Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Так я прыбег да Свеціловічавай хаціны, маленькага пабеленага будыначка ў чэзлым садзіку. Проста па пустых градах, душачы там-сям апошнія капусныя качаны, я памчаў да ганка, упрыгожанага чатырма драўлянымі калонамі, і пачаў барабаніць у дзверы. Спакойны агеньчык у крайнім акне замігцеў, пасля старэчы голас спытаў з-за дзвярэй:– Каго гэта тут носіць?Гэта быў стары дзед, былы “дзядзька”, які жыў разам са Свеціловічам.– Адчыні, Кандрат. Гэта я, Беларэцкі.– А Божа ж мой! А што здарылася? Чаго так захэкаліся?Дзверы адчыніліся. Кандрат у доўгай кашулі і валёнках стаяў перада мною, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, а ў другой – свечку.– Пан дома? – ліхаманкава спытаў я.– Н-няма, – спакойна адказаў ён.– А куды пайшоў?– А скуль мне ведаць? Хіба ён дзіцёнак, пане, каб казаць, куды ідзе.– Вядзі ў пакой, – грымнуў я, знерваваны гэтай халоднай непарушальнасцю.– Нашто?– Можа, ён пакінуў нейкую запіску.Мы ўвайшлі ў пакой Свеціловіча. Аскетычны ложак пад шэрай коўдраю, вымытая да жаўцізны і нацёртая воскам падлога, кілім на ёй. На простым сасновым стале некалькі тоўстых кніг, паперы, раскіданыя пер’і. На сцяне партрэты: гравіраваны – Марата ў ванне, паражонага кінжалам, алоўкам – Каліноўскага. На другой сцяне карыкатура: Мураўёў з бізуном у руцэ стаіць на кучы чарапоў. Яго бульдожы твар грозны. Каткоў, нізка схіліўшыся, ліжа яму зад.Я пераварушыў на стале ўсе паперы, але ў запале нічога не адшукаў, акрамя аркуша, на якім рукою Свеціловіча было напісана: “Няўжо ён?” Я хапіў пляцёнку для папер і высыпаў яе на падлогу: там нічога цікавага, толькі канверт з шурпатай паперы, на якім лёкайскім почыркам было напісана: “Андрусю Свеціловічу”.– Былі сёння пану якія лісты? – спытаў я ў конча здзіўленага Кандрата.– Быў адзін, я знайшоў яго пад дзвярыма, калі вярнуўся з агародчыка. І аддаў, вядома.– Ён быў не ў гэтым канверце?– Чакайце... Ну, вядома, так.– А дзе сам ліст?– Ліст? Д’ябал яго ведае. Хіба, можа, у печцы?Я кінуўся да печкі, адчыніў дзверцы – адтуль шыбанула не вельмі гарачым духам. Я пабачыў ля самых дзверцаў маленькі лапік белай паперы. Схапіў яго – почырк быў той самы, што на канверце.– Шчасце тваё, чортава душа, – вылаяўся я, – што ты рана вытапіў печку.Але гэта было яшчэ не зусім шчасцем. Паперка была складзена ўдвая, і той яе бок, што быў бліжэй да жарынак, зараз ужо ўкрытых шэрым попелам, стаў зусім карычневым. Літар там нельга было разабраць.“Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем... ха... Надзеі Раманаўне небяспека... мая до... (тут быў выпалены асабліва вялікі кавалак)... кутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім. Ён згодзен... пайшоў у павет... Дрыкганты – гало... ка... Калі атрымаеш ліст – адразу прыходзь да... ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць... ічкі на... што гэта коіцца на зя... Прыходзь неадменна. Ліст спалі, бо мне асабліва небяспеч... Тв... ся... Над імі таксама жахлівая небяспека, якую можаш папярэдзіць толькі ты... (зноў выпалена многа) ...одзь.Твой добразычлівы Лікол...”Справа была яснай: хтосьці прыслаў ліст, каб выбавіць Свеціловіча з хаты. Ён паверыў. Відаць, той, хто пісаў, быў яму добра знаёмы. Тут замыслілі нешта езуіцкі вытанчанае. Каб ён не пайшоў да мяне, напісалі, што размаўлялі са мною, што я пабег у павет, што я буду чакаць яго недзе “...ніны, дзе тры асобныя хвоі”. Што гэта за “...ніны”? Да лагчыны? Да раўніны? Марудзіць не было калі.