Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Дзікае паляванне памчала далей, а я сеў на зямлю. Сэрца маё калацілася, як хвост авечкі. Але я хутка ўстаў. Сядзець пасля бегу нельга. Я добра разумеў, што толькі атрымаў адтэрміноўку. Яны могуць хутчэй дамчаць навакольным шляхам да дома, чым я дайду да яго нацянькі. І зноў пабег. Ногі мае былі збітыя да крыві, двойчы я ўпаў, запнуўшыся аб карэнні, лапы ялін сцябалі мой твар. Гмах палаца вырас перада мною зусім нечакана, і адначасова я пачуў пошчак капытоў недзе наперадзе. Яны зноў гучалі, яны грымелі так часта, што я скурай адчуваў: яны імчаць неверагодна хуткім намётам.Я пайшоў ва-банк. Я мог схавацца, але ў палацы была дзяўчына, якая зараз, пэўна, вельмі спалохалася. Я павінен быў быць там, там была мая зброя. У некалькі скачкоў я спынуўся на ганку і затарабаніў у дзверы:– Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Адчыніце!Крычаць было нельга. Яна магла абамлець ад жаху. А ляск капытоў быў ужо тут, на гэтае палове палаца. Я грукацеў.Дзверы адчыніліся раптоўна. Я ўскочыў у залу, моцна прыпёр дзверы і хацеў быў кінуцца за зброяй, але праз ваўчок пабачыў, што туманныя коні прамчаліся далей і зніклі за павароткай алеі.Я глянуў на Яноўскую, якая стаяла, уражаная маім выглядам, глянуў у люстру і жахнуўся: увесь падзёрты, пашарпаны, з крывёю на руках, са скалмачанымі валасамі стаяў і дзіка глядзеў на мяне мой двайнік. Я зноў глянуў на Яноўскую: бледная, з мёртвым тварам, яна закрыла вочы і спытала:– Верыце вы зараз у дзікае паляванне караля Стаха?– Зараз веру, – змрочна сказаў я. – І вы не пабаяліся адчыніць мне дзверы ў такі момант?!.. Маленькае мужнае сэрца.У адказ яна разрыдалася:– Пане Беларэцкі... пан Андрэй... Андрэй. Я так баялася, так баялася за вас. Божа... Божа... Божа! Хоць бы ўзяў ты толькі мяне адну!Рукі мае сціснуліся ў кулакі.– Пані Надзея. Я не ведаю, здані гэта ці не. Здані не маглі быць такімі рэальнымі, людзі не маглі быць такімі прывіднымі, палаць гэткай нячыстай злобай. Але я клянуся, клянуся вам. За гэты ваш жах, за гэтыя вашы слёзы яны заплоцяць мне, заплоцяць дарагой цаной. Клянуся вам.Недзе далёка заміраў часты пошчак конскіх капытоў.

Раздзел шостыКалі да гэтага тэмп майго апавядання быў трохі запаволены, то зараз ён будзе, наадварот, ці не занадта хуткім. Але што зробіш, надзеі з той жахлівай ночы так імчаліся, што ў мяне кружылася галава.Ранкам наступнага дня мы хадзілі з Яноўскай да вёскі, дзе я запісваў легенды. Усю дарогу я пераконваў яе, што не трэба так баяцца дзікага палявання, расказаў, як я ўчора ашукаў яго, а ў галаве круцілася: “Што ж гэта было? Што?”Гаспадыня трошкі павесялела, але ўсё ж была прыгнечанай: такой яе я яшчэ не бачыў. А калі я вяртаўся да палаца (Яноўская затрымалася ля флігеля з вартаўніком), я заўважыў брудны аркуш паперы, прышпілены калючкай да стаўбура яліны на відным месцы. Я садраў яго:“Тое, чаму трэба, загіне. Ты лёзны чалавек, чужынец нейкі. Сыходзь з дарогі. Ты чужы тут, якая справа табе да праклятых радоў. Паляванне караля Стаха прыходзіць апоўначы. Чакай”.Я толькі плячыма знізаў. Пасля таго апакаліптычнага жаху, які я перажыў учора, гэта пагроза здалася мне дрэннай меладрамай, непрадуманым ходам і, між іншым, пераканала мяне ў зямным паходжанні гэтай чартаўшчыны (як вы пабачыце далей, дарэмна).Я схаваў ліст. А ўначы адбылося адразу два здарэнні. Спаў я зараз вельмі дрэнна, мучылі нейкія кашмары. Я прачнуўся апоўначы ад крокаў, але на гэты раз нейкая незразумелая ўпэўненасць, што гэта не проста гукі, прымусіла мяне ўстаць. Я накінуў халат, асцярожна адчыніў дзверы і выйшаў у калідор. Крокі гучалі ў дальнім яго канцы. Я пайшоў за імі і... пабачыў ахмістрыню, якая са свечкаю ішла кудысьці. Я асцярожна ішоў за ёю, трымаючыся цемры. Яна зайшла ў нейкі пакой. Я пайшоў быў да яго, але яна выглянула адтуль, і я ледзь паспеў прыцісцуцца да сцяны. Калі я дайшоў да пакоя, то пабачыў там толькі стары пісьмовы стол, разьблёную шафу. На падаконніку стаяла свечка. Я зайшоў туды, вельмі асцярожна заглянуў у шафу – пустая. Пакой быў зусім пусты, і на жаль, мне нельга было вартаваць у ім: я мог сапсаваць усю справу. Таму я пайшоў за паваротку калідора і стаў там. У халаце было холадна, мерзлі ногі, але я стаяў. Я стаяў, напэўна, ужо каля гадзіны, калі раптам другая з’ява ўразіла мяне. Па калідоры, па дальнім яго канцы, рухалася блакітная постаць жанчыны. Адкуль яна з’явілася – не ведаю: калідор у тым канцы таксама рабіў калена. Яна рухалася плаўна, быццам плыла. Я толькі быў рушыў туды, як спыніўся, уражаны. Твар гэтай жанчыны быў тварам Надзеі Яноўскай, толькі дзіўна змененым. Ён быў вельмі паважны і спакойны, больш сталы і нейкі нават больш выцягнуты. Дзе я бачыў такі? Я ўжо здагадаўся і ўсё ж не верыў сам сабе. Ну, вядома, партрэт страчанай жанчыны ў зале. Блакітная Жанчына!