Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– За што ён так ненавідзіць гэтага Беларэцкага? – спытаў той, каго клікалі Пацуком.– Думаю, за тое, што Беларэцкі хоча ажаніцца з Яноўскай. А тады палац з рук Лікола ўцячэ.– Ды нашто ён яму, гэта ж трухлявая труна, а не будынак.– Ну, гэта ты не кажы. Для Яноўскіх ён карысці не дае, гэта валоданне роду, а вось для старонняга гэта каштоўнасць. Да таго ж, ён любіць старажытнасць, спіць і бачыць сябе гаспадаром вялізнага замка, як продкі.Яны памаўчалі, пасля пыхкнуў агеньчык, і да мяне пачалі паўзці сівыя кучары тытунёвага дыму. Я разумеў ужо, што пада мною стаяць шляхцюкі. Дрэнная мясцовая мова, якая зрабілася грубай ад барбарызмаў польскага паходжання, так і рэзала вуха. Галасы здаваліся мне знаёмымі.– Мне здаецца, – буркнуў адзін пасля працяглага маўчання, – што тут яшчэ адна прычына: хлопы.– Маеш рацыю. Калі заб’ём яшчэ і гэтага, яны прыціхнуць, як мышы пад венікам. А то дужа нахабныя сталі. Нядаўні бунт, пасля забойства ўпраўляючага Гарабурды. Глядзяць нахабна. І асабліва сапсаваліся пасля прыезду Свеціловіча. Месяц пражыў тут, падла, а нашкодзіў нам горш за пажар. Чатырох хлопаў з рук суда выдраў, паскардзіўся на двух дваран. А калі гэты Беларэцкі прыехаў – зусім дрэнна стала. Сядзіць у хлопскіх хатах, запісвае дурныя байкі, ляпае па плячы. Ну, нічога, папрыціхнуць гэтыя хамы, калі мы таго здрадніка шляхты прыдушым... Толькі трэба будзе яшчэ даведацца, хто правадыр гэтых нахабнікаў. Я яму не дарую маіх спаленых стагоў.– А мне здаецца, што я ведаю, хто гэта. Гэта Кульшаў вартаўнік Рыгор. Гэткая нахабная мыса, як у ваўка. І павагі да цябе ніякай.– Нічога, рыгнецца і яму.Зноў памаўчалі. Пасля адзін сказаў:– А ведаеш, Яноўскую шкада. Такую жанчыну давесці да вар’яцтва або забіць – глупства. Такім калісь ногі цалавалі. Памятаеш, як яна на бале ў даўняй сукні лебедзем плыла. Ух-х!– Ды і пан шкадуе, – дабавіў другі. – Але што зробіш.І раптам зарагатаў.– Чаго ты?– Не таго мы мякнулі. Не шанцуе нам, а яму яшчэ горш. Ты памятаеш, як Раман крычаў, калі яго ў дрыгву загналі, казаў, што з-за труны нас выдасць. Аж, бачыш, маўчыць.І яны пайшлі ад дрэва. Я чуў яшчэ толькі, як Пацук сказаў басам:– Нічога, хутка і да гэтага наведаемся.Я саслізнуў з дрэва зусім нячутна і рушыў за імі. Бязгучна ступалі мае ногі па траве, там-сям я нават плазаваў. І, вядома, я зноў выявіўся дурнем, бо забыўся на тое, што ў іх маглі быць коні. Яны зайшлі за грыўку хмызнякоў, прыцішыў крокі, баючыся нарвацца на іх, а праз хвіліну пачуў пошчак падкоў.Калі я выдраўся на дарогу, я пабачыў даволі далёка два цені, якія шалёна гналі коней ад крыжа Рамана на паўдзённы ўсход.Думкі мае былі невясёлыя: даведаўся, што яны палююць за Яноўскай і за мною, што літасці чакаць нельга, выпусціў двух бандзюкоў ды яшчэ так жорстка памыліўся ў Бермане. І сапраўды, я пераканаўся ў тым, што ён цёмны чалавек, што ён ускрыў мой ліст і чагосьці пайшоў да месца, дзе і дастаў смерць. І самы факт гэтай смерці закрыў ад мяне ўсе астатнія яго правіны. Але размова дала многа цікавага, і, перш за ўсё, я ведаў зараз аднаго з дзікіх паляўнічых. Гісторыя са спаленымі стагамі выдала яго. Стагі спалілі за апошнія дні ў шляхцюка Маркі Стахевіча, якога я бачыў на гулянцы ў Дубатоўка. І гэты чалавек быў тады секундантам Вароны. Няхай я памыліўся ў Бермане, але ў Вароне я не памыляюся, здаецца. І ён будзе мой. Зараз трэба толькі больш рашучасці...