Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– А вы што, і Дубатоўка падазравалі?– А чаму не? – жорстка сказаў Свеціловіч. – Я нікому зараз не давяраю. Справа ідзе пра Надзею Раманаўну. Што ж я Дубатоўка буду адсюль, з падазроных, выключаць? З якой прычыны? Што добры ён? У-га як чалавек прыкінуцца можа! Я і сам... учора нават не падыходзіў да вас пад час дуэлі, каб не падазравалі, калі яны злачынцы. І зараз не буду падыходзіць, не трэба. Я і вас падазраваў: раптам... ды пасля схамянуўся. Вядомы этнограф ідзе ў бандыты! Ха! Так і Дубатоўк мог ягняткам прыкінуцца. А галоўнае, не спадабаўся мне ягоны гэты падарунак, партрэт Рамана Старога. Як быццам назнарок, каб дзяўчыну з каляі выбіць.– А што, – схамянуўся я, – сапраўды падазрона... Яна зараз нават ля каміна сядзець баіцца.– То-та ж бо, – прыгнечана сказаў Свеціловіч. – Значыцца, не ён кароль Стах. Падарунак гэты якраз на яго карысць кажа. І ўчарашняя падзея.– Слухайце, – сказаў я. – А чаму б не дапусціць, што кароль Стах – гэта вы. Вы ж пайшлі ўчора пазней мяне, вы да мяне без усякай падставы раўнуеце. Вы, можа, мне проста вочы замыльваеце, а на самай справе, ледзь толькі я выйшаў, як вы: “На коні, хлопцы!”Я ні на хвіліну не думаў так, але мне не спадабалася, што даверлівы шчыры хлопец сёння трымае сябе як недаверлівы дзед.Свеціловіч глядзеў на мяне, як ачмурэлы, лыпнуў разы са два вачыма і раптам зарагатаў, адразу ператварыўшыся зноў у добрага чыстага юнака.– То-та ж бо, – адказаў я ягоным тонам. – Не плявузгайце на такіх старых, як Дубатоўк, дарэмна. Абразіць чалавека нядоўга.– Ды я і не думаю зараз на яго, – усё яшчэ рагочучы, адказаў ён. – Я ж вам казаў, яны былі са мною. Калі пачало днець, Вароне зрабілася вельмі дрэнна, пайшла зноў кроў, пачаў трызніць. Паслалі аднаго за дзедам-знахарам, пасля нават урача прывезлі, не паленаваліся ў павет паехаць. Прыехаў ён зусім нядаўна і прыгаварыў Варону да тыдня ў ложку. Сказалі, што атрымалася выпадкова.– Ну, а хто б яшчэ мог быць?Мы перабралі ўсё наваколле, але ні на кім не спыніліся. Думалі пра Бермана нават і хоць разумелі, што ён – цялё, вырашылі напісаць ліст да знаёмых Свеціловіча ў губернскі горад і даведацца, як ён там жыў раней і што ён за чалавек. Гэта было патрэбна таму, што ён быў адзіны з людзей яноўскага наваколля, пра якога мы нічога не ведалі. Мы гадалі і так і сяк, але ні да чаго не маглі дадумацца.– Хто багацейшы ў ваколіцах Балотных Ялін? – спытаў я.Свеціловіч падумаў:– Яноўская, здаецца... Хоць багацце яе мёртвае. Пасля ідзе Гаровіч (ён не жыве тут), пасля пан Гарабурда – між іншым, галоўны наследнік Яноўскай у тым выпадку, калі б яна памерла зараз. Пасля ідзе, пэўна, Дубатоўк. Зямлі ў яго мала, гаспадарка і хата, самі бачыце, бедныя, але, відаць, ёсць прыхаваныя грошы, бо ў яго заўсёды ядуць і п’юць госці. Астатнія – дробязь.– Вы кажаце – Гарабурда наследнік Яноўскай. Чаму ён, а не вы, яе сваяк?– Я ж вам казаў, бацька сам адмовіўся ад права на спадчыну. Небяспечна, маёнтак не дае даходу, на ім вісяць нейкія вэксалі, як кажуць.– А вы не думаеце, што Гарабурда...– Гм. А якая яму выгада злачынствам зарабляць тое, што ўсё адно можа належаць яму. Скажам, Яноўская выйдзе замуж – вэксаль у яго, калі гэта не байка. Ды ён і баягуз, якіх мала.– Так, – задумаўся я. – Тады пойдзем другім шляхам. І вось якім: трэба даведацца, хто выбавіў у той вечар Рамана з дому. Што мы ведаем? Што дзіцё было ў нейкіх Кульшаў? А можа, Раман зусім не па яго выехаў? Я ж гэта ведаю са слоў Бермана. Буду пытаць у Кульшаў. А вы навядзіце спраўкі пра жыццё Бермана ў губернскім горадзе.