Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Пане Дубатоўк! – зарагатаў я з палёгкаю.– Каб вас, пан Беларэцкі, халера ўхапіла... во-ох... прабачце. – Вялізны цень сеў, трымаючыся за жывот. – А гэта я пільнаваў. Занепакоіўся. Дайшлі да мяне чуткі, што дрэннае нешта робіцца з маёй доняй. В-ох! І ты таксама вартаваў? А каб цябе пярун шаснуў на божае нараджэнне!..Я падняў з зямлі рэвальвер.– І чаго вы так на мяне, пане Дубатоўк?– А чорт яго ведае! Паўзе нейкая гліста, дык я вось і схапіў. Балеснічкі нашы! Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым, як жа ж ты, падла, балюча б’ешся.Выявілася, што дзед і без нашых папярэджанняў даведаўся пра наведванні дзікага палявання і вырашыў падпільнаваць яго, “калі маладыя ўжо такія захэканцы і бабздыры, што не могуць абараніць жанчыны”. Канец гэтай прыкрай сустрэчы вы ўжо назіралі. Ледзь стрымліваючы рогат, які мог здацца непачцівым, я пасадзіў стогнучага Дубатоўка на яго дрэннага коніка, які чакаў непадалёк. Ён узлез на яго, стогнучы і кленучы свет, сеў бокам, буркнуў нешта накшталт “д’ябал пацягнуў са зданямі змагацца – нарваўся на дурня з вострымі каленямі” і паехаў.Ягоны прыгнечаны твар, уся яго скасавураная постаць былі такія жаласныя, што я ледзь не пырскаў. А пасля ён паехаў у напрамку да сваёй хаты, стогнучы і праклінаючы ўсіх маіх сваякоў да дваццатага калена.Ён знік у цемры, і тут невытлумачальная трывога кальнула ў маё сэрца. Гэта ў падсвядомасці варушылася нейкая жахлівая думка, рыхтуючыся з’явіцца на свет божы. “Рукі?” Не, я так і не мог прыпамятаць, чаму хвалюе мяне гэта слова. Тут было нешта другое... Ага, чаму іх так мала? Чаму толькі восем прывідных коннікаў з’явілася сёння ля паваленай агароджы? Куды падзеліся астатнія? І раптам дзікая трывожная думка выплыла проста на язык: “Свеціловіч. Яго сустрэча з чалавекам у Халоднай лагчыне. Яго дурны жарт пра дзікае паляванне, які можна было зразумець так, быццам у яго ёсць нейкія цвёрдыя падазрэнні, што ён выкрыў удзельнікаў гэтай справы. Божа! Калі гэты чалавек сапраўды бандзюк, ён немінуча зробіць спробу забіць Свеціловіча сёння ж. Таму іх і мала! Напэўна, другая палова накіравалася да майго новага друга, а гэтыя – да Балотных Ялін. Можа, яны і размову нашу бачылі, мы ж, як дурні, стаялі сёння над урвішчам. Ох, якую памылку, калі ўсё гэта так, зрабіў ты, Андрэй Свеціловіч, не расказаўшы нам, хто быў гэты чалавек!”Я разумеў, трэба спяшацца, трэба спяшацца так, як ніколі ў жыцці. Можа, я яшчэ паспею. Поспех нашай справы і жыццё добрай юнацкай душы залежалі ад хуткасці маіх ног. І я пабег так, як не бегаў нават у тую ноч, калі за мною гналася дзікае паляванне караля Стаха. Я ўзяў нацянькі праз парк, пералез у адным месцы праз агароджу і прыпусціўся бегчы да хаты Свеціловіча. Я не ляцеў як шалёны, я добра ведаў, што мяне не выстачыць на ўсю дарогу, а таму бег размерана, прыціснуўшы локці да бакоў. Трыста крокаў бягом, як толькі магчыма, хутка, пяцьдзесят крокаў хуткай хадою – так я вырашыў. І я прытрымліваўся гэтага, хоць сэрца маё пасля першых дзвюх вёрст здатна было выскачыць з грудзей. Пасля пайшло лягчэй, я бег і ішоў амаль машынальна і толькі павялічыў норму бегу на чатырыста крокаў. Шлёп-шлёп-шлёп – і так чатырыста разоў, топ-топ – пяцьдзесят разоў. Туманныя, амаль не заўважаныя мной, праплывалі міма самотныя яліны і верас; у грудзях балюча пякло; свядомасць амаль не працавала. Пад канец я лічыў крокі машынальна. Я так стаміўся, што з радасцю лёг бы на зямлю або хоць павялічыў колькасць такіх спакойных і прыемных крокаў на два. Але я сумленна змагаўся са спакусаю.