Дзікае паляванне караля Стаха, частка 1

– Што ж гэта за сям’я? – неасцярожна спытаў я. – І дзе я?У старой гневам спалыхнулі вочы:– Вы ў маёнтку Балотныя Яліны. А гаспадароў вам сорамна не ведаць. Гэта Яноўскія. Разумееце вы, Яноўскія! Няўжо вы не чулі?Я адказаў, што, вядома, чуў, і гэтым супакоіў старую. Жэстам, вартым каралевы, яна паказала мне на крэсла (прыблізна так у тэатрах каралевы паказваюць на плаху няшчаснаму любоўніку: “Вось тваё месца, злашчасны!”), папрасіла прабачэння і пакінула мяне аднаго. Я вельмі здзівіўся змене, якая адбылася са старой. На першым паверсе яна войкала і прычытала, размаўляла з выразнай народнай інтанацыяй, а перайшоўшы на другі паверх, адразу ператварылася чорт ведае ў што. Відаць, на першым паверсе яна была дома, а на другім была толькі ахмістрыняю, толькі рэдкім госцем і, адпаведна пераходам, мяняла скуру. Вочы ў яе былі добрыя, але памятаю, што такая зменлівасць мне тады вельмі не спадабалася.Застаўшыся адзін, я пачаў разглядаць партрэты, якія цьмяна паблісквалі на сценах. Іх было больш за шэсцьдзесят, зусім даўніх і амаль што новых – і гэта было сумнае відовішча.Вось нейкі дваранін ледзь не ў кажусе – адна з самых старых карцін, – твар шырокі, мужыцкі, здаровы, з густой крывёю ў жылых.А вось другі, ужо ў срэбнатканым каптане, шырокі бабровы каўнер падае на плечы (хітрая ты быў пратабестыя, хлопча!). Поруч з ім магутны, з каменнымі плячыма і шчырым позіркам чалавек у чырвоным плашчы (ля яго галавы шчыт з фамільным гербам, і верхняя палова яго замазана чорнай фарбай). А далей другія, такія ж моцныя, але вочы тупаватыя і масляныя, насы тупыя, вусны жорсткія.А з імі жаночыя партрэты з пакатымі плячыма, створанымі для пяшчоты. У іх такія твары, што заплакаў бы і кат. А напэўна, хтосьці з гэтых жанчын і сапраўды склаў галаву на пласе ў тыя жорсткія часы. Непрыемна думаць, што такія жанчыны бралі ежу з блюд рукамі, а ў балдахінах іхніх спальняў гняздзіліся клапы.Я стаў ля аднаго такога партрэта, зачараваны той дзіўнай незразумелай усмешкаю, якую так непераймальна рабілі часам нашы старыя мастакі. Жанчына глядзела на мяне спачувальна і загадкава.– Ты – маленькі чалавек, – як быццам казаў яе позірк, – што ты зведаў у жыцці? О, каб ведаў ты, як палаюць паходні на сценах залы для піроў, каб ведаў ты, якая насалода цалаваць да крыві каханкаў, дваіх звесці ў бойцы, аднаго атруціць, аднаго кінуць у рукі кату, дапамагаць мужу страляць з вежы па наступаючых ворагах, яшчэ аднаго каханка амаль звесці ў магілу сваім каханнем і пасля ўзяць ягоную правіну на сябе, скласці нз эшафоце сваю галаву з высокім белым ілбом і складанай прычоскай.Клянуся жыццём, так яна мне і сказала, і хоць я ненавіджу арыстакратаў, я зразумеў перад гэтым партрэтам, якая гэта страшная штука “род”, якую пячаць ён накладае на нашчадкаў, які цяжар старых грахоў і выраджэння кладзецца на іхнія плечы.І яшчэ я зразумеў, якія незлічоныя дзесяцігоддзі праляцелі над зямлёю з тых часоў, калі гэта жанчына сядзела перад жывапісцам. Дзе яны зараз, усе гэтыя людзі з гарачай крывёю і палкімі жаданнямі, колькі стагоддзяў прагрукацела па іх спарахнелых касцях?Я адчуваў, як вецер гэтых стагоддзяў праляцеў за маёй спіною і ўзняў валасы на маёй галаве.І яшчэ я адчуў, што ў гэтым доме стаіць холад, жахлівы холад, якога не выгнаць нават камінамі, што гараць дзень і ноч.Вялізныя змрочныя залы з траскучым паркетам, змрок па кутах, вечная пройма, пах пылу і мышэй і холад, такі холад, што стыне сэрца, холад, настоены стагоддзямі, холад адзінага маярату вялізнага, збяднелага, амаль вымерлага за апошнія гады роду.