Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Дзікі верас спяваў пад іхнімі нагамі.Я дапытліва глядзеў на вострыя насы, якія тырчалі з-пад капелюхоў, на тонкія, знізу калматыя ногі коней нейкай невядомай пароды.Бязгучна скакала па верасе дзікае паляванне караля Стаха, імчалі шэрыя, туманныя, нахіленыя наперад постаці.Я не адразу зразумеў, што яны, блукаючы балотам, натрапілі на мой след і зараз ідуць па ім па маю душу. Яны спыніліся, усё так жа бязгучна, каля таго месца, дзе я ўбіўся ў твань. Да іх было не менш дзесяці метраў праз дрыгву, я бачыў нават, што коні іхнія, туманныя коні, варанога і стракатага колераў, але не пачуў ніводнага гуку, толькі недзе ля пушчы часам спяваў прыглушаны рог. Я толькі бачыў, што адзін з іх павіснуў у сядле, паглядзеў на сляды, зноў выпраміўся. Правадыр махнуў рукою ў той бок, куды пайшоў я, агінаючы лагчыну, і паляванне памчала. Яшчэ хвілін пятнаццаць, і яно, агінуўшы лагчыну, павінна было быць тут. Халодная злосць віравала ў маім сэрцы: ну не, здані вы ці хто, а я вас стрэну па-належнаму!.. Рэвальвер, шэсць набояў – і паглядзім. Я хутка сунуў руку ў кішэнь, і... халодны пот выступіў на маім ілбе: рэвальвера не было. Я толькі тут успомніў, што пакінуў яго ў шуфлядзе бюро ў маім пакоі.“Гэта канец”, – падумаў я.Але чакаць канца, склаўшы лапкі, было не ў маіх правілах. Праз пятнаццаць хвілін будуць тут. Мясцовасць няроўная. Там-сям ёсць балотцы, якія мажліва перабегчы мне, а не коннікам (хоць, можа, калі яны здані, яны пералятуць іх у паветры). Я магу заблытаць сляды.Я зняў боты, каб у першыя хвіліны не прыцягнуць увагі пагоні гукамі сваіх крокаў, і пайшоў, спачатку няспешна, а пасля, калі лагчына схавалася, хутчэй. Я пятляў, бег па верасе, ногі мае ўзмоклі ад расы. Я накіраваўся спачатку ўздоўж лагчыны, а пасля крута звярнуў да Балотных Ялін хмызамі. Некалькі разоў я бег па вадзе – ці зважаць мне было на гэта? Хутка я зноў дабег да сцежкі, а калі павярнуўся, то пабачыў дзікае паляванне ўжо на гэтым баку. Яно з той самай тупой упартасцю рухалася па маіх слядах. Пагоня імчала, грывы і плашчы рэялі ў паветры.Карыстаючыся тым, што я схаваны ад іх хмызамі, а сцежка ідзе пад гару, я ўзяў боты ў рукі і даў па сцежцы такі клас бегу, якога не даваў ніколі да гэтага і бадай што ніколі – пасля. Я імчаў так, што вецер свісцеў у вушах, паліла ў лёгкіх, выядаў вочы пот. А тупат за маёй спіною хоць павольна, а набліжаўся. Хутка мне ўжо здавалася, што я ўпаду, я і сапраўды два разы спатыкнуўся, але выправіўся і бег, бег, бег. Павольна, вельмі павольна набліжаўся цёмны парк, а тупат гучаў усё бліжэй і бліжэй.На маё шчасце, прыйшло другое дыханне, як сказалі б зараз. Я бег напрасткі, праз яры і ямы, агінаючы гарбы, на якіх мяне маглі заўважыць. І тупат гучаў то бліжэй, то далей, то з правага, то з левага боку. Мне не было часу азірацца, але раз я ўсё ж азірнуўся з хмызоў. Яны, людзі дзікага палявання, ляцелі за мною ў малочным нізкім тумане.Коні іхнія распасцерліся ў паветры, верас звінеў пад капытамі, коннікі сядзелі нерухома, і над імі, у лапіку чыстага неба, гарэла самотная вострая зорка.Напружыўшы апошнія сілы, я скаціўся з горкі, перасек шырокую сцежку, скокнуў у канаву і пабег па дне, па вадзе. Канава набліжалася да агароджы. Я выскачыў з яе і адным скачком перанёсся да агароджы. Яны былі ў якіх-небудзь дваццаці сажнях ад мяне, але трохі замарудзіліся, і гэта дало магчымасць праскочыць у ледзь прыкметную дзірку і захавацца ў бэзе. На сцежцы было зусім цёмна ад дрэў, і таму, калі яны амаль бязгучна прамчалі паўз мяне, я не змог разгледзець іх. Але я добра чуў, як галаўны прастагнаў: “Да прорвы”.