Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

І, дальбог, пекла ўздрыганецца, калі яны трапяць мне ў рукі: жылы буду цягнуць з жывых.Ад Рыгора я даведаўся, што яго знаёмыя шукаюць у пушчы, што ён сам добра абшукаў месца забойства і даведаўся, што чакаў Свеціловіча худы высокі чалавек, які скурыў пад хвоямі, чакаючы, папяросу.Акрамя таго, ён, адшукаў папяровы клак, які вылецеў са стрэльбы забойцы, а таксама кулю, якой быў забіты мой друг. Калі я разгарнуў клак, пераканаўся, што гэта кавалак паперы, занадта моцнай для газеты: хутчэй за ўсё ўрывак ад аркуша нейкага часопіса.Я заўважыў словы: “За кожным з іх ёсць нейкая правіна, калі іх вядуць на страту... Ваша сіяцельства, вы забылі пра страчанага на крыжы... Прабачце, Бог адняў у мяне розум...”Чымсьці вельмі знаёмым павеяла на мяне ад гэтых слоў. Дзе я мог чытаць нешта падобнае?! І раптам я ўспомніў: гэта была надзіва смелая водпаведзь доктара Гааза, здаецца, Мураўёву, пасля якой нават гэты шалёны бульдог адчуў сябе ніякавата. Гааз пратэставаў супраць частых пакаранняў смерцю ў Вільне. Мураўёў рэзка абарваў яго, заўважыўшы, што калі чалавека вядуць на страту, дык за ім абавязкова павінна быць нейкая правіна. Тут Гааз сказаў свае словы пра Хрыста, і нават Мураўёў трохі засаромеўся, калі наогул такое пачуццё зразумелае несусветным мярзотнікам. Я нават прыпомніў, дзе я чытаў пра гэта: у часопісе “Паўночна-Заходняя старасветчына”. Калі я спытаў у Яноўскай, хто яго выпісвае тут, яна абыякава адказала, што акрамя іх – ніхто. І вось тут мяне чакаў удар: у бібліятэцы я высветліў, што ў гэтым нумары часопіса не хапае некалькіх старонак і, між іншым, патрэбнай мне.Я аж пахаладзеў: справа выяўлялася больш сур’ёзнай, натхніцель дзікага палявання быў тут, у палацы. І хто гэта быў? Не я, і не Яноўская, і не дурная ахмістрыня, якая кожны дзень плакала, пабачыўшы гаспадыню, і, відаць было, раскайвалася ва ўсім. Значыцца, толькі Берман-Гацэвіч.Гэта было цалкам лагічна: ён – былы злачынец, ён – абазнаны ў гісторыі чалавек. Магчыма, гэта ён страляў у мяне, забіў Свеціловіча і выдраў аркуш з часопіса. Незразумела было толькі, чаму ён пераконваў мяне ў тым, што сур’ёзная небяспека менавіта ў дзікім паляванні, а не ў Малым Чалавеку? І яшчэ ў тым, што ён не мог забіць Рамана, бо не ён запрасіў Надзею да Кульшаў і быў дома пад час забойства. Але хіба Свеціловіч у апошні дзень не казаў, што гэта блізкі чалавек, які быў на бале ў Яноўскіх? Хіба ён не казаў, што на яго нельга нават падумаць?І ён жа ж так спалохаўся, калі я зайшоў да яго, гэты Берман! І хіба ён не мог быць проста натхняльнікам гэтай мярзоты? Праўда, невядома ў гэтым выпадку, як можна растлумачыць існаванне Блакітнай Жанчыны? Але гэта наогул самы цёмны факт з усёй гэтай гісторыі.І, галоўнае, незразумела было, якая Берману ў гэтым выгада?Але такі вырадак пекла можа нешта прыдумаць. Я ўзяў у Яноўскай асабісты архіў Рамана і прагледзеў матэрыялы яго апошніх дзён. Нічога суцяшальнага, хіба толькі запіс, што Берман пачынае яму не падабацца, знікае кудысь з хаты, занадта цікавіцца генеалогіяй Яноўскіх, разглядае старыя планы палаца. Гэта быў ужо знамянальны факт! Чаму не выказаць меркаванне, што і ў з’яўленні Малога Чалавека, праўдзівей казаць, яго крокаў, вінен таксама Берман. Мог жа ж ён адкапаць старыя планы, скарыстацца нейкай акустычнай таямніцай палаца і кожную ноч пужаць людзей крокамі.Я паразмаўляў з Рыгорам, і той сказаў, што гэта цалкам магчыма, абяцаў нават дапамагчы, бо ягоныя дзядзька і дзед былі мулярамі Яноўскіх яшчэ пры прыгоне.