Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Два мае секунданты (адзін з іх быў Дубатоўк) далі і мне пулгак, два другія пулгакі паклалі ў кішэні – я нічога не заўважаў, я глядзеў на твар чалавека, якога я павінен забіць, бо іначай ён заб’е мяне. Я глядзеў на яго з нейкай прагнасцю, як быццам жадаючы зразумець, за што ён заб’е мяне, за што ён мяне ненавідзіць.“За што я яго заб’ю? – падумаў я, як быццам толькі я стаяў тут з пулгакам у руцэ. – Не, яго нельга забіваць. І нават не ў тым, не ў тым справа, а вось гэта тонкая, такая слабая чалавечая шыя, якую так лёгка перарваць”. Я не хацеў паміраць таксама, я вырашыў выкручвацца, дабіцца таго, каб Варона стрэліў тры разы, і тым скончыць дуэль.Секунданты выйшлі і пакінулі нас двух у пакоі. Пасля дзверы зачыніліся. Мы апынуліся ў поўнай цемры. Хутка прагучаў голас аднаго з секундантаў Вароны:– Пачынайце.Я зрабіў левай нагою два “крокі” ўбок і пасля асцярожна паставіў яе на ранейшае месца. Дзіўна, але ўсялякае хваляванне знікла, я дзейнічаў як аўтамат, але так разумна і хутка, як ніколі не здолеў бы зрабіць гэта пад кантролем мозгу. Не слыхам, а хутчэй скурай я адчуваў прысутнасць Вароны ў пакоі, там, ля другой сцяны.Мы маўчалі. Зараз справа залежала шмат у чым ад таго, хто будзе больш вытрыманы. Палец мой так і імкнуўся хутчэй націснуць спуск.Успышка азарыла пакой. Не вытрымаў Варона. Куля візганула недзе ў левым баку ад мяне, цокнулася ў сцяну. Я мог бы стрэліць у той момант так верна, як пры дзённым святле. Але я не стрэліў, толькі памацаў рукою тое месца, куды яна ўдарыла. А потым застаўся на тым самым месцы.Варона, відаць, не мог нават і падумаць, што я другі раз ужыў той самы прыём. Я чуў яго ўсхваляванае сіплае дыханне.Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок.Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна.Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу.Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся.А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак.– Што там такое? – прагучаў голас за дзвярыма. – Страляў хтосьці адзін. Што там, забіла каго, ці што? Страляйце хутчэй, хопіць вам кулагу варыць.І тады я ўзняў руку з пулгакам, адвёў яе ў бок ад таго месца, дзе быў у момант трэцяга стрэлу Варона, і націснуў спуск. Трэба ж было мне выпусціць хоць адну кулю.У адказ, зусім нечакана для мяне, раздаўся жаласны стогн і гук ад падзення чалавечага цела.– Хутчэй сюды! – крыкнуў я. – Хутчэй! Дапамажыце! Я, здаецца, забіў яго.Жоўтая, асляпляючая паласа святла наўскос упала на падлогу. Калі людзі ўвайшлі ў пакой, я пабачыў Варону, які ляжаў дагары тварам, выцягнуты і нерухомы. Я кінуўся да яго, прыўзняў яго галаву. Рукі мае натрапілі на нешта цёплае і ліпучае. Твар Вароны яшчэ больш пажаўцеў.Я не вытрымаў больш, я схапіў яго за шчокі, прыпаў тварам:– Варона! Варона! Прачніся! Прачніся ж!Дубатоўк, змрочны і суровы, выплыў аднекуль, бы з туману. Ён завіхаўся ля ляжачага, пасля зірнуў мне ў вочы і зарагатаў. Мне здалося, што я звар’яцеў. Я ўстаў і, ашалелы, амаль непрытомны, выцягнуў з кішэні другі пулгак. Мне здавалася вельмі простым узяць яго, паднесці да скроні і...