Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Гэта вельмі добра, што вы так думаеце.– Не, гэта вельмі дрэнна. У сто разоў горш паміраць, любячы жыццё, ніж так, як я меркавала памерці раней. Раней жах быў звыклым станам маёй душы, зараз ён ператвараецца ў штосьці такое, чаму няма наймення, чаго я не жадаю. І ўсё таму, што я пачала трошкі верыць людзям. Не трэба гэтай веры, не трэба надзеі. Лепей так, як раней. Гэта і спакойна.Мы памаўчалі, яна нахіліла сабе на калені жоўтую напаўабляцелую галінку клёна і гладзіла яе.– Людзі не заўсёды хлусяць. Я вельмі ўдзячна вам, пан Беларэцкі, за гэта. Вы павінны мне прабачыць, я чула вашу размову са Свеціловічам, чыстай, добрай душой, адзіным, акрамя вас ды, можа, яшчэ дзядзькі, чалавекам у гэтай акрузе. Дзякую за тое, што не паўсюль на зямлі людзі з плоскімі галовамі, тоўстым чэрапам і чыгуннымі мазгамі.– Дарэчы, пра Дубатоўка. Як вы лічыце, ці не павінен я адкрыцца яму, каб разам узяцца за выкрыццё гэтай поскудзі?Веі яе ўздрыганулі.– Не трэба. Гэты чалавек трыста разоў даказваў сваю адданасць і вернасць нашаму дому, ён добры чалавек, ён не даў Гарабурдзе падаць да сыскання наш вэксаль яшчэ пры бацьку і зрабіў гэта не зусім дазволеным шляхам: вызваў яго на дуэль і сказаў, што ўсе сваякі яго будуць вызываць Гарабурду да таго часу, пакуль справа не скончыцца для яго дрэнна. Але менавіта таму я і не жадаю, каб ён умешваўся. Ён занадта гарачы, дзядзечка.Вочы яе, прамяністыя і ціхія, заблішчалі раптам.– Пан Беларэцкі, я даўно жадала сказаць вам нешта. Пасля ўчарашняй нашай размовы, калі вы кляліся, я зразумела, што чакаць нельга. Вы павінны пакінуць Балотныя Яліны, пакінуць сёння, самае позняе заўтра, і ехаць у горад. Хопіць. Адспявалі скрыпкі. У свае правы ўступае смерць. Вам няма чаго рабіць тут. Едзьце. Пакіньце гэты забруджаны стагоддзямі дом, гнілых людзей, іхнія злачынствы таму, што да іх пасуе: ночы, дажджы. Вы занадта жывы для гэтага. І вы чужы.– Надзея Раманаўна! – залямантаваў я. – Што вы кажаце! Мяне ўжо называлі тут чужынцам. Ці мог я чакакаць, каб і з вашых вуснаў даляцела да мяне тое самае жорсткае слова? Чым я заслужыў яго?– Нічым, – суха сказала яна. – Але позна. Усё на свеце позна прыходзіць. Вы занадта жывы. Ідзіце да свайго народа, да тых, хто жыве, галадае і смяецца. Ідзіце перамагаць. А мёртвым пакіньце магілы...Я раззлаваўся да непрытомнасці:– А вы не мой народ? А гэтыя людзі, запалоханыя і галодныя, гэта не мой народ? А Свеціловіч, якому я павінен буду здрадзіць, гэта не мой народ? А гэтыя праклятыя Богам балоты, дзе чыніцца мярзота, гэта не мая зямля? А дзеці, якія плачуць уначы, пачуўшы пошчак капыт дзікага палявання, якія дрыжаць ад жаху ўсё жыццё, гэта не дзеці маіх братоў? Як вы смелі нават прапанаваць мне такое?!Яна ламала рукі:– Пане Беларэцкі... Няўжо вы не разумееце, што позна абуджаць да жыцця гэтую мясцовасць і мяне? Мы стаміліся спадзявацца, не абуджайце нашай надзеі. Позна! Позна! Няўжо вы не разумееце, што вы адзін, што вы нічога не зробіце, што пагібель ваша – гэта будзе жахліва, гэта будзе непапраўна! Я не дарую сабе гэтага. О, каб вы ведалі, якія гэта жахлівыя здані, якія ненажэрныя да чужой крыві!– Надзея Раманаўна, – сказаў я холадна, – ваш дом – моцная крэпасць. Але калі вы гоніце мяне, я пайду ў менш надзейную, але не пакіну гэтай мясцовасці. Зараз трэба або памерці, або перамагчы. Памерці – калі гэта здані. Перамагчы – калі гэта людзі. Я не паеду адсюль, не паеду нізавошта на свеце. Калі я перашкаджаю вам – іншая справа. Але калі ваша просьба выклікана толькі тым, што вы баіцёся за мяне, не хочаце рызыкаваць маёй скурай, – я застаюся. Урэшце, гэта мая скура, і я маю поўнае права карыстацца ёй, як сам захачу. Разумееце?