Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Яны абклалі мяне, як харты. Я сеў паклаў нагу на нагу, склаў рукі на грудзях і сказаў спакойна (я быў надта, надта спакойны, такі спакойны, хоць тапіся):– А вы не ведаеце тутэйшых сялян? Яны, так бы мовіць, пакуль што шчырыя манархісты. І я абяцаю вам, калі вы толькі выганіце мяне адсюль – я пайду да іх.Яны аж пазелянелі.– Зрэшты, я думаю, што да гэтага справа не дойдзе. Вось ліст ад асобы самога губернатара, дзе ён прапануе мясцовым уладам падтрымліваць мяне. А вы ведаеце, што бывае за непаслушэнства такім загадам?Пярун над вухам не так бы ўразіў гэту публіку, як звычайны аркуш паперы са знаёмым подпісам. А я, вельмі нагадваючы генерала на падаўленні бунту, павольна цадзіў, адчуваючы, што мая справа паляпшаецца:– Вы што, паляцець з пасады пажадалі?! Я зраблю гэта! А за патуранне дзікім учынкам нейкіх вылюдкаў вы таксама адкажаце!Вочы ў суддзі забегалі.“Ну што ж, – вырашыў я, – хоць які сказ – адзін адказ”.Я паказаў астатнім на дзверы. Яны пахапцам выйшлі з пакоя. Я добра бачыў у вачах суддзі боязь, як у зацкаванага тхара, бачыў і яшчэ нешта прыхаванае, злоснае. Я падсвядома быў упэўнены зараз, што ён звязаны з таямніцай дзікага палявання, што выратавацца ён можа толькі ў тым выпадку, калі я загіну, што зараз паляванне пачне паляваць на мяне, бо гэта пытанне іхняга жыцця, і я, магчыма, яшчэ сёння атрымаю кулю ў спіну, але шалёная злосць, ярасць, нянавісць сціснулі мне глотку. Я зразумеў, чаму нашых продкаў звалі шалёнымі і казалі, што яны б’юцца нават мёртвымі.Я зрабіў крок, схапіў чалавечка за шкірку, выцягнуў з-за стала і падняў у паветра. Патрос.– Хто?! – раўнуў я і сам адчуў, як збялелі мае вочы.Ён надзіва правільна зразумеў маё пытанне.– А-вой! Не ведаю, не ведаю, пане. Ох, што мне рабіць? Яны заб’юць мяне, заб’юць.Я шпурнуў яго на падлогу і схіліўся над ім:– Хто?!– Пане, пане. Ручкі-ножкі пацалую, не трэба...– Хто?!– Я не ведаю. Ён даслаў мне ліст і пры ім трыста рублёў з патрабаваннем выдаліць вас, бо вы перашкаджаеце. Там быў толькі адзін сказ, і там гаварылася, што ён мае цікавасць да пані Яноўскай, што яму карысна яе смерць або замужаства з ім. І яшчэ там было сказана, што ён малады і моцны і здолее ў выпадку чаго заткнуць маю глотку.Схожасць суддзі з тхаром дапоўнілася раптам яшчэ і смуродам. Я паглядзеў на заліты слязьмі твар гэтай жывёлы і, хоць падазраваў, што ён ведае трохі больш, чым кажа, з гідлівасцю адштурхнуў яго. Не мог я пэцкаць рукі аб гэтага... Не мог. Іначай згубіў бы павагу да сябе назаўжды.– Вы яшчэ адкажаце за гэта, – кіўнуў я ад дзвярэй. – І такой агідзе падпадаюць пад час суда людзі! Бедныя мужыкі!...Я ехаў па дарозе праз лес і меркаваў аб усім, што здарылася. Гэта было зараз больш-менш лёгка, усё, здаецца, ставала на месцы. Вядома, натхніцель палявання не Дубатоўк: якая яму выгада, ён не спадчыннік Яноўскай. І не ахмістрыня. І не няшчасная вар’ятка ў сядзібе Кульшаў. Я перабраў усіх, нават тых, на каго нельга было і падумаць, бо стаў вельмі недаверлівы. Злачынец малады, яму карысная або смерць Яноўскай,або шлюб з ёй. Значыцца, ён мае нейкае права на спадчыну. Гэты чалавек, як падазраваў Свеціловіч, быў на бале ў Яноўскіх, ён неяк уплываў на Кульшу.Толькі два чалавекі адпавядалі ўсяму гэтаму: Варона і Берман. Але чаму Варона так па-дурному трымаў сябе са мною? Не, хутчэй за ўсё гэта Берман. Ён ведае гісторыю, ён мог натхняць нейкіх бандзюкоў на гэта. Трэба толькі даведацца, якая яму карысць ад смерці Яноўскай.