Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Але хто такія Малы Чалавек і Блакітная Жанчына Балотных Ялін? Галава мая круцілася, і ўвесь час стаяла ў ёй тое самае слова. “Рука...” “Рука...” Чаму рука? Вось-вось прыпомню... Не, зноў адляцела. Ат, цёмная душа... Ну што ж, трэба шукаць дрыкгантаў і ўвесь гэты маскарад. І хутчэй.

Раздзел пятнаццатыУ той вечар з’явіўся Рыгор, увесь перапэцканы брудам, потны і стомлены. Пахмура сядзеў на пяньку перад палацам.– Схованка ў лесе, – буркнуў нарэшце. – Сёння я даведаўся, што акрамя той сцежкі, дзе я тады вартаваў, ёсць другая, з поўдня. Толькі яна на локаць пад тванню. Я зайшоў у самую пушчу, але тут нарваўся на непраходную межытоку. І не адшукаў слядоў праз яе... Разы два ледзь не ўтапіўся. Залез на верхавіну самай вялікай хвоі і бачыў на тым баку вялізную галявіну і сярод хмызоў і дрэў страху нейкай вялікай будыніны. І дымок. І адзін раз у тым баку загігатаў конь.– Трэба будзе пайсці туды, – заўважыў я.– Не, толькі без глупстваў. Там будуць мае людзі. І няхай пан прабачыць, але калі мы спаймаем гэтых паршыўцаў, мы зробім з імі як з канакрадамі.Твар яго з-пад доўгіх касмылёў глядзеў на мяне з нядобрай усмешкаю:– Мужыкі церпяць, мужыкі даруюць, мужыкі ў нас святыя. Але тут я сам патрабую, каб з гэтымі... як з канакрадамі: прыбіць асінавымі цвікамі да зямлі рукі і ногі, а пасля такі самы кол, толькі большы, – у задні праход, да самага нутра. І ад хат іхніх нават жарынкі не пакіну, усё пушчу попелам, каб духу нават... каб духу іхняга смярдзючага не засталося. – Падумаў і дадаў: – І ты сцеражыся. Можа, і ў тваёй душы калісьці панскі дух зашыбуе. Тады і з табою так... пане.– Дурань ты, Рыгор, – холадна працадзіў я. – Свеціловіч таксама панам быў, а ўсё сваё кароткае жыццё вас, ёлупняў, ад прагнай шляхты ды пыхатых суддзяў абараняў. Чуў, як над ім лямантавалі? І я магу так загінуць... за вас. Маўчаў бы лепей, калі Бог розуму пазбавіў.Рыгор крыва пасміхнуўся, пасля дастаў аднекуль са світкі канверт, такі скамечаны, быццам яго з ваўчынай зяпы выцягнулі.– Добра, не крыўдуй... Вось табе ліст. У Свеціловіча тры дні як ляжыць, бо так на канверце... І паштар казаў, што сёння занёс табе да Балотных Ялін яшчэ і другі. Бывай, заўтра прыйду.Я на месцы раздзёр канверт. Ліст быў ад вядомага знаўцы мясцовай генеалогіі з губерні, да якога я пісаў. І ў ім быў адказ на адно з самых важлівых пытанняў: “Шматпаважаны гасудар мой, пан Беларэцкі. Дасылаю вам звесткі пра чалавека, якім вы цікавіцеся. Нідзе ў генеалагічных маіх спісках, як і ў аксамітных кнігах, пра даўнасць роду Берманаў-Гацэвічаў я не знайшоў. Але ў адным старым акце я натрапіў на звестку, не пазбаўленую цікавасці. Выяўляецца, што ў 1750 годзе ў справе вядомага вальнадумца Нямірыча ёсць звестка пра нейкага Бермана-Гацэвіча, які быў за ганебныя ўчынкі вырачаны на баніцыю – выгнанне за межы былога каралеўства польскага і пазбаўлены шляхецкіх правоў. Гэты Берман быў зводным братам Яраша Яноўскага, што насіў мянушку “Схізмат”. Вы павінны ведаць, што са зменаю ўлады старыя выракі пазбаўлены чыннасці, і Берман, калі гэта нашчадак таго Бермана, можа прэтэндаваць на прозвішча “Яноўскі”, калі галоўная галіна гэтага сямейства згасне. Прыміце запэўненне...” і г.д.Я стаяў як аслупянелы і ўсё перачытваў радкі ліста, хоць ужо моцна сцямнела і літары расплываліся перад маімі вачыма.– Ч-чорт!.. Усё ясна. Берман, наследнік Яноўскай, агідны мярзотнік, адмысловы нягоднік.