Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Затое трохі далей узвышаліся магутныя замшэлыя муры даўняй уніяцкай царквы з дзвюма вялізнымі стральчастымі вежамі над чатырохкутнікам змрочнай каменнай плебаніі.І над усім гэтым вісела такая самая, як і паўсюль, брыдота запусцення: на дахах, паміж рабрыстых лат, раслі даволі вялікія бярозкі.На галоўнай плошчы бруд быў па калена, перад абшарпаным шэрым будынкам павятовага суда, амаль на ганку, ляжала штук шэсць свіней, якія дрыжалі ад холаду і часам рабілі дарэмныя спробы падлезці пад сябровак, каб сагрэцца. Гэта кожны раз суправаджалася эксцэсамі ў выглядзе пакрыўджанага рохкання.Я прывязаў каня да канавязі і падняўся па рыпучых прыступках у калідор, дзе кісла пахла папяровым пылам, чарнілам і мышамі. Дзверы ў канцылярыю, абабітыя пашарпанай цыратай, ледзь адарваў, так яны набраклі. Увайшоў і спачатку нічога не разгледзеў: такое скупое, у тытунёвым дыме, святло прабівалася праз вузкія маленькія вокны. Лысы скурчаны чалавечак, у якога ззаду з прарэхі выбіваўся хвосцік кашулі, узвёў на мяне вочы і лыпнуў імі. Тут я вельмі здзівіўся: верхняе павека засталося нерухомым, а ніжняе закрыла ўсё вока, як у жабы. Я назваў сябе.– Вы з’явіліся? – здзівіўся чалавек-жаба. – А мы...– А вы думалі, – працягнуў я, – што я не з’яўлюся ў суд, ад’еду адсюль, уцяку. Вядзіце мяне да вашага суддзі.Пратакаліст вылез з-за канторкі і патопаў перада мною ў глыб гэтага дымнага пекла.У наступным пакоі за вялікім сталом сядзелі тры чалавекі ў сурдутах, зашмальцаваных да таго, што нагадвалі стары мультан.Твары павярнуліся да мяне, і я заўважыў у вачах аднолькавы выраз хцівасці, здзіўлення перад тым, што я ўсё ж з’явіўся, і нахабства.Гэта былі суддзя, пракурор і адвакат, адзін з тых “аблакатаў”, што абдзіралі кліентаў як ліпку, а пасля здраджвалі. Галодны, хцівы і прадажны судовы кручок з галавою, падобнай на агурок.І наогул гэта былі не бацькі і не дзеці судовай рэформы, а хутчэй пад’ячыя дапятроўскіх часоў.– Пан Беларэцкі, – мятым голасам прагаварыў суддзя, – мы ажыдалі вас. Очань прыемна... Мы паважаем людзей са сталічным бляскам. – І ён, не запрашаючы мяне сесці, утаропіўся ў нейкую паперку. – Вы, навернае, ведаеце, што зрабілі что-та падобнае да крыміналу, кагда пабілі прыстава за какой-та нявінны жарт? Гэта – дзействіе ўгалоўна наказуемае, іба какурат супярэчыць норавам нашага наваколля, а такжа і зводам законаў імперыі Расейскай.І ён паглядзеў на мяне праз акуляры з вельмі ганарлівым выглядам. Ён быў цалкам задаволены, гэты нашчадак Шамякі, задаволены тым, што чыніць суд і расправу ў павеце.Я зразумеў, што, калі я не наступлю яму на мазоль, я загінуў. Таму я прысунуў да сябе крэсла і сеў на яго верхам.– Мне здаецца, што ў яноўскім наваколлі трохі забыліся на далікатнасць. Таму я сяду сам.Пракурор, ветлівы малады чалавек з сінякамі пад вачыма, як быццам ад ганебнай хваробы, суха сказаў:– Пра далікатнасць пану трэба моўчаць. Вы з’явіліся сюды і адразу парушылі спокуй мірных абыватэляў. Скандалы, збуйства, спроба завязаць дуэлю са смяротным канцом на бале ў шаноўнай пані Яноскей. І, да таго ж, палічылі за годнае пабіць паліцэйскега чына пры выкананні службовых абовёнзкув. Чужак, а лезеце ў наша жыце...Халоднае шаленства заварушылася ў мяне недзе пад сэрцам.– Брудныя жарты ў хаце, у гаспадара якой ясі, трэба караць не бізуном па твары, а сумленнай куляю. Ён абражае гонар людзей, якія бездапаможныя перад ім, не могуць адказаць. Суд павінен займацца менавіта такімі справамі, змагацца за справядлівасць. Вы кажаце пра мірных абывацеляў. Чаму ж вы не звяртаеце ўвагі на тое, як гэтых мірных абывацеляў забіваюць невядомыя злачынцы. Вашу акругу тэрарызуюць, а вы седзіцё тут са сваімі ўваходзячымі і сыходзячымі... Ганьба!