Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Як вы маглі нават падумаць, што я не хачу бачыць вас у гэтым доме?! Як вы маглі падумаць? Вы мужны чалавек. Мне спакойна з вамі. Мне, нарэшце, добра з вамі, нават калі вы такі грубы, як зараз былі. Шляхціц так не сказаў бы. Яны такія гжэчныя, вытанчаныя, так хаваюць свае думкі. Мне так апрыкрала гэта. Я хачу бачыць вас у гэтым доме, я толькі не хачу бачыць вас такім, як учора, або...– Або забітым, – падхапіў я. – Не хвалюйцеся. Больш вы мяне такім не пабачыце. Зброя са мною. І зараз не я ад іх, а яны ад мяне будуць бегаць, калі хоць кропля крыві ёсць у іхніх бясплотных жылах.Яна ўстала і пайшла з альтанкі. Ля самага ўвахода пастаяла хвіліну спіной да мяне, павярнулася і, гледзячы ўніз, сказала:– Я не хацела, каб вы рызыкавалі жыццём. Вельмі не хацела. Але пасля вашага адказу я думаю пра вас у сто разоў лепш. Толькі вельмі сцеражыцеся, Беларэцкі. Не забывайце нідзе зброі. Я... вельмі рада, што вы не паслухаліся мяне, не вырашылі ехаць. І я згодна з вамі, што людзям трэба дапамагчы. Мая небяспека – глупства, але іншыя людзі – усё. Яны, можа, тут больш вартыя шчасця, чым тыя, на сонечных раўнінах, бо яны больш пакутавалі ў чаканні яго. І я згодна з вамі: ім трэба дапамагчы.Яна пайшла, а я яшчэ доўга сядзеў і думаў пра яе. Я быў уражаны, сустрэўшы ў гэтым балоце такую высакароднасць і прыгажосць душы.Вы ведаеце, як падвышае і ўзмацняе чалавека веданне таго, што на яго нехта пакладаецца, як на каменны мур. Але я, відаць, дрэнна ведаў сябе, бо наступная ноч належыць да самых жахлівых і непрыемных успамінаў майго жыцця. Год дзесяць пасля я, прыпамятаўшы яе, мыкаў і стагнаў ад ганьбы, і жонка пыталася ў мяне, што са мною здарылася. І я ніколі, аж па сённяшні дзень, не распавядаў пра гэтую ноч і мае думкі нікому.Можа, і вам не распавёў бы, але мне ў галаву прыйшла думка, што не так важлівыя ганебныя думкі, як тое, ці здолеў чалавек іх перамагчы, ці не прыходзілі яны да яго пасля. І я вырашыў расказаць вам гэта для навукі.Перад вечарам да мяне прыйшоў Свеціловіч. У гаспадыні балела галава, і яна яшчэ да яго з’яўлення зачынілася ў пакоі. Мы размаўлялі перад камінам удвух, і я расказаў яму пра здарэнні мінулага вечара. Выраз непаразумення адбіўся на яго твары, і я спытаў, што яго так здзіўляе.– Нічога, – адказаў мне ён. – Ахмістрыня – гэта глупства. Магчыма, яна проста крадзе ў гаспадыні з яе мізэрных набыткаў, магчыма, яшчэ што. Я даўно ведаю гэту бабу: даволі скупаватая і дурная, як бот. У яе мазгі заплылі тлушчам, і на злачынства яна не здатная, хоць пасачыць за ёй, здаецца, нядрэнна. Блакітная Жанчына таксама лухта. У наступны раз, калі пабачыце яе, стрэльніце ў той бок. Я не баюся зданяў-жанчын. А вось вы лепей адгадайце, чаму я так здзівіўся, пачуўшы пра ўчарашняе дзікае паляванне?– Н-не ведаю.– Ну, а скажыце, ці не было ў вас ніякіх падазрэнняў наконт Вароны? Скажам, так. Варона сватаецца да Яноўскай, атрымлівае гарбуза і пасля, каб адпомсціць, пачынае выкідваць жарцікі з дзікім паляваннем. Вы не чулі пра сватанне? Так, так, яшчэ два гады таму, пры жыцці Рамана, ён прапанаваў гэтаму, тады яшчэ дзіцёнку, руку і сэрца. Таму і на вас злуецца, таму і сваркі шукаў, а калі не атрымалася – вырашыў прыбраць вас з дарогі. Я толькі думаў, што гэта будзе трохі пасля.Я задумаўся:– Прызнаюся вам, такія думкі ў мяне былі. Магчыма, я нават даў бы ім волю, каб не ведаў, што Варона ляжыць паранены.То якраз глупства. Адразу амаль пасля вашага адыходу ён з’явіўся да стала, зялёны і змрочны, але амаль цвярозы. Кровапусканне дапамагло. Ён быў закручаны бінтам, як качан капусты, адзін нос і вочы глядзелі. Дубатоўк яму: “Што, хлопча, сорамна, напіўся, як свіння, мяне на дуэль выклікаў, а нарваўся на чалавека, які табе даў чосу?” Варона паспрабаваў усміхнуцца, але ад слабасці хіснуўся: “Сам бачу, дзядзька, што я дурань. І Беларэцкі так мяне правучыў, што я больш ніколі лезці да людзей не буду”. Дубатоўк толькі галавою пахітаў: “Вось што гарэлачка, моц божая, з ёлупамі робіць”. А Варона яму: “Я думаю, трэба ў яго прабачэння папрасіць. Нязручна. Усё адно як паклікалі ў госці і спрабавалі высцебаць”. Пасля падумаў: “Не, – кажа, – прабачэння прасіць не буду, злуюся трохі. І, урэшце, ён задавальненне атрымаў”. І я вам скажу яшчэ, ён сядзеў з намі, а мы пілі да самага світання. Дубатоўк да таго напіўся, што пачаў уяўляць сябе хрысціянскім пакутнікам пры Нероне, і ўсё намагаўся пакласці рукі ў блюда са жжонкай. Гэты твой секундант, боўдур год пад сорак, усё плакаў і крычаў: “Матухна, прыйдзі сюды, пагладзь мяне па галоўцы. Крыўдзяць твайго сына, не даюць яму больш гарэлкі”. Чалавекі тры так і заснулі пад сталом. Ніхто з іх не выходзіў ані на хвіліну, так што да дзікага палявання ні Варона, ні Дубатоўк дачынення не маюць.