Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Я заступіўся за жанчыну, Надзея Раманаўна. Вы ведаеце, у нас такі звычай.І тут яна так пранікнёна глянула мне ў вочы, што я пахаладзеў. Адкуль гэты дзіцёнак мог навучыцца чытаць у сэрцах, што надало яму такую сілу?– Гэтая жанчына, паверце, магла і пацярпець. Занадта дорага, калі вас вышлюць, заплоціць гэтая жанчына за насалоду, якую вы атрымалі, даўшы па зубах пшутаватаму пошламу дурню.– Не непакойцеся, я вярнуся. А гэты час ваш спакой будзе абараняць Рыгор.Вочы яе закрыліся панура. Пасля яна сказала:– Ах, нічога вы не зразумелі... Хіба справа ў гэтай небяспецы? Не трэба, не трэба вам ехаць у павет... Пражывіце тут яшчэ дзень-два і пакіньце Яліны назаўжды.Яе рука з удрыгваючымі пальцамі лягла на мой рукаў.– Чуеце, я вас вельмі-вельмі прашу...Я быў такі няўважлівы, што сказаў:– У канцы гэтага ліста да нябожчыка Свеціловіча стаіць подпіс, частка яго, “Лікол...”. Ці няма ў наваколлі шляхціца, у якога імя або прозвішча пачыналася б так?Твар яе адразу спахмурнеў, як хмурнее дзень, калі знікае сонца.– Не, – уражаным і дрыжачым, як ад крыўды, голасам адказала яна. – Хіба што Лікаловіч... Гэты прыдомак да прозвішча нябожчыка Кульшы.– Ну, гэта наўрад ці, – раўнадушна сказаў я.Я толькі праз гадзіну зразумеў, якой я быў грубай жывёлінай. Гэта здарылася, калі я глянуў на яе і пабачыў, як з-пад далоні, якой яна прыкрыла вочы, выкацілася і папаўзла ўніз цяжкая, нечалавеча самотная сляза, хутчэй знемагаючага ад адчаю мужчыны, чым дзяўчыны-напаўдзіцёнка.Я заўжды жаласна губляюся і раблюся Сліняём Кісялёвічам ад жаночых і дзіцячых слёз, а гэта сляза была такая, якой крый Божа пабачыць камусьці ў жыцці, ды яшчэ ад жанчыны, для якой бы ахвотна распляскаўся ў блін, каб толькі яна была вясёлай.– Надзея Раманаўна, што вы? – замармытаў я, і вусны мае мімаволі склаліся ва ўсмешачку прыблізна такога гатунку, якая бывае на твары дурня, калі ён прысутнічае на пахаванні.– Нічога, – амаль спакойна ўжо адказала яна. – Проста я ніколі не буду... сапраўдным чалавекам. Я плачу... па Свеціловічу... па вас, па сабе. І нават не па ім я плачу, а па загубленай яго маладосці, – я добра разумею гэта! – па шчасці, якое нам заказана, па шчырасці, якой у нас няма. Знішчаюць лепшых, знішчаюць вартых. Памятаеце, як казалі колісь: “Не імамы князя, правадыра і прарока і, як лісце, мяцемся па грэшнай зямлі”. Нельга спадзявацца на лепшае, самотна сэрцу і душы, і ніхто не адкажа ім. І дагарае жыццё.Устала, сутаргавым рухам зламала галінку, якую трымала ў руках.– Бывайце, дарагі пан Беларэцкі. Можа, мы і не пабачымся больш. Да канца жыцця я буду ўдзячная вам... Вось і ўсё. І канец.І тут мяне на хвіліну прарвала. Не адчуваючы, што паўтараю словы Свеціловіча, я выпаліў:– Няхай заб’юць – і мёртвым прыцягнуся сюды!..Нічога не адказала, толькі зноў паклала руку мне на рукаў, моўчкі глянула ў вочы, пайшла. Я застаўся адзін.

Раздзел чатырнаццатыМожна было меркаваць, што сонца зрабіла адно абяртанне (я ўжываю слова “меркаваць” толькі таму, што сонца не паказвалася з-за хмар), калі я апоўдні з’явіўся ў павет. Гэта быў плоскі, як праснак, гарадок, горшы за самае дрэннае мястэчка, і аддзялялі яго ад яноўскага наваколля толькі вёрст васемнаццаць – дваццаць чэзлых лясоў. Конь мой цокаў капытамі па брудных вуліцах, вакол былі замест хат нейкія куратнікі, і адзіным, што адрознівала гэта ад вёскі, былі паласатыя будкі, ля якіх стаялі вусатыя цэрберы ў латаных мундзірах, ды яшчэ дзве-тры каменныя крамы на высокіх арках. Худыя яўрэйскія козы іранічнымі вачыма глядзелі на мяне з гнілых стрэх.