Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Та-тачка ты мой? А я ж яго не адчыняла! А холадна ж было... Я яшчэ здзівілася, чаму адчынена! – амаль галасіла яна.На твары гэтай поскудзі было столькі боязі, што я мог бы змоўкнуць, але не мог. Я згубіў усякую разважлівасць.– Смерці ёй зычыш! Сабакі зласлівыя, крумкачы! Прэч адсюль! Вон! Яна высакародная, ваша гаспадыня, яна, можа, і не прагоніць вас, але я абяцаю вам, калі вы не пойдзеце з палаца, які засмуродзілі сваім дыханнем, вы сядзеце ў турму маімі клопатамі.Яна пайшла да сходаў, горка плачучы. Я ішоў за ёй. Мы выбраліся ў пакой, і тут я здзіўлена спыніўся. Яноўская стаяла перад намі ў белай сукні і са свечкай у руках. Твар яе быў засмучаны, і яна грэбліва паглядзела на ахмістрыню.– Пан Беларэцкі, я выпадкова чула вашу размову, чула з самага пачатку. Я ішла амаль за вамі. Я нарэшце ведаю глыбіню сумлення і подласці. А ты, – яна звярнулася да Закрэўскай, якая стаяла, занурыўшыся, убаку, – ...заставайся тут. Я дарую табе, з цяжкасцю, але дарую. Даруйце і вы, пан Беларэцкі. Дурным людзям часам трэба дараваць. Бо куды яна пойдзе адсюль. Яе нідзе не возьмуць, старую дурную бабу.Адна сляза скацілася з яе павек. Яна павярнулася і пайшла. За ёю крочыў я. Яноўская спынілася ў канцы калідора і ціха сказала мне:– Людзі ламаюцца з-за гэтых папер. Каб не забарона продкаў, з якой радасцю я аддала б камусьці гэты гнілы цёмны дом. Ён мне адна пакута, як і сваё імя. Хоць бы памерці хутчэй. Тады я пакінула б яго гэтай бабе з каменным сэрцам і дурной галавою. Няхай радавалася б, калі яна здатная так поўзаць на жываце з-за гэтай дрэні.Мы моўчкі спусціліся ў ніжнюю залу і падышлі да каміна. Стоячы, глядзелі ў агонь, чырвоныя адбіткі якога клаліся на твар Яноўскай. Яна змянілася за апошнія дні, магчыма, пасталела, магчыма, проста пачала ператварацца ў жанчыну. Напэўна, нічыё вока, акрамя майго, не заўважыла гэтых змен. Толькі я адзін бачыў, што ў бледным парастку, які рос у сутарэнні, зацеплілася, пакуль яшчэ непрыкметна, жыццё. Погляд стаў больш асэнсаваным і цікаўным да жыцця, хоць застарэлы жах па-ранейшаму ляжаў маскай на твары. Трошкі больш ажыўленым стала аблічча. Бледны парастак чамусьці пачынаў ажываць.– Добра стаяць так, Надзея Раманаўна, – задумліва сказаў я. – Агонь гарыць...– Агонь. Добра, калі ён ёсць, калі ён гарыць. Добра, калі людзі не хлусяць.Дзікі, нялюдскай сілы, крык прагучаў аднекуль знадворку – здавалася, што гэта крычыць і рыдае не чалавек, а дэман. І адразу пачуўся ўпэўнены, уладарны пошчак конскіх капытоў ля сходаў. А голас рыдаў і крычаў так па-нялюдску, як быццам не з чалавечых грудзей выходзіў:– Раман у дваццатым калене – выходзь! Помста! Апошняя помста! Авой! Авой!І яшчэ нешта, чаму не было назвы. Я мог бы зараз выскачыць на сходы, і страляць у гэтую дзікую поскудзь, і пакласці на месцы хоць каго-небудзь, але на руках у мяне ляжала яна, і я адчуваў праз сукно, як калацілася яе спуджанае сэрцайка, як яно паступова замірала, білася ўсё радзей, радзей. Спуджаны да немагчымасці за яе жыццё, я пачаў няўпэўненымі рухамі гладзіць яе валасы. Яна павольна, вельмі павольна прыходзіла да прытомнасці, і веі яе ледзь прыкметна ўздрыгвалі, калі я дакранаўся рукою да яе галавы. Так затурканае шчанё прымае ласкі чалавека, які ўпершыню вырашыў пагладзіць яго: бровы яго ўздрыгваюць, чакаючы кожны раз удару, калі заносіцца рука.А грукат быў далей, і ўся сутнасць мая пакутліва ўстала да таго, каб разам з ёй выскачыць на сходы, страляць у гэтых нетапыроў і разам з ёю ўпасці на прыступкі і памерці, адчуваючы яе поруч з сабою, тут, усю ля сябе. Усё адно нельга так жыць.