Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Ён выбег з пакоя, пачвалаў ад мяне з нечаканай хуткасцю і толькі сажняў праз дзвесце падаў голас, закрычаў: “Гвалт!”Рыгор, калі даведаўся пра гэту справу, не ўхваліў мяне, сказаў, што я сапсаваў усё, што праз дзень мяне, напэўна, выклічуць у павет і, магчыма, дадуць тыдзень або вышлюць за павятовыя межы, а я патрэбен тут, бо пачынаюцца самыя цёмныя ночы. Але я не шкадаваў. Уся нянавісць мая вылілася ў гэты ўдар. І няхай павятовыя ўлады пальцам аб палец не стукнуць, каб дапамагчы мне, але затое цяпер я добра ведаю, хто мой друг, а хто вораг.Астатнія падзеі гэтага і наступнага дня вельмі смутна адлюстраваліся ў маёй памяці. Горка, узахлёб, плакаў над нябожчыкам стары добры Дубатоўк, які ледзь рухаўся яшчэ ад майго пачастунку; стаяла над труной бледная Надзея Раманаўна, захутаная ў чорную мантылью, такая сумная і прыгожая, такая чыстая.Пасля, як у сне, запомніў я хаўтурнае шэсце. Я вёў пад руку Яноўскую і бачыў, як на фоне шэрага асенняга неба ішлі людзі без шапак, як скарлючаныя бярозкі кідалі ім пад ногі жоўтае мёртвае лісце. Твар забітага, прыгожы і сумны, плыў над плячыма людзей.Бабы, мужыкі, макраносыя дзеці, дзяды ішлі за труною, і ціхае рыданне гучала ў паветры. Рыгор наперадзе нёс на спіне вялізны дубовы крыж.І ўсё галасней і галасней плыло над галовамі людзей, над мокрай глейкай галошанне баб-лямантух:– А і на каго ж ты нас пакінуў?! А і чаго ж ты заснуў, радзімец?! А чаго ж твае вочы ясныя закрыліся, ручкі белыя склаліся? А хто ж нас абароніць ад судзей няправедных?! А паны ж кругом нелітасцівы, а агнусека ж на іхняй шыі няма! А галубочак ты наш, а куды ж ты ад нас адляцеў, а чаго ж ты пакінуў бедных дзетачак? А хіба ж вакол нявест няма, што з зямелькаю ты абвянчаўся, саколік?! А што ж гэта ты за хатачку абраў?! А ні вокан жа ў ён, ні дзвярэй! А не небачка ж вольнае над вільчыкам – сырая зямля!!! А не жоначка ж пад бокам – дошка халодная! А ні сяброўкі ж там, а ні каханачкі! А хто ж цябе ў вусны пацалуе?! А і хто ж табе галоўку пачэша?! А і чаго ж гэта прымерклі агеньчыкі?! А і чаго ж гэта яліны зажурыліся?! То не жонка твая плача, каханая! Не яна ж гэта плача прад вяселліцам! А то ж плачуць над табою людзі добрыя! То не зорачка ў небе засвяцілася! То затлела ў ручках свечачка васковая!Труна плыла над сапраўднымі чалавечымі рыданнямі, якіх не купіш нават у прафесіянальных лямантух.І вось глыбокі дол. Калі развітваліся, Яноўская ўпала на калені і пацалавала руку чалавека, які загінуў за яе. Я ледзь адарваў яе, калі труну сталі спушчаць у яму. У гэты самы час дзесяткі тры сялян падцягнулі на палазах вялізны шэры камень і пачалі ўсцягваць яго на горб, дзе была выкапана самотная магіла. Крыж быў выбіты на камені і яшчэ імя і прозвішча – каравымі няўмелымі літарамі.Загрукаталі аб вечка труны камякі зямлі, хаваючы ад мяне дарагі твар. Пасля на зраўнанае месца паставілі вялізны шэры камень. Рыгор і яшчэ пяцёра сялян ўзялі старыя стрэльбы і раз-поразу пачалі страляць у раўнадушнае нізкае неба. Апошні з Свеціловічаў-Яноўскіх адплываў у нязнаны шлях.– Хутка і са мною так, – шапнула мне Яноўская. – Хоць бы хутчэй.Грукаталі стрэлы. Закамянеласць ляжала на тварах людзей.Потым, паводле старажытнага шляхецкага звычаю, молатам быў раструшчаны аб надгробны камень радавы герб.Род застаўся без нашчадка. Вымер.

Раздзел трынаццатыЯ адчуваў, што звар’яцею, калі не буду займацца росшукамі, калі не знайду хутка вінаватых і не пакараю іх. Калі няма Бога, калі няма справядлівасці ў начальнікаў – я буду сам і богам і суддзёю.