Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

А позна ўначы дзікае паляванне караля Стаха з’явілася зноў. Зноў выў, галасіў, плакаў нечалавечы голас:– Раман у дваццатым калене, выходзь! Мы прыйдзем! Мы скончым! Мы адпачнём пасля! Раман! Раман!І зноў я, схаваўшыся за ганкам, страляў у лятучыя цені коннікаў, якія мільгалі ў самым канцы залітай месячным дымам алеі. Калі я стрэльнуў першы раз – коні кінуліся ў гушчар і зніклі, як быццам іх ніколі не было. Гэта было падобна на жахлівы сон.Трэба было канчаць. Я прыпомніў словы Маркі Стахевіча, якія той сказаў пад дрэвам, наконт абяцання Рамана выдаць забойцаў пасля смерці і падумаў, што, можа, Раман пакінуў у хаце ці на месцы сваёй смерці нейкі доказ, які прагледзелі тады нават арліныя вочы Рыгора.І калі Рыгор прыйшоў, мы рушылі з ім да месца забойства Рамана. Я добры хадок, але ледзь паспяваў за гэтай доўгай фігурай. Рыгор ішоў, як здавалася, павольна, але гэта была не павольнасць, а размеранасць рухаў. І ногі ён ставіў не так, як звычайныя людзі, а наскамі ўнутр: так ходзяць усе прыроджаныя паляўнічыя, і заўважана, што гэта робіць кожны іхні крок даўжэй прыблізна на дзюйм.Па дарозе я сказаў яму, што чуў размову Маркі Стахевіча з нейкім Пацуком, і Рыгор злосна буркнуў:– Людзі Вароны, – а пасля дадаў: – А мы думалі, што “Лікол...” гэта пачатак прозвішча. Пан не так распытваў. “Лікол” – гэта, відаць, мянушка. Трэба спытаць, каго клікалі так, у пані Яноўскай. Калі ведалі гэтую мянушку Свеціловіч і нават Берман, значыцца, яна таксама павінна ведаць.– Я пытаў у яе.– Ты пытаў у яе прозвішча, ды і яшчэ пачатак яго, а не мянушку.Так мы дайшлі да славутага і двойчы апісанага мною месца, дзе застыў у багне бацька Надзеі Раманаўны. Мы пераварушылі ўсю сухую траву, хоць глупствам было б шукаць тут нешта пасля двух год.І нарэшце падышлі да таго месца, дзе невялікі абрыўчык раптам узносіў лугавіну над дрыгвой.– Тут, – сказаў Рыгор.Над самым абрывам тырчаў з зямлі невялікі стаўбур, уломак ад дрэва, якое калісьці расло тут. Карані яго, як магутныя змеі, апляталі абрыўчык, спускаліся ў дрыгву, быццам жадаючы напіцца, або проста віселі ў паветры.– Ці рукі Рамана былі над паверхняй дрыгвы? – спытаў я.Цяжкія павекі Рыгора апусціліся, ён прыпамінаў:– Так, былі. Правая была нават выцягнутая, ён, відаць, хацеў ухапіцца за корань, але не дацягнуўся.– А можа, проста кінуў нешта туды, пад карэнні, дзе, бачыш, яміна?– Давай паглядзім.І мы, трымаючыся за карэнне і збіваючы пазногці зямлёй, злезлі амаль да самай дрыгвы, ледзь трымаючыся на маленькіх слізкіх прыступках, што былі на стромым адхоне. Пад карэннямі сапраўды была яміна, але там нічога не было. Расчараваны, я збіраўся быў лезці наверх, але Рыгор спыніў мяне:– Ёлупы мы. Калі там сапраўды штосьці ёсць, дык гэта пад глейкай. Ён мог кінуць, але ж два гады мінула, скляпенне гэтай пячоркі асыпалася і пахавала тое... тую рэч.Мы пачалі драпаць пальцамі ўбіты глей, высыпаць яго з пячоркі, і – хочаце верце, хочаце не – хутка пальцы мае натрапілі на штосьці цвёрдае. На далоні маёй ляжаў партабак з “птушынага вока”. Больш у пячорцы нічога не было.Мы выдрапаліся на лугавіну і асцярожна абчысцілі з партабака руды глей, перамешаны з глінай. У партабакуляжаў шматок белай матэрыі, выдраны, відаць, зубамі. І на гэтай анучцы былі невыразныя рудыя літары: “Варона забі...”Я знізаў плячыма. Чорт ведае, што гэта было! Ці сведчанне, што Рамана забіў Варона, ці просьба да Вароны забіць кагосьці. Рыгор паглядзеў на мяне халоднымі вачыма.