паветры і плазам стукнуўся мне ў грудзі. Я ўскочыў з месца, схапіў Варону за грудзі і трахануў. У той самы час Дубатоўк схапіў нас за плечы і расцягнуў, моўчкі штурхнуўшы Варону ў грудзі.– Саромся, Алесь! – загрымеў ён. – Ты шчанюк... Зараз жа мірыся.– Не, чакай, Дубатоўк. Справа сур’ёзная. Позна. Закрануты мой гонар, – рыкаў Варона.– І мой гонар, як гаспадара. Хто цяпер прыедзе да мяне ў госці? Усе скажуць, што ў мяне можна нарвацца на такое, – гудзеў Дубатоўк.– Пляваць, – выкрыкнуў, ашчэрыўшыся, Варона.Дубатоўк моўчкі даў яму поўху.– Цяпер ты будзеш перш за ўсё біцца на шаблях, са мною, бо ён толькі ўзяў цябе за грудзі, – прасіпеў ён такім голасам, што многія здрыгануліся. – Я зраблю так, што мой госць пойдзе адсюль жывы і здаровы.– Памыляешся, – амаль спакойна сказаў Варона. – Хто першы абразіў, той першы і ў чарзе. А пасля ўжо справа будзе і з табою, хоць і забі мяне.– Алесь, – амаль благаў Дубатоўк. – Не рабі ганьбы маёй хаце.– Ён будзе біцца са мною, – цвёрда сказаў Варона.– Ну і добра, – нечакана згадзіўся гаспадар. – Нічога, пан Беларэцкі. Будзьце мужнымі. Гэты свінтух зараз такі п’яны, што не зможа трымаць пулгака. Я, бадай што, стану поруч з вамі, гэта будзе самае небяспечнае ад куль месца на ўсім месцы дуэлі.– Што вы, пане Рыгор... – я паклаў далонь яму на члячо. – Не трэба. Я не баюся. Будзьце мужнымі і вы.Варона ўтаропіў на мяне свае чорныя мёртвыя вочы:– Я яшчэ не скончыў. Страляцца будзем не ў садзе, іначай гэты фацэт уцячэ. І не заўтра, іначай ён ад’едзе адсюль. Страляцца будзем тут, зараз, у пустым пакоі ля імшаніка. І кожнаму па тры кулі. У цемры.Дубатоўк зрабіў пратэстуючы жэст, але ў маю душу ўжо закралася халодная вар’яцкая ярасць. Мне было ўсё адно, я ненавідзеў гэтага чалавека, забыў Яноўскую, працу, сябе.– Я падпарадкоўваюся вашаму жаданню, – з’едліва сказаў я. – А вы скарыстаеце цемру, каб уцячы ад мяне? Зрэшты, як хочаце.– Ільвяня! – пачуў я перарывісты голас Дубатоўка.Я глянуў на яго і ўразіўся. На старога шкада было глядзець. Твар яго перакрывіўся, у вочках была нялюдская туга і сорам, такі сорам, такі сорам, хоць лусні... Ён ледзь-ледзь не плакаў, і на канцы носа вісела нейкая падазроная кропля. Ён нават у вочы мне не зірнуў, павярнуўся і махнуў рукою.Імшанік прылягаў да дома, вялізнае памяшканне з сівым мохам у пазах сценак. Павуцінне, як раскручаныя сувоі палатна, вісела з саламянай страхі і хіталася ад крокаў. Два шляхціцы неслі свечкі і праводзілі нас у пакой ля імшаніка, зусім пусты, з шэрай бруднай атынкоўкай і без акон. Тут пахла мышамі і брыдотай запусцення.Калі сказаць сумленна, я баяўся, і вельмі баяўся. Пачуцці мае былі падобнымі да пачуццяў быка на бойні або чалавека, які сядзіць у дантыста. І кепска, і брыдка, але ўцякаць нельга.“Ну што будзе, як ён вось зараз возьме і стрэльне і трапіць мне ў жывот? Ах, гэта жахліва! Уцячы б куды”.Мне чамусьці асабліва жахлівай здавалася рана ў жывот. А я яшчэ толькі што пад’еў.Я ледзь не замычаў ад тугі і агіды. Але своечасова схамянуўся і паглядзеў на Варону. Ён стаяў з секундантамі ля процілеглай сцяны, заклаўшы левую руку ў кішэнь чорнага фрака, а ў правай, апушчанай уніз, трымаў дуэльны пулгак. Два другія яму заклалі ў кішэні. Яго жоўты, сухі і нейкі грэблівы твар быў спакойны. Не ведаю, ці мог я сказаць тое самае пра свой твар.