Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Ён здаўся мне ў гэтую хвіліну такім прыўкрасным, такім нялюдскім чалавекам, што я з жахам праз завесу будучага прададчуў яго смерць. Такія не жывуць. Дзе гэта будзе? На прэнгу ў катоўні? На шыбеніцы перад народам? У безнадзейнай бойцы інсургентаў з войскам? За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх? У калідорах турмаў, калі ім страляюць у патыліцу, не насмельваючыся зірнуць у вочы? Вочы яго блішчалі.– Каліноўскі ішоў на шыбеніцу. Пяроўскую, жанчыну, на якую глянуць было толькі – і памірай, на эшафот... Гэткую прыгажосць – бруднай шворкай за шыю. Ведаеш, Яноўская на яе трохі падобная. Таму і яе абагаўляю, хоць гэта не тое. А яна шляхцянка была, Значыцца, ёсць выхад і для некаторых з нашых. Толькі па гэтай дарозе, калі не хочаш згнісці жыўцом... Душылі. Думаеш, усіх перадушылі? Расце сіла. З імі хоць рабром на круку вісець, абы не імчала над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха, жах мінулага, апакаліпсіс ягоны, смерць. Вось скончу я толькі гэта і паеду. Скончу хутка, думка ў мяне з’явілася. А там... эх, не магу я тут. Ведаеш, якія ў мяне ёсць сябры, што мы павінны распачаць?! Калаціцца будуць тыя, тлустыя. Не перадушылі. Моцным пажарам пахне. І гады, гады наперадзе! Колькі пакуты, колькі шчасця! Якая залатая, чароўная далячынь, якая будучыня чакае!Слёзы пырснулі з вачэй гэтага чалавека. Я не вытрымаў і кінуўся яму на шыю. Не памятаю, як мы развіталіся. Памятаю толькі, як стройная юнацкая яго постаць вымалявалася на верхавіне кургана. Ён павярнуўся да мяне на хвіліну, махнуў капелюхам, крыкнуў:– Гады наперадзе! Далячынь! Сонца!І знік. Я пайшоў адзін дадому. Я верыў, зараз мне ўсё па плячы. Што змрок Балотных Ялін, калі наперадзе сонца, далячынь і вера? Я верыў, верыў, што ўсё зраблю, што жывы народ, калі ў ім з’яўляюцца часам такія людзі. Дзень быў яшчэ наперадзе, такі вялікі, ззяючы, магутны. Вочы мае глядзелі насустрач яму і сонцу, якое пакуль што хаваецца сярод хмар.

Раздзел адзінаццатыУ той самы вечар, гадзін каля дзесяці, я ляжаў, схаваўшыся ў здзічэлым невысокім бэзе і высокай траве якраз каля паваленай агароджы. Настрой бясстрашнасці яшчэ непадзельна валодаў мною (ён так і не знік да канца майго прабывання ў Балотных Ялінах). Здавалася, што гэта не маё, любімае мною, хударлявае і моцнае цела могуць дзяўбці крумкачы, а чыёсьці іншае, да якога мне няма ніякай справы. А між тым абставіны былі невясёлыя: і я, і Рыгор, і Свеціловіч торкаліся ў розныя бакі, як кацяняты ў кошыку, і не адкрылі злачынцаў. І месца было невясёлае. І час – таксама.Было амаль зусім цёмна. Над роўнай пахмурай паверхняй прорвы накіпалі нізкія чорныя хмары, бліжэй да ночы абяцалі зліву (восень была наогул дрэнная, змрочная, але з чыстымі буйнымі злівамі, амаль як летам). Ветрык узняўся быў, зашумелі чорна-зялёныя піраміды ялін”, але потым зноў сціхнуў. Хмары павольна, вельмі павольна каціліся наперад, нагрувашчваліся над безнадзейным роўным краявідам. Недзе далёка-далёка бліснуў агеньчык і, сарамліва паміргаўшы, згас. І пачуццё самоты ўладна ахапіла сэрца. Я быў чужы тут. Свеціловіч сапраўды варты Надзеі Раманаўны, а я так патрэбны як дзірка ў плоце.Ці доўгі час я так ляжаў, ці не – не скажу. Хмары, даходзячы да мяне, рабіліся радзей, але на даляглядзе грувасціліся новыя.Дзіўны гук уразіў мой слых: недзе далёка і, як мне здалося, у правым баку ад мяне спяваў паляўнічы рог. І хоць я ведаў, што ён гучыць у баку ад шляху дзікага палявання, я мімаволі стаў часцей пазіраць у той край. Непакоіла мяне яшчэ і тое, што на балотах пачалі з’яўляцца там-сям белыя лапікі туманоў. Але тым справа і скончылася. Раптам другі гук даляцеў да мяне, недзе шастаў сухі верас. Я глянуў у той бок, пачаў углядацца да болю ў вачах і нарэшце заўважыў на фоне чорнай істужкі далёкіх лясоў рух нейкіх плям.