Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Нічога, яшчэ даведаемся.Мы падышлі да ляска і заглыбіліся ў яго. Гэта быў адзіны з ляскоў у наваколлі, у якім былі пераважна ліставыя пароды. І там, на невялікай галявіне, мы пабачылі Рыгора, які трымаў на каленях доўгую стрэльбу, а спіною прыхіліўся да таўшчэразнага стаўбура-вываратня. Пабачыўшы нас, ён устаў, па-мядзведжы скасавурыўся і зручней узяўся за стрэльбу.– Сцеражыцеся выходзіць на балоты, сцеражыцеся парку і асабліва яго паўдзённай і ўсходняй ускраін, – прамармытаў ён замест прывітання.– Чаму? – спытаў я, пазнаёміўшы яго са Свеціловічам.– А вось чаму, – буркнуў ён. – Гэта не здані. Яны занадта добра ведаюць патаемныя сцежкі праз Волатаву прорву. Вы здзіўляецеся, што яны мчаць без дарогі, а яны проста ведаюць усе сховішчы акругі і ўсе сцежкі да іх, яны карыстаюцца дужа старажытнымі падковамі, якія прыбіты навенькімі гакамі. Што праўда, то праўда, іхнія коні ходзяць, як мядзведзь, спачатку левымі, а пасля правымі нагамі, і крок у іх машысты, шырэйшы, чым у якога іншага каня ў наваколлі. І яны для зданей занадта слабыя. Здань праходзіць паўсюль, а гэтыя толькі праз паваленую агароджу ля прорвы... Што я даведаўся яшчэ: іх было ў мінулы раз не больш як дзесяць чалавек, бо толькі палова коней ідзе так, як ідзе конь, калі ў яго на спіне звычайная чалавечая вага. На астатніх, напэўна, штосьці лягчэйшае. Той, хто мчыць наперадзе, мае гарачы нораў: дзярэ каню рот цуглямі. І яшчэ – адзін з іх нюхае табаку: я знайшоў пыл зялёнай табакі ля месца, дзе яны спыняліся перад апошнім набегам і натапталі шмат слядоў. Месца гэта – вялікі дуб непадалёк ад паваленай агароджы.– Дзе можа быць месца іх збораў? – спытаў я.– Гэта я ведаю зараз добра, – спакойна адказаў Рыгор. – Гэта недзе ў Яноўскай пушчы. Я прасачыў сляды. Вось паглядзіце. – Ён пачаў крэсліць лазінкаю па зямлі: – Вось пушча. Тады, калі быў забіты Раман, сляды зніклі вось тут, амаль ля балота, якое акружае пушчу. Калі яны гналіся за табою, пасля вячэры ў Дубатоўка, сляды зніклі паўночней першага месца, а пасля той гісторыі ля Яноўскага палаца, калі яны наважыліся крычаць, – яшчэ трохі паўночней. Бачыш, шляхі амаль сыходзяцца.– Праўда, – падхапіў я. – І калі іх прадоўжыць, яны сыдуцца ў адным пункце, недзе на балоце.– Я быў там, – скупа, як аб самым звычайным, буркнуў Рыгор. – Балота лічыцца ў тым месцы гіблым, але я пабачыў, што на ім там-сям расце трава сівец. А там, дзе расце сівец, там заўжды зможа паставіць нагу конь паскудніка, калі паскудніку будзе для гэтага пільная патрэба.– Дзе гэта месца? – збялеў раптам Свеціловіч.– Ля Халоднай лагчыны, дзе ляжыць камень, Ведзьмакова ступа.Свеціловіч яшчэ больш збялеў. Нешта хвалявала яго, але ён авалодаў сабою.– Яшчэ што? – спытаў я.– Яшчэ тое, – панура мармытаў Рыгор, – што ты памыляешся, Беларэцкі. Хоць выклікаў тады з хаты Рамана Гарабурда, але ён да дзікага палявання не мае дачынення. У тыя дзве ночы, калі яно з’яўлялася ў апошні раз, Гарабурда сядзеў у сваім берлагу, як хамяк у нары. Я ведаю, яго дом добра пільнавалі.– Але ж ён зацікаўлены ў смерці або вар’яцтве Яноўскай. Яму гэта карысна. Ён прымусіў Кульшаў запрасіць у той вечар Надзею Яноўскую да сябе, ён паслаў да Кульшаў і сваю дачку і затрымаў усіх да ночы.Рыгор задумаўся. Пасля мармытнуў:– Можа, і так. Ты разумны, ты ведаеш. Але Гарабурды там не было, я адкажу галавою. Ён дрэнны яздок. Ён баягуз. І ён увесь час сядзіць у палацы. Але ж ён можа і намовіць на тую агіду кагосьці іншага. Можа, гэта і так. Такі можа.