Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Я збочыў з дарогі, амаль адразу трапіў у нейкую твань, перапэцкаў боты, пасля выбіўся на сухі верас, пасля зноў трапіў у гразь, упёрся ў доўгае і вузкае балота. Лаючы сябе за тое, што зрабіў вялікі круг, я ўзяў налева, бліжэй да зараснікаў на беразе ракі (я памятаў, што там было суха, і да таго ж рака трохі асушае каля сябе вільготную мясцовасць), выбіўся хутка на тую самую сцежку, па якой ішоў да Дубатоўка, і, апынуўшыся ў палове вярсты ад яго хаты, пайшоў ля зараснікаў у напрамку Балотных Ялін. Парк ужо вымалёўваўся верхавінамі дрэў вярсты за паўтары наперадзе, калі нейкае незразумелае пачуццё спыніла мяне. Ці пачуцці мае, абвостраныя ў гэты вечар гарэлкай і небяспекаю, ці нейкае незразумелае шостае пачуццё выразна сказалі мне, што я не адзін на раўніне. Што было гэта, другое, я не ведаў, але быў упэўнены, што яно яшчэ далёка. Я прыспешыў крокі, хутка абмінуў той язык дрыгвяністага месца, у які ўлез нядаўна і які перагароджваў мне шлях. Атрымалася так, што я стаяў амаль ля зараснікаў, проста перада мною ў вярсце быў парк Балотных Ялін, дрыгвяністая лагчына метраў у дзесяць шырынёй аддзяляла мяне ад таго месца, дзе знаходзіўся сорак хвілін таму, дзе сунуўся ў твань (я згубіў гэтыя хвіліны, каб зрабіць круг). За лагчынаю ляжалі пусткі, роўна асветленыя ўсё тым самым няпэўным святлом, а за імі – дарога. Калі павярнуцца назад, то далёка ў правым баку мігцеў апошні агеньчык у хаце Дубатоўка, мірны і ружовы, а ў левым баку, таксама далёка, за пусткамі віднеліся разложыстыя і агромністыя верхавіны Яноўскай пушчы. Але яна была вельмі-вельмі далёка, на мяжы пустак і балот.Я стаяў і слухаў, хоць нейкае неспакойнае пачуццё і казала мне, што яно зараз бліжэй. Я ж не мог паверыць у прадчуванні: павінна была быць нейкая рэальная прычына для гэтага душэўнага стану. Я не мог нічога бачыць: лёгкі туман укрываў раўніну. Я нічога не чуў. Што ж гэта магло быць, адкуль гэты сігнал? Я лёг на зямлю, прыціснуў да яе вуха і праз палову хвіліны адчуў нейкае раўнамернае страсенне зямлі. Не скажу, што я вельмі смелы чалавек, інстынкт самазахавання ў мяне, можа, нават больш моцны, ніж у іншых, але я заўжды быў вельмі дапытлівы. Я вырашыў чакаць і хутка быў узнагароджаны.З боку пушчы па пустках рухалася нейкая цёмная маса, даволі вялікая і рухавая. Я доўгі час не мог здагадацца, што гэта такое. Пасля я пачуў дробны і роўны пошчак капытоў. Шамацеў верас. Пасля ўсё знікла, маса, відаць, спусцілася ў нейкую лагчыну, а калі з’явілася зноў – пошчак змоўк. Яна імчалася бязгучна, быццам плыла ў паветры, рабілася ўсё бліжэй і бліжэй. Пасля зрабілася большай, відаць, звярнула і замест галавы паказала мне бок. Яшчэ хвіліна, і я аж надаўся наперад. У хвалях слабага празрыстага туману ясна вымалёўваліся сілуэты коннікаў, якія імчалі шалёным намётам, аж конскія грывы веялі на ветры. Я пачаў лічыць іх і налічыў дваццаць. Дваццаць першы скакаў наперадзе. Я яшчэ сумняваўся, калі вецер прынёс аднекуль далёкі водгук паляўнічага рога. Халодны сухі мароз прайшоў па маёй спіне.Цьмяныя цені коннікаў беглі ад дарогі наўскос да дрыгвяністай лагчыны. Веялі па ветры плашчы-велеісы, коннікі прама, як лялькі, сядзелі ў сядле, і ніводны гук не далятаў адтуль. Менавіта ў гэтым маўчанні і было самае жахлівае. Нейкія светлыя плямы выдзяляліся на гэтым туманным фоне. А дваццаць першы скакаў наперадзе, не матляючыся ў сядле, вочы яго закрываў нізка насунуты капялюх з пяром, твар быў змрочны і бледны, вусны падціснуты.