Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Я буду верны, назаўжды буду верны гэтай радасці, змешанай з болем, горкай прыгажосці яе вачэй і адплачу ёй дабром за добрыя думкі пра мяне. А пасля – канец. Я пайду назаўжды адсюль, і шляхі радзімы бясконцай істужкай лягуць перада мною, і сонца паўстане ў вясёлкавых колах ад слёз, якія просяцца на веі.

Раздзел дзесятыНаступнага дня я ішоў са Свеціловічам да невялікага ляснога вострава ля Яноўскай пушчы. Свеціловіч быў вельмі вясёлы, многа разважаў пра каханне наогул і пра сваё каханне ў прыватнасці. І такая чыстая, шчырая душа глядзела з вачэй гэтага хлопца, так наіўна, па-дзіцячы, ён быў закаханы, што я ў думках даў сабе слова ніколі не перабіваць дарогі яго пачуццю, не перашкаджаць яму, ачысціць яму месца ля дзяўчыны, якую кахаў сам.Мы, беларусы, рэдка ўмеем кахаць па-сапраўднаму, не ахвяруючы чымсьці, і я не быў выключэннем з правіла. Звычайна мы мучым тую, якую кахаем, а самі мучымся яшчэ больш ад розных супярэчлівых думак, пытанняў, учынкаў, якія іншымі вельмі лёгка прыводзяцца да аднаго знамянальніка.Свеціловіч атрымаў з губерні ліст, у якім яму пісалі, між іншым, і пра Бермана.– О, Берман... Берман, выяўляецца, добрая цаца! Род ягоны стары, але збяднелы і нейкі дзіўны. Вось тут мне пішуць, што ўсе яны мелі непераможную цягу да самоты і з’едлівасць. Бацька яго страціў маёмасць, была вялізная растрата, і выратаваўся ён толькі тым, што прайграў вялізную суму рэвізору. Маці жыла амаль увесь час пры завешаных вокнах, нават гуляць выходзіла толькі ўначы. Але самая дзіўная асоба – сам Берман. Ён выявіўся выключным знаўцам старажытнай драўлянай скульптуры і шкла. Некалькі год таму здарылася непрыемная гісторыя. Яго паслалі ў Мніхавічы ад гуртка аматараў старажытнасці, на чале якога стаяў граф Тышкевіч. Там, у Мніхавічах, зачынялі стары касцёл, а скульптуру з яго, па чутках, вельмі мастацкую, хацелі адкупіць у прыватны музей Тышкевіча, які ён перадаваў гораду. Берман паехаў, даслаў адтуль статую святога Хрыстафора і ліст, у якім пісаў, што скульптура ў касцёле не мае ніякай мастацкай вартасці. Яму паверылі, але праз некаторы час выпадкова даведаліся, што Берман купіў скульптуру за мізэрныя грошы, купіў у агульнай колькасці ста сямі фігур і спрадаў усё іншаму прыватнаму калекцыянеру, назначыўшы вялікую суму. Адначасова не далічыліся значнай колькасці грошай у казне гуртка аматараў. Бермана ўзяліся шукаць, але ён знік разам з маці і малодшым братам, які выхоўваўся недзе ў прыватным пансіёне і толькі за год да таго прыехаў у горад. Між іншым, гэты брат вызначаўся яшчэ большай нелюдзімасцю. Увесь час ён сядзеў у дальніх пакоях, не выходзячы ні да каго, і толькі раз яго бачылі ў кампаніі Бермана ў клубе, дзе ён здаўся ўсім дрэнна выхаваным для пансіянера.Калі агледзеліся, то выявілася, што дом яны паспелі прадаць і знікнуць невядома куды. Пачалі даведвацца і даведаліся, што і наогул гэтыя Берманы зусім не Берманы, а хто – невядома.– Н-да... – сказаў я. – Не шмат мы даведаліся. Цікавае тут толькі тое, што Берман – злачынец. Але ён абдурыў такога самага драпежніка: не мне яго ганіць за гэта. Ён яшчэ атрымае па заслугах, але гэта пасля. Значна больш цікавае тут другое. Па-першае, куды падзеліся яго маці і брат? Па-другое, хто ён сам, які ў яго сапраўдны твар? Тое, што ён з’явіўся тут, зразумела. Яму трэба было схавацца. А вось хто ён, хто ягоныя сваякі – гэта трэба з’ясаваць. І я гэтым абавязкова зацікаўлюся. А ў мяне, Свеціловіч, амаль ніякіх навін няма, хіба што даведаўся, ды і тое з вуснаў вар’яткі, што выбавіў Рамана ў тую фатальную ноч з хаты Гарабурда. А я нават не запомніў яго пысы, калі ён быў на вечары ў Яноўскіх.