Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Размова пра забойства гасударственава праступніка, а аднака абыватэля і шляхціца Свеціловіча будзе весціся не з вамі, – зарыпеў суддзя. – Расейскі суд не акказвает нікаму ў абароне, дажэ праступнікам. Аднака дзела ідзе не пра тое. Вы ведаеце, што за скарбленіе прыстава мы можам... вас прысудзіць да дзвюх нядзель увязнення ілі штрафу і, как казалі продкі, баніцыі за прадзелы яноўскага наваколля.Я раззлаваўся:– Вы можаце зрабіць гэта сілаю. Але я знайду на вас управу ў губерні. Вы пакрываеце забойцаў, ваш прыстаў ганьбіў законы імперыі, казаў, што забойствам шляхціца Свеціловіча вы не намераны займацца!Твар суддзі пакрыўся апаплексічнай малінавай чырванню. Ён выцягнуў шыю, як гусак, і прасіпеў:– А свідзецялі этава разгавора, шаноўны пане Беларэцкі, у вас ёсць? Сведкі? Сведачкі? Дзе яны?Адвакат, як дастойны прадстаўнік прыміраючага начала ў расейскім судзе, чароўна пасміхнуўся:– Натуральна, пану Беларэцкаму нету светкі. І наогул, гэта ест глюпства: прыстаў не смог такое сказаць. Пан Беларэцкі сабе гэта проста ўявіць, апанента словы ён не схапіць.Ён кінуў у рот манпансье, якое дастаў з бамбаньеркі, пачамкаў губамі і ціха дабавіў:– Нам, дваранам, становішча ад пан Беларэцкі ест асабліва зразумелай. Мы не хочам вам непрыемна рабіць. Няхай вас ціха і мірна адсюль з’ехаць. Тады ўсё тут, як казаць, абразуецца, і мы справу замінаць будзем... Нун, гут?Для мяне гэта было самым разумным выхадам, але тут мне да памяці прыйшла Яноўская.“Што будзе з ёю? Для яе гэта можа скончыцца смерцю або вар’яцтвам. Я паеду, а яе, дурненькую, толькі лянотны не пакрыўдзіць”.Я зноў сеў у крэсла, сціснуў сківіцы і схаваў пальцы рук паміж каленямі, каб яны не выдалі майго хвалявання.– Я не паеду, – сказаў я, – перш за ўсё, спаймайце злачынцаў, якія прыкрываюцца імем зданяў. А пасля я знікну адсюль назаўжды.Суддзя ўздыхнуў:– Мне кажацца, што вам прывядзецца пайсці адсюль хутчэй, ніж спаймаць гэтых мі... міхі...– Міфічных, – падказаў адвакат.– Вот-вот, міхічных праступнікаў. І прывядзецца пайсці атсуда не па собственнай ахвоце.Уся кроў кінулася мне ў твар. Я адчуваў, што загінуў, што яны зробяць са мною тое, што ім захочацца, але біў ва-банк, ставіў на апошнюю карту, бо змагаўся за шчасце той, што была мне даражэй за ўсё.Неверагодным намаганнем я прымусіў мае пальцы не дрыжаць, калі выцягнуў з партманета вялікі аркуш паперы і тыцнуў ім пад нос. Але голас мой перасякаўся ад ярасці:– Вы, здаецца, забылі, што я з Акадэміі навук, што я член Імператарскага геаграфічнага таварыства. Вы бачыце гэта? І я абяцаю вам, што, як толькі я вызвалюся, я паскарджуся гасудару і не пакіну ад вашае смярдзючае нары каменя на камені. Я думаю, што гасудар не пашкадуе трох нягоднікаў, якія хочуць выдаліць мяне адсюль, каб уладжваць свае цёмныя справы.У першы і апошні раз я назваў сябрам чалавека, якога саромеўся назваць нават суайчыннікам. Я ж заўжды імкнуўся забыць той факт, што продкі Раманавых паходзяць з Беларусі.А гэтыя ёлупы не ведалі, што кожны другі член Геаграфічнага таварыства дорага даў бы, толькі б яно не звалася імператарскім.Але я ўжо амаль крычаў:– Ён заступіцца!Думаецца мне, што яны трохі завагаліся. Суддзя зноў выцягнуў шыю і... усё ж шапнуў:– А ці будзет прыятна гасудару, што член такога паважнага обшчаства знюхался з гасударственнымі праступнікамі? Многія паважныя дзедзіцы пажалуюцца на гэта таму самаму гасудару.