Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

Я забыўся на ахмістрыню, на холад, на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку – не, я не спаў.Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго.Пасля пайшла па сходах па першы паверх.І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д’ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам:– Надзея Раманаўна, вы спіце?У адказ я пачуў соннае мармытанне.Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак.

Раздзел сёмыКалі мы наступнага дня гулялі з ёй у алеі, я расказаў ёй пра здарэнні мінулай ночы. Можа, мне і няварта было рабіць гэтага, не ведаю, але я ніяк не мог пазбавіцца думкі, што тут нешта нячыста з ахмістрыняю. Яна не здзівілася, паглядзела на мяне вялікімі рахманымі вачыма і адказала павольна:– Бачыце, а я ў гэту ноч так перахвалявалася за вас, што спачатку не спала, а потым заснула так моцна, што нават нічога не чула. Няварта вам уставаць уначы, пане Беларэцкі. Калі што-небудзь здарыцца, я гэтага сабе не дарую... А наконт ахмістрыні вы памыляецеся. Уласна кажучы, яна можа хадзіць паўсюль, я не датрымліваюся старых правіл, што ахмістрыня можа прыходзіць на другі паверх толькі тады, калі яе клічуць. Тут самае жахлівае не яна, а Блакітная Жанчына. Зноў яна з’явілася. Неадменна здарыцца нешта дрэннае.І з суровай мужнасцю дадала:– Хутчэй за ўсе гэта будзе смерць. І я маю ўсе падставы думаць, што памру я.Мы сядзелі ў старой альтанцы, закінутай глыбока ў зарасніках. Камень ад старасці ўвесь аброс мохам, які пасля апошніх дажджоў молада зазелянеў. Пасярэдзіне альтанкі стаяла мармуровая дзеўка з адбітым вухам, і па твары яе поўз слімак. Яноўская паглядзела на яе і сумна ўсміхнулася:– Вось так і мы. Брыдота запусцення наша жыццё. Вы казалі, што не зусім верыце ў тое, што гэта здані. Я з вамі не згаджаюся. Але хоць бы і так – што мяняецца? Ці не ўсё адно, ад каго пакутаваць, калі пакутаваць трэба, трэба скупляць грахі.– Вы іх скупілі гэтымі двума гадамі, – пачаў я. Але яна не слухала мяне.– Людзі грызуцца, як павукі ў банцы. Шляхта памірае. Калісьці мы былі моцнымі, як камень, а зараз мы... ведаеце, калі раскалоць камень са старога будынка, у ім будуць слімакі. Невядома, чым яны там жывяцца, але варта стукнуць такі камень, як ён разваліцца. Так і мы. І няхай стукаюць хутчэй.– І не шкада вам гэтай прыгажосці? – павёў я рукою вакол сябе.– Не, толькі б хутчэй. Я, наогул, даўно гатова знікнуць разам з гэтым гняздом і не шкадавала б ні яго, ні сябе. Але з некаторага часу я заўважыла, што мне робіцца трошкі шкада жыцця. Напэўна, яно не такая дрэнная штука, як я думала. Напэўна, і ў ім ёсць сонца, сябры, пушыстыя дрэвы, смеласць і вернасць.