Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Я глянуў на аркуш. Там была выпіска з пастановы камісіі па справе аднадворцаў. Я прабег вачыма па радках і ў канцы прачытаў: “И хотя оный Закревский и до сей поры утверждает, что у него есть документы в подтверждение своих дворянских прав, а также того, что наследником Яновских по субституции является именно он, а не г-н Гарабурда, дело сие за длительностью двадцатилетнего процесса и бездоказательностью следует предать забвению, а прав дворянства, как недоказанных, г-на Закревского Исидора лишить”.– Ну, і што з гэтага? – спытаў я.– А тое, бацюхна мой, – з’едліва праспявала ахмістрыня, – што я Закрэўская, вось што. А гэта мой бацька так судзіўся з вялікімі ды моцнымі. Не ведала я, ды, дзякуй добрым людзям, навучылі розуму, сказалі, што павінны тут недзе быць дакументы. Узяў суддзя павятовы дзесяць чырвоненькіх, але ж і параду даў добрую. Давайце аркуш.– Не дапаможа, – сказаў я. – Гэта ж не дакумент. Тут суд шляхецтва не вызначае. Я пра гэтую праверку дробнай шляхты добра ведаю. Каб ваш бацька меў дакументы на права субстытуцыі пасля Яноўскіх – іншая справа. Але ён іх не падаў – значыцца, не меў.Твар ахмістрыні выразіў пакутлівае імкненне дадумацца да такіх складаных рэчаў. Пасля вусны яе паехалі наперад, і яна спытала недаверліва:– А можа, Яноўскія іх падкупілі? Кручкам гэтым толькі дай грошы! Я ведаю! І адабралі ў майго бацькі дакументы і тут схавалі.– А дваццаць год судзіцца вы можаце?– Я, бацюхна, да таго часу, напэўна, пайду Пану Богу порткі лугаваць.– Ну, вось бачыце. І дакументаў няма. Усё ж перарылі.– Усё, бацюхна, усё. Але ж свайго шкада.– Ды гэта ж толькі няпэўныя звесткі.– Але ж сваё, свае грошыкі, чырвоненькія, сіненькія.– І гэта вельмі нядобра, капацца ўначы ў чужых паперах.– Бацюхна, свае ж грошыкі, – сквапна і тупа зудзела яна.– Іх вам не адсудзяць, нават калі б дакументы былі. Гэта маярат Яноўскіх на працягу трох стагоддзяў ці нават больш.– Дык сваё ж, бацюхна, – ледзь не плакала яна, і твар яе стаў сквапным да агіднасці. – Я б іх, даражэнькіх, зараз у шкарпэтку. Грошы б ела, на грошах спала.– Дакументаў няма, – губляў я цярпенне. – Законная наследніца ёсць.І тут здарылася жахлівае і агіднае. Жанчына выцягнула галаву, шыя яе зрабілася доўгай-доўгай, і, наблізіўшы да мяне твар, свісцячым шэптам сказала:– Дык, можа... можа, яна хутка памерла б.Твар яе аж прасвятлеў ад такога спадзявання.– Памерла б, і ўсё. Яна ж слабая, спіць дрэнна, крыві ў жылах амаль няма, кашляе. Што ёй варта? Споўніцца праклён. Нашто каб палац пану Гарабурдзе, калі тут магла б жыць я. Ёй што, адмучыцца – і садухі. А я б...Баюся, што я змяніўся ў твары, стаў страшны, бо яна адразу ўцягнула галаву ў плечы.– На падлу ляціш, варона? – спытаў я. – А тут не падла, тут жывы чалавек. Тут такі чалавек, падэшвы якога ты не варта, які большае права мае жыць на зямлі, ніж ты, ступа дурная.– Б-бацюхна... – блекатала яна.– Маўчы, ведзьма! І ты яе ў магілу звесці хочаш? Усе вы тут такія, аспіды драпежныя! Усе вы за грошы забіць чалавека гатовыя! Усе вы павукі. Усе вы маці роднай за сінюю паперку не пашкадуеце. А ты ведаеш, што такое жыццё, што так лёгка пра смерць другога чалавека кажаш? Не перад табой бы перлы сыпаць, але ты выслухай, ты ж жадаеш, каб яна сонца жывое, радасць, добрых людзей, доўгія гады, якія яе чакаюць, на рабакоў падземных змяніла, каб табе на грошах спаць, з-за якіх сюды дзікае паляванне прыходзіць. Можа, ты і Блакітную Жанчыну сюды пускаеш? Чаму ўчора акно ў калідоры адчыняла?