Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Рыгор пахмурна калупаў лазінкаю зямлю.– Хопіць, – сказаў ён з уздыхам. – Трэба дзейнічаць. Паскачуць яны ў мяне, дурні... І – прабачце – вы ўсё ж паны, і нам па дарозе толькі зараз, – але, калі мы адшукаем іх, мы, мужыкі, не толькі заб’ём гэтых мярзотнікаў, мы спалім іхняе гняздо, мы зробім жабракамі іхніх нашчадкаў. А магчыма, і нашчадкам іхнім зробім гамон.Свеціловіч засмяяўся:– Мы з Беларэцкім вя-алікія паны. Як кажуць, пан – лазовы жупан, балоневыя лапці. А калі праўду казаць, трэба ўсіх такіх рэзаць разам з панятамі, бо з панят таксама паны некалі вырастаюць.– Калі гэта толькі не сонная мара, гэтае дзікае паляванне. Ну, не было, ніколі не было чалавека, які схаваў бы ад мяне, лепшага паляўнічага, сляды. Здані, здані і ёсць.Мы развіталіся з ім. Я таксама часткова быў згодзен з апошнімі словамі Рыгора. Нешта нечалавечае было ў гэтым паляванні. Гэты нялюдскі крык – такі не мог вылятаць з чалавечых грудзей. Пошчак капытоў, які гучаў толькі часам. Дрыкганты, парода, якая знікла, а калі нават і не знікла, дык хто ў гэтым закутку быў такі багаты, каб купіць іх. І пасля – як растлумачыць крокі ў калідоры? Яны ж неяк павінны быць звязаны з дзікім паляваннем караля Стаха. Хто такая гэта Блакітная Жанчына, якая мараю знікла ў ночы, калі яе двайнік (зусім нясхожы двайнік) мірна спаў у пакоі? І каму належаў той жахлівы твар, які глядзеў на мяне праз акно? Чэрап мой трашчаў. Не, штосьці нялюдскае, злачыннае, страшнае было тут, нейкая сумесь чартаўшчыны з рэальным!Я зірнуў на Свеціловіча, які крочыў поруч са мною, вясёлы і гарэзлівы, як быццам гэтыя пытанні для яго не існавалі. Ранак і на самай справе быў цудоўны: шэранькі дзень, але за хмарамі ўгадвалася блізкае сонца, і кожны жоўты лісцік на дрэвах млеў, здаецца, нават пацягваўся ад насалоды пад цёплай не па-асенняму расяніцай. І нават нейкія птушкі пяшчотна і задумліва спявалі ў хмызах. Праз галявіну далёка пад намі бачна было роўнае займішча, далей – бязмежны абшар карычневых балот, верасовыя пусткі. Балотныя Яліны далёка за імі. І ўсё гэта мела нейкую сумную, не кожнаму зразумелую прыгажосць, якая кожнага сына гэтых панурых мясцін балюча і соладка кранае за сэрца.– Бачыце, асінка выбегла на поле. Чырвоная, засаромелася бедная дзяўчынка, – расчуленым голасам вымавіў Свеціловіч.Ён стаяў над урвішчам, аж падаўшыся наперад. Лёгкі ветрык развяваў яго доўгія прыгожыя валасы. Аскетычны рот стаў мяккім, блукаючая няпэўная ўсмешка была на ім. Вочы глядзелі ўдалячынь, і ўвесь ён здаваўся нейкім лёгкім, імпэтным, імкнучыся ў гэты бедны, дарагі абшар.“Вось так і на крыж ідуць такія, – зноў падумаў я. – Прыгожую галаву пад мярзотную брудную сякеру...”І сапраўды, нейкая прага жыцця і імкнення да самаахвяравання была ў гэтым прыгожым твары, у тонкіх, продкі-паэты сказалі б “лілейных”, руках, у стройнай прыгожай шыі, цвёрдых карых вачах з доўгімі вейкамі, але з металічным бляскам углыбіні.– Ах, зямля мая! – уздыхнуў ён. – Дарагая мая, адзіная! Як жа ж ты дрэнна ставішся да тых асінак, якія папярод усіх выбягаюць на поле, на святло. Першай засыпле іх снегам зіма, зламае вецер. Не спяшайся, дурненькая! Куды там! Яна не можа.Я паклаў руку яму на плячо, але хутка зняў яе. Я адчуў, што ён зусім не я, што гэта зараз чалавек, які ляціць, якога няма тут, які нават не саромеецца высокіх слоў, якіх мужчыны звычайна ўнікаюць.– Памятаеце, Беларэцкі, вашу прадмову да “Беларускіх песень, балад і легенд”. Я памятаю: “Горка стала беларускаму майму сэрцу, калі пабачыў я такую занядбанасць нашых лепшых, залатых нашых слоў і спраў”. Цудоўныя словы, за іх толькі даруюць вам усе грахі. А што ж казаць, калі не толькі беларускае маё, калі чалавечае маё сэрца баліць ад занядбанасці нашай і агульнай, ад болю, ад бяссільных слёз няшчасных матак. Нельга, нельга так жыць, дарагі Беларэцкі. Чалавек добры, а з яго робяць жывёлу. Ніхто, ніхто не хоча даць яму магчымасць быць чалавекам. Відаць, нельга проста крыкнуць: “Абдыміцеся, людзі!” І вось ідуць людзі, на дыбу ідуць. Не дзеля славы, а дзеля таго, каб забіць пакуты сумлення, – як часам ідзе чалавек, не ведаючы дарогі, у пушчу, ратаваць сябра, бо сорамна, сорамна стаяць. Ідуць, блытаюць, гінуць. Ведаюць толькі, што не такім павінен быць чалавек, што нельга яму абяцаць райскую канюшыну, што шчасце яму патрэбна пад гэтымі вось дымнымі столямі. І мужнасць іхняя большая, чым у Хрыста: яны ведаюць, яны не ўваскрэснуць пасля распяцця. Толькі крукі над імі будуць лётаць ды плакаць жанчыны. І, галоўнае, святыя іхнія маці.