Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Пачакайце, падарожнікі. Хто ж вы такія?Я забаяўся адказаць “фалькларыст”, бо двойчы мяне пасля гэтага слова лічылі за мазурыка. Таму я адказаў:– Купец.– А як жа вы трапілі ў парк, калі вакол мур і чыгунная агароджа?– А я і не ведаю, – адказаў я шчыра. – Ехалі недзе, відаць, па балоце, кудысьці праваліліся, ледзь выбраліся... Раўло там нешта.Я і не спадзяваўся на такі вынік маіх слоў, але пасля іх голас ціха войкнуў і спуджана закудахтаў:– А-а Божжа ж мой! А гэта ж вы, напэўна, з Волатавай прорвы прыехалі, гэта ж толькі там і няма агароджы. Во пашчасціла вам, выратавала вас царыца нябесная. А матка боская! А пакутнічкі нябесныя!І зараз такая дабрыня і такі адчай адчуваліся ў яе словах, што я дараваў ёй гэтую гадзіну на ганку.Дзверы загрукалі засаўкамі, пасля зарыпелі, разыходзячыся і прапускаючы ў начную цемру смугу аранжавага цьмянага святла.Перад намі стаяла невялічкая бабулька ў шырокай, як звон, сукні, ліловай шнуроўцы, у якой, напэўна, хадзілі нашы прапрашчуры пры каралі Стасе, і ў вялікім крухмальным чапцы. Твар у добрых зморшчынах, нос кручкаваты, а рот вялізны, падобны на шчыпцы для арэхаў, з трошкі адтапыранымі наперад вуснамі. Кругленькая, амаль як бочачка сярэдняй велічыні, з пухленькімі ручкамі – яна так і напрошвалася на тое, каб яе клікалі “маці”. І ў руках у гэтай бабулі быў вялізны пячны рагач: зброя. Я ледзь не зарагатаў, але ў час прыпомніў халодную дрыгву і дождж за вокнамі і змаўчаў. Колькі людзей і зараз стрымлівае смех з таго, што варта смеху, прыпамятаўшы, што за сцяною дождж!Мы ўвайшлі ў пакойчык, дзе пахла мышамі, і струмені вады адразу пабеглі з нашай вопраткі на падлогу. Я глянуў на свае ногі і жахнуўся: яны амаль па калена былі ў бурай кашы, як у ботах.Бабуля толькі галавою паківала.– Бачыце, я адразу сказала, што гэта тая жахлівая твань. Вы, пане купец, павінны паставіць свечку за тое, што так лёгка абышлося. – І яна адчыніла дзверы ў суседні пакоік, дзе жарка палаў камін. – Добра абышлося. Скідвайце адразу ж вопратку, сушыцеся. У вас ёсць што апрануць з сухога?Сак мой, на шчасце, быў сухі, я пераапрануўся перад камінам, вопратку маю і фурманову бабуля некуды пацягнула, а пасля зайшла ў пакой з сухою – для фурмана. Зайшла, не звяртаючы ўвагі на тое, што фурман стаяў зусім голы і сарамліва паварочваўся да яе спіною.Паглядзела на яго сінюю спіну і сказала непрыхільна:– Ты, малец, ад мяне не вельмі адварочвайся, я старая баба. І пальцы на нагах не падціскай. На вось, пераапранайся лепей хутчэй.Калі мы пераапрануліся і трохі сагрэліся ля каміна, бабуля паглядзела на нас глыбока запалымі вачыма і сказала:– Ну, вось і добра. Ты, малец, пойдзеш зараз з Янам начаваць, тут табе будзе нязручна. Ян!Ян з’явіўся. Гэта быў падслепаваты чалавек год шасцідзесяці з доўгімі сівымі валасамі, носам, вострым, як шыла, запалымі шчокамі, з вусамі, якія звісалі да сярэдзіны грудзей.Я вельмі здзівіўся, што адна бабуля з рагачом у руцэ адчыніла нам дзверы, не пабаялася двух дарослых мужыкоў, якія невядома адкуль з’явіліся ўначы, але пасля таго, як пабачыў Яна, зразумеў, што ён стаяў недзе ў засадзе і жанчына спадзявалася на яго дапамогу.Дапамога была важнецкая: у руках старога вартаўніка я пабачыў стрэльбу. Гэта была нават не зусім стрэльба, да яе больш пасавала б назва “мушкет”.Стрэльба была вышэй галавы, прыблізна дзюймаў на шэсць, ствол яе быў з насечкамі і шырокім раструбам на канцы, ложа і прыклад заляпаныя, выцертыя, з брамкі звісаў фіціль. Словам, ёй даўно было месца недзе ў музеі зброі. Такія стрэльбы звычайна б’юць, як гарматы, і так адбіваюць у плячо, што непадрыхтаваны чалавек валіцца на зямлю як сноп.