Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

І я чамусьці з задавальненнем падумаў, што ў маёй кішэні зараз цудоўны англійскі рэвальвер на шэсць набояў.Ян узяў фурмана і павёў яго да дзвярэй, ледзь варушачы нягнуткімі старэчымі нагамі. Я пабачыў, што нават рукі ягоныя трэсліся. Варта была ненадзейная.“Добрая дапамога для гаспадыні”, – з горыччу падумаў я.А гаспадыня адразу ж кранула мяне за плячо і загадала ісці за ёю ў “апартаменты”. Мы прайшлі яшчэ адну клятушку, старая жанчына адчыніла дзверы, і я ціха войкнуў ад здзіўлення і захаплення.Перад намі была вялікая прыхожая-гасціная, як гэта вадзілася ў старасвецкіх панскіх дамах. Але што за прыхожая!Яна была вялізная, такая вялізная, што мой змрочны адбітак у люстры недзе на другой сцяне здаваўся не большым за суглоб мезенца. Падлога з дубовых цаглін, зараз даволі пашарпаных, неабсяжна высокія сцены, ашаляваныя чорнымі ад старасці, бліскучымі дошкамі, разьбованымі па краях, вокны амаль пад столлю, маленькія, у глыбокіх стральчатых нішах.Відаць, мы ў цемры ўзбіліся на бакавы ганак, бо проста направа ад мяне быў парадны ўваход: шырокія, таксама стральчатыя, дзверы, падзеленыя драўлянымі калонкамі на тры часткі. На калонках была трохі пашчапаная часам разьба: кветкі, пялёсткі і плады. За дзвярыма, у глыбіні вестыбюля, – уваходныя дзверы, масіўныя, дубовыя, акутыя пацямнелымі бронзавымі цвікамі з квадратнымі галоўкамі. А над дзвярыма – вялізнае цёмнае акно ў ноч і цемру. На акне – мастацкай работы выгінастыя краты.Я ішоў па прыхожай і здзіўляўся. Якая прыгажосць і як гэта ўсё запушчана чалавечым нядбальствам. Вось цяжкая мэбля ля сцен – яна рыпіць нават у адказ на крокі. Вось агромністая драўляная статуя святога Юрыя, адно з цудоўных, трохі наіўных стварэнняў беларускага народнага генія – ля ног яе тонкі белы пыл, быццам хтосьці насыпаў мукі: гэту непаўторную рэч сапсаваў шашаль. Вось на столі люстра, таксама выдатная па прыгажосці – вісюлькі яе абабіты больш чым напалову.Магло б здацца, што тут ніхто не жыве, каб не палалі ў вялізным каміне дровы і не залівалі няпэўным мігатлівым святлом усю гэтую карціну.Амаль з сярэдзіны прыхожай шырокія беламармуровыя сходы вялі на другі паверх, падзяляліся надвае і прыгожа, закруглена ўзбягалі амаль у такі самы па памерах другі пакой. Тут было ўсё тое самае, што і на першым паверсе, нават палаў такі самы камін гарачым полымем, толькі што на сценах чорнае дрэва (напэўна, гэта быў дуб) чаргавалася з пацёртымі штофнымі шпалерамі кававага колеру. І на гэтых шпалерах красаваліся партрэты ў цяжкіх чорных рамах. Ды яшчэ ля каміна стаялі столік і два крэслы. Бабуля тарганула мяне за рукаў:– Я зараз адвяду пана ў яго пакой. Гэта недалёка, па калідоры. А пасля... можа, пан хоча вячэраць?Я не адмовіўся, бо амаль цэлы дзень не еў.– Ну, то тады няхай пан пасля выйдзе сюды.Праз якіх хвілін дзесяць я быў у зале і там зноў пабачыў бабулю, якая шырока ўсміхнулася мне і сказала з даверам:– Ведаеце, вёска рана кладзецца спаць. Але ў нас не любяць спаць, у нас кладуцца як мага пазней. І гаспадыня не любіць людзей. Не ведаю, чаму яна сёння згадзілася прыняць вас у свой дом і нават дазволіць прысутнічаць за вячэрай (няхай пан мне даруе). Відаць, пан самы варты даверу чалавек з тых, што былі тут за тры гады.– Як, – здзівіўся я, – хіба гаспадыня не вы?– Я ахмістрыня, – з годнасцю сказала старая. – А ахмістрыня ў лепшым з лепшых дамоў, у добрай сям’і, зразумейце гэта, пан купец. У самай лепшай з найлепшых сем’яў. Так. Гэта лепей, чым быць нават гаспадыняй у не самай лепшай з найлепшых сем’яў.