Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

І тут Свеціловіч яшчэ больш збялеў і ўтаропіўся кудысьці вачыма, як быццам абдумваў штосьці важлівае. Я не перашкаджаў яму: захоча – сам скажа. Думаў ён, аднак, нядоўга.– Браты, я, здаецца, ведаю гэтага чалавека. Разумееце, вы наштурхнулі мяне на гэта. Першае: “Ведзьмаковая ступа”. Я сёння бачыў там чалавека, вельмі знаёмага мне чалавека, на якога ніколі б не падумаў, і гэта мяне бянтэжыць. Ён быў вельмі стомлены, брудны, ён ішоў да багны. Пабачыў мяне, накіраваўся да мяне: “Што вы тут робіце, пан Свеціловіч?” Я адказаў жартам: “Шукаю ўчарашняга дня”. А ён зарагатаў і пытае: “Хіба ўчарашні дзень, хай яго д’ябал, прыходзіць у сённяшні?” А я яму кажу: “Ва ўсіх нас учарашні дзень на шыі вісіць”. Ён: “Але ж не прыходзіць?” А я яму: “А дзікае паляванне? З мінулага аж у сёння прыйшло”. Той аж у твары змяніўся: “Хай яго ліха... Не памінайце вы яго!” І паехаў ля дрыгвы на поўнач. Я накіраваўся да вас, пан Беларэцкі, а калі азірнуўся, то бачу: ён паехаў назад і ўжо ў лажок спускаецца. Спусціўся і знік.– Хто гэта? – спытаў я.А Свеціловіч усё вагаўся. Пасля ўзняў свае светлыя вочы.– Прабачце, Беларэцкі, прабач, Рыгор, але я не магу пакуль што сказаць. Гэта занадта важліва, а я не пляткар, я не магу так проста ўзваліць такое абвінавачванне на плечы чалавека, які, можа, яшчэ і бязвінны. Вы ведаеце, за такое могуць забіць нават па аднаму падазрэнню. Магу толькі сказаць, што ён быў сярод гасцей у Яноўскіх. Я ўвечары яшчэ падумаю, прыпамятаю гісторыю пра вэксалі і заўтра скажу вам... Я пакуль не магу больш нічога сказаць...– О, вядома. Надзейнае алібі. О, дурні! І якія няпэўныя думкі! – Па аналогіі я прыпомніў і свае няпэўныя думкі пра “рукі”, якія павінны былі мне дапамагчы разабрацца ў чымсьці важлівым, але прыдумаць, успомніць не мог і адагнаў надакучлівае слова.Вырашылі, што Рыгор будзе сённяшняй ноччу сядзець у Халоднай лагчыне, адтуль недалёка да хаты, у якой жыў Свеціловіч, яго стары “брат-слуга” і кухарка. У выпадку патрэбы мы зможам яго там адшукаць.– І ўсё ж я не веру, што падпільную іх там пры выхадзе. Свеціловіч іх спудзіў, – сіпавата сказаў Рыгор. – Яны знойдуць іншую дарогу з пушчы на раўніну.– Але іншай дарогі ў парк не знойдуць. Я буду пільнаваць іх ля паваленай агароджы, – вырашыў я.– Аднаму небяспечна, – апусціў вочы Рыгор.– Але ты таксама будзеш адзін.– Я? Ну, няма дурных. Я смелы, але не так, каб адзін супраць дваццацёх.– А я кажу вам, – упарта сказаў я, – што гаспадыня Балотных Ялін не вытрымае, калі і сёння з’явіцца пад мурамі дома дзікае паляванне. Я павінен не пусціць іх у парк сёння, калі яны толькі надумаюць прыйсці.– Я не магу дапамагчы вам сёння, – задумліва прагаварыў Свеціловіч. – Тое, што я сёння павінен знайсці, больш важлівае. Магчыма, сёння дзікае паляванне наогул не з’явіцца. У яго на шляху паўстане перашкода...– Добра, – спыніў яго я даволі суха, – вам трэба было выказаць свае меркаванні, а не загадваць нам загадкі. Я выйду сёння адзін. Яны не чакаюць, я спадзяюся на гэта. І, да таго ж, яны не ведаюць, што ў мяне ёсць зброя. Я двойчы сустракаўся з паляваннем і яшчэ з тым чалавекам, што страляў мне ў спіну. І ніколі не ўжываў яе. Ну што ж, яны пабачаць... Як павольна мы разблытваем гэта! Як ляніва працуюць нашы мазгі!– А гэта лёгка і лагічна разблытваецца толькі ў дрэнных раманах, – буркнуў пакрыўджаны Свеціловіч. – Да таго ж, мы не сышчыкі губернскай паліцыі. І дзякаваць Богу.