Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Не жадаю, не жадаю я больш!– Ну чаго ты, хлопча, чаго, любенькі, – пачуў я голас Дубатоўка. – Гэта ж не ты яго абразіў, ён нас з табою хацеў зганьбіць. Нічога, за табою яшчэ два стрэлы. Бач ты, як цябе курчыць! Гэта ўсё з непрывычкі, ад чыстых рук ды сумленнага сэрца. Ну... ну... ты ж не забіў яго, не. Ён толькі аглушаны, як бугай на бойні. Бач, як ты яго лоўка. Адстрэліў кавалак вуха ды яшчэ і на галаве скуру ўспароў. Нічога, паляжыць тыдзень, адлежыцца.– Не трэба мне вашых двух стрэлаў! Не жадаю! – крычаў я, як дзіцёнак, і ледзь не тупаў нагамі. – Дарую яму гэтыя два стрэлы!Варону падхапілі мой секундант і яшчэ нейкі шляхціц, у якога ўвесь твар складаўся з вялізнага кірпатага носа і няголенай барады. Яны панеслі яго кудысьці.– Хай бярэ сабе гэтыя два стрэлы!Толькі тут я зразумеў, які гэта жах забіць чалавека! Лепей, напэўна, здохнуць самому. І не тое каб я быў такім ужо святым. Зусім іншая справа, калі такое здарыцца ў сутычцы, у бітве, у запале. А тут цёмны пакой і чалавек, які хаваецца ад цябе, як пацук ад факстэр’ера. Я стрэліў з абодвух пулгакаў у сценку ля столі, кінуў іх на зямлю і пайшоў.Калі я зайшоў у пакой, дзе адбылася свара, Варону паклалі ўжо ў адным з дальніх пакояў пад нагляданнем сваякоў Дубатоўка, а кампанія зноў сядзела за сталом. Я хацеў ісці адразу ж – не пусцілі. Дубатоўк пасадзіў мяне поруч з сабою і сказаў:– Нічога, хлопча. Гэта ад нерваў у цябе. Ён жывы, будзе здаровы – чаго яшчэ? І ён будзе цяпер ведаць, як насыкацца на сапраўдных людзей. На, выпі... Я скажу табе, што ты сапраўдны чалавек. Так д’ябальскі хітра і так мужна чакаць усіх трох стрэлаў – гэта мала хто мог зрабіць. І гэта добра, што ты высакародны, ты ж мог забіць яго дзвюма астатнімі кулямі – і не зрабіў гэтага. Мая хата зараз да апошняга крыжа ўдзячна табе.– І ўсё ж гэта дрэнна, – сказаў адзін з шляхцюкоў. – Такая вытрымка, яна не ад чалавека.Дубатоўк скалануў галавою:– Сам вінен, свіння. Сам палез, п’яны дурань. Хто б яшчэ падумаў крычаць пра грошы, акрамя яго. Ты ж ведаеш, што ён да яе сватаўся і атрымаў гарбуза. Я ўпэўнены, што пан Андрэй значна больш забяспечаны чалавек, чым Яноўскія. У яго галава, праца і рукі, а ў апошняй жанчыны іхняга роду – маярат, на якім трэба сядзець, як сабаку на сене, здохнуць голадам на скрыні з грашыма.І звярнуўся да ўсіх:– Панове, я спадзяюся на гонар усіх нас. Мне здаецца, аб тым, што здарылася, трэба маўчаць. Гэта не робіць гонару Вароне – д’ябал з ім, ён заслугоўвае катаргі, але гэта не робіць гонару і вам, і дзяўчыне, імя якой трапаў на п’яным языку гэты блазнюк... Ну, а мне і пагатоў. Адзіны, хто трымаў сябе як мужчына, гэта Беларэцкі, а ён, як сапраўдны мужчына, сціплы чалавек.Усе згадзіліся. І госці, відаць, умелі трымаць язык за зубамі, бо па акрузе ніхто і словам не абмовіўся пасля аб гэтым здарэнні.Калі я ішоў адтуль, Дубатоўк затрымаў мяне на ганку:– Каня табе даць, Андрусь?Я ўмею ездзіць, але хацеў прайсціся пехатою і ачуняць пасля ўсяго.– Ну то глядзі.Я пайшоў дадому верасоваю пусткаю. Была ўжо глыбокая ноч, месяца не было відаць за хмарамі, але нейкае няпэўнае, хварабліва-шэрае святло залівала пусткі. Часам уздрыгваў пад парывамі ветру сухі верас, часам панавала цішыня. Вялізныя стаячыя каменні трапляліся каля дарогі. Панурая гэта была дарога! Цені разрасталіся, перасякалі яе. Мне трохі хацелася спаць, і я жахнуўся ад адной думкі, што трэба ісці дарогаю, абмінаць парк, крочыць каля Волатавай прорвы. Лепей было зноў пайсці пусткаю і адшукаць патаемны лаз у агароджы.