Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Я праводзіў яго да дарогі і вяртаўся ўжо ў прыцемку алеяю. Брыдка і непрыемна было мне на душы. Алея, уласна, даўно ператварылася ў сцежку і ў адным месцы агінала вялізны, як дрэва, круглы куст бэзу. Мокрыя сэрцападобныя лісты, яшчэ зусім зялёныя, цьмяна блішчалі, з іх падалі празрыстыя кроплі, і куст плакаў.Я абмінуў яго і адышоў крокаў на дзесяць, калі раптам нешта суха луснула ззаду. Я адчуў пякучы боль у плячы.Сорамна сказаць, але ў мяне адразу затрэсліся жылкі. “Вось яно, – падумаў я, – зараз пекануць яшчэ раз”. Трэба было стрэльнуць проста ў бэз ці нават проста кінуцца бегчы – усё было б разумней таго, што я зрабіў. А я, з вялікага перапуду, павярнуўся і кінуўся бегчы проста на куст, грудзьмі на кулі. І тут я пачуў, што ў хмызах нешта затрашчала, хтосьці кінуўся ўцякаць. Я гнаўся за ім, як шалёны, і толькі здзівіўся, чаму ён не страляе. А ён, відаць, дзейнічаў таксама інстынктыўна: уцякаў ва ўсе лапаткі і так хутка, што храбусценне сціхнула, а я так і не пабачыў яго.Тады я павярнуўся і пайшоў дадому. Я ішоў і амаль роў ад крыўды. У пакоі я агледзеў рану: глупства, драпіна верхняга плечавога мускула. Але за што? За што? З песні слова не выкінеш, напэўна, пасля ўзрушэння апошніх дзён выявіўся ў мяне агульны заняпад нерваў, але я гадзіны дзве літаральна курчыўся ад жаху на сваім ложку. Ніколі б я не падумаў, што чалавек можа быць такім мізэрным смаўжом. Я ледзь не плакаў.Прыпомнілася папярэджанне, крокі ў калідоры, жахлівы твар у акне. Блакітная Жанчына, бег па верасовых пустках, гэты стрэл у спіну.Заб’юць, неадменна заб’юць. Мне здавалася, што цемра глядзіць на мяне нябачнымі вачыма нейкай пачвары, што вось нехта падкрадзецца зараз і схопіць. Сорамна сказаць, але я накінуў коўдру на галаву, каб не схапілі з боку падушкі, як быццам коўдра магла абараніць. І мімаволі невядома адкуль з’явілася подленькая думка: “Трэба ўцякаць. Ім лёгка на мяне пакладацца. Няхай самі разбіраюцца з гэтымі агідамі і з гэтым паляваннем. Звар’яцею, калі яшчэ тыдзень пабуду тут”.Ніякія маральныя крытэрыі не дапамагалі, я калаціўся як асінавы ліст, а калі заснуў, то быў такім выснажаным, быццам век вазіў каменні. Напэўна, калі б прагучалі крокі Малога Чалавека, я б залез у той вечар пад ложак, але таго, на шчасце, не было.Ранак надаў мне мужнасці, я быў надзіва спакойны.Я вырашыў у той дзень пайсці да Бермана, тым больш што гаспадыня яшчэ хварэла. За домам стаялі вялізныя, вышэй чалавека, ужо засыхаючыя лопухі. Праз іх я дабраўся да ганка і пастукаў у дзверы. Мне не адказалі, я пацягнуў дзверы на сябе, і яны адчыніліся. Невялічкі перадпакой быў пусты, вісела толькі паліто Бермана. Я кашлянуў. Нешта зашарудзела ў пакоі. Я пастукаў – голас Бермана сказаў перарывіста:– Х-хто? Заходзь-це.Я ўвайшоў. Берман прыўзняўся з-за стала, тым самым жэстам захінаючы халат на грудзях. Твар яго аж збялеў.– Дзень добры, пан Берман.– С-сядайце, сядайце, калі ласка, – ён замітусіўся так, што мне зрабілася нязручна.“Чаго прыплёўся да яго? Чалавек любіць самоту. Бач ты, як спалохаўся...”А Берман ужо адышоў.– Сядайце, сядайце, шматпаважаны, сядайце, шаноўны пан.Я паглядзеў на крэсла і пабачыў на ім талерку з нейкай недаедзенай стравай і дэсертную лыжку. Берман хутка схапіў яе.– Прабачце, вырашыў задаволіць свой, так бы мовіць, апетыт.– Калі ласка, ешце, – сказаў я.– Што вы, што вы!.. Есці ў прысутнасці гжэчнага пана... Я не магу.